Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Блазан (у т-ры) 2/354; 9/544; 11/132
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БЛА́ЗАН,
1) прыбліжаны манарха ці феадала, які павінен быў весяліць гаспадара і гасцей. Паявіліся ў Зах. Еўропе ў 15 ст. У Рэчы Паспалітай вядомы з канца 15 ст., у Расіі — з пач. 18 ст. 2) Дзейная асоба, камічны персанаж стараж. спектакляў школьнага і нар. (гульні-паказы, батлейка) т-раў, нар. драмы. Выканаўца ролі блазна меў звычайна яркі, стракаты касцюм, у руках трымаў ляльку з бразготкамі.
3) Персанаж у творах У.Шэкспіра, П.Кальдэрона і інш., у бел. драматургіі — К.Марашэўскага, Е.Міровіча і інш.
У.Уладамірскі ў ролі Блазна ў спектаклі «Каваль-ваявода» Е.Міровіча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕНГІБА́РАЎ (Леанід Георгіевіч) (15.3.1935, Масква — 25.7.1972),
расійскі артыст цырка, клоун-мім. Нар.арт. Арменіі (1971). Скончыў вучылішча цыркавога мастацтва ў Маскве (1959). Вобраз-маска артыста — летуценны блазан, дзіця і паэт у душы. Выступаў на эстрадзе з «Вечарамі пантамімы», распрацоўваў ідэю «аўтарскай клаунады». Аўтар сваіх нумароў, кінасцэнарыяў, кароткіх навел і прытчаў. Здымаўся ў кіно: «Шлях на арэну», «Цені забытых продкаў», «На манежы — юнацтва», «Знаёмцеся — Леанід Енгібараў» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛЮЦЕ́НКА (Дзмітрый Емяльянавіч) (21.2.1899, г. Славянск Данецкай вобл., Украіна — 25.1.1966),
украінскі акцёр. Нар.арт.СССР (1960). Сцэн. дзейнасць пачаў у аматарскіх гуртках. З 1923 і з 1936 акцёр Драм.т-ра імя І.Франко ў Харкаве, у 1927—36 — Харкаўскага драм.т-ра імя Т.Шаўчэнкі. Творчасць вызначалася псіхал. распрацоўкай вобразаў, пластычнай выразнасцю і эмацыянальнасцю выканання роляў: Пузыр, Калітка («Гаспадар», «Сто тысяч» І.Карпенкі-Карага), Мікола Задарожны («Выкрадзенае шчасце» Франко), Часнок («У стэпах Украіны» А.Карнейчука), Ваявода («Вяселле Свічкі» І.Качаргі), Шуйскі («Барыс Гадуноў» А.Пушкіна), Блазан («Кароль Лір» Ў.Шэкспіра) і інш. Здымаўся ў кіно: «Багдан Хмяльніцкі» (1941), «Подзвіг разведчыка», (1947), «Тарас Шаўчэнка» (1951), «Сон» (1964), «Наш сумленны хлеб» (1965) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРКІСЬЯ́Н (Віктар Уладзіміравіч) (н. 6.2.1947, г. Каменск-Шахцінскі Растоўскай вобл., Расія),
бел. артыст балета, балетмайстар. Нар.арт. Беларусі (1975). Скончыў Бел. харэагр. вучылішча (1967), Мінскі ін-т культуры (1982). У 1967—87 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, адначасова ў 1983—85 гал. балетмайстар Дзярж.т-рамуз. камедыі Беларусі; з 1967 выкладчык (з перапынкамі) Бел. харэагр. каледжа, у 1993—95 — Бел. ун-та культуры. Танец С. адметны пластычнай выразнасцю. моцнай экспрэсіяй, віртуознай тэхнікай, вял. скачком. Шырокі творчы дыяпазон дазваляў ствараць рознахарактарныя вобразы. Сярод лепшых роляў у балетах бел. кампазітараў: Іван, Філіп («Альпійская балада», «Тыль Уленшпігель» Я.Глебава), Юнак («Пасля балю» Г.Вагнера), у спектаклях класічнага і сучаснага рэпертуару: Базіль («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Блазан і Ротбарт («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Крас («Спартак» А.Хачатурана), Нуралі («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Д’ябал («Стварэнне свету» А.Пятрова), Тарэра («Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ — Р.Шчадрына), Чыпаліна («Чыпаліна» К.Хачатурана), Блазан («Папялушка» С.Пракоф’ева). Паставіў танцы: да опер «Казкі Гофмана» Ж.Афенбаха і «Кавалер руж» Р.Штрауса ў Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі; балета «Паненка і хуліган» Дз.Шастаковіча, аперэт «Судны час» Р.Суруса, «Фраскіта» Ф.Легара, «Дзяніс Давыдаў» А.Мдывані, мюзікла «Шклянка вады» У.Кандусевіча, спектакля-бенефісу — «Зоркі тэатра ззяюць для Вас» у Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі; спектакляў «Паўлінка» паводле Я.Купалы, «Валенсіянскія вар’яты» паводле Лопэ дэ Вэгі, «Тэатр — маё каханне» паводле У.С.Моэма ў Нац. т-ры імя Я.Купалы і «Сказ пра Гаўрылу з-пад Полацка» ў Нац. т-ры імя Я.Коласа і інш.драм. т-рах Беларусі, а таксама ў кіно («Восеньскі падарунак фей», «Гульня ўяўлення») і інш. Лаўрэат 1-га Міжнар. конкурсу артыстаў балета (1969, Масква).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́НКА ((Cranko) Джон) (15.8.1927, г. Рустэнбург, Паўд.-Афр. Рэспубліка — 26.6.1973),
англійскі артыст балета, балетмайстар. Вучыўся ў балетнай школе Кейптаўнскага ун-та (1942—46), у 1946 у школе трупы «Сэдлерс-Уэлс бале» (з 1957 Каралеўскі балет Вялікабрытаніі), з 1946 саліст гэтай трупы. Творчасць К.-танцоўшчыка вылучалася ўменнем харэагр. сродкамі перадаць змест, раскрыць характары персанажаў. З 1961 узначальваў Штутгарцкі балет. Сярод пастановак: у Каралеўскім балеце — «Дама і блазан» на муз. Дж.Вердзі (1954), «Прынц пагад» на муз. Б.Брытэна (1957); у Штутгарцкім балеце — «Анегін» на муз. П.Чайкоўскага (1965), «Утаймаванне свавольніцы» на муз. К.Х.Штольцэ (па матывах Д.Скарлаці; 1969), «Паэма экстазу» на муз. А.Скрабіна (1970), «Кармэн» на муз. Ж.Бізэ (1971), «Ініцыялы Р.Б.М. Э.» на муз. І.Брамса (1972), «Сляды» на муз. Г.Малера (1973).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРТЫ́НАЎ (Георгій Раманавіч) (н. 28.8.1925, г. Іванава, Расія),
бел. артыст балета. Засл. арт. Беларусі (1955). Скончыў Бел. харэаграфічнае вучылішча (1954). З 1948 у Іванаўскім т-ры муз. камедыі. З 1952 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, з 1963 2-і балетмайстар Дзярж. ансамбля танца Беларусі; у 1967—75 саліст балета Бел. філармоніі. Выконваў пераважна партыі характарнага плана: Хмель («Палымяныя сэрцы» В.Залатарова), Мацей і бацька Анежкі («Падстаўная нявеста» і «Святло і цені» Г.Вагнера), Блазан і Кот у ботах («Лебядзінае возера» і «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага) і інш. Танец М. вызначаўся пластычнай выразнасцю і артыстызмам. Паставіў шэраг эстр. харэаграфічных нумароў, у т. л. «Паўлінка», «Лявоніха», «Перапёлачка»; танцы да драм. спектакляў, у т. л. «Эдзіт Піяф» В.Легентава ў Бел.рэсп. т-ры юнага гледача.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛЕ́НІК (Карп Трафімавіч) (7.6.1811, г. Лепель Віцебскай вобл. — 19.10.1851),
украінскі акцёр, адзін з заснавальнікаў укр.рэаліст.т-ра 1-й пал. 19 ст. Вучыўся ў Віленскім ун-це. Дэбютаваў у 1832 у Харкаве, працаваў таксама ў Кіеве, Адэсе і інш. гарадах, у т. л. ў 1833—43 у рус.-ўкр. трупе Л.Млаткоўскага. Асаблівага поспеху дасягнуў як выканаўца камічных роляў, найперш ва ўкр. рэпертуары. Яго творчасць высока цанілі М.Шчэпкін (неаднаразова быў яго сцэн. партнёрам), М.Гогаль, Т.Шаўчэнка. Сярод лепшых роляў: Выбарны і Возны, Чупрун («Наталка Палтаўка», «Маскаль-чараўнік» І.Катлярэўскага), Шальменка, Стэцька («Шальменка-дзяншчык» і «Шальменка — валасны пісар», «Сватанне на Ганчароўцы» Р.Квіткі-Аснаўяненкі), Фамусаў («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Хлестакоў, Восіп і Бобчынскі, Качкароў («Рэвізор», «Жаніцьба» М.Гогаля), Блазан («Кароль Лір» У.Шэкспіра).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЫЕНГО́Ф (Анатоль Барысавіч) (6.7.1897, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 24.6.1962),
расійскі пісьменнік. Друкаваўся з 1918. Тэарэтык імажынізму (зб.арт. «Буян-Востраў. Імажынізм», 1920). У творах 1920-х г. вобраз паэта-паяца, прадстаўніка багемы і адначасова шукальніка праўды, бунтара, прарока (паэт.зб-кі «Вітрына сэрца», 1918; «Вершамі фанабэрствую», 1920; «Распуснічаю з натхненнем», «Хмаралёт», абодва 1921; вершаваная гіст. трагедыя «Змова дурняў», 1922, і інш.). Познія вершы адметныя засяроджанасцю, драм. успрыняццем жыцця. Прозе М. ўласцівы кантрастныя вобразы, буйныя планы, сцверджанне высокага праз нізкае. Аўтабіягр. «Раман без хлусні» (1927) пераважна пра сяброўства з С.Ясеніным. Аўтар раманаў «Цынікі» (1928), «Голены чалавек» (1930), п’ес «Блазан Балакіраў» (1940), «Суд жыцця» (1948), «Нараджэнне паэта» (1951, пра М.Лермантава), успамінаў «Маё стагоддзе, мае сябры і сяброўкі» (нап. 1956, выд. пад назвай «Маё стагоддзе, мая маладосць, мае сябры і сяброўкі», 1988), кінасцэнарыяў і інш.
Тв.:
Циники. М., 1990;
Бритый человек. М., 1991;
Неизвестный Мариенгоф: Избр. стихи и поэмы 1916—1962 гг. СПб., 1996.