КРА́НКА ((Cranko) Джон) (15.8.1927, г. Рустэнбург, Паўд.-Афр. Рэспубліка — 26.6.1973),

англійскі артыст балета, балетмайстар. Вучыўся ў балетнай школе Кейптаўнскага ун-та (1942—46), у 1946 у школе трупы «Сэдлерс-Уэлс бале» (з 1957 Каралеўскі балет Вялікабрытаніі), з 1946 саліст гэтай трупы. Творчасць К.-танцоўшчыка вылучалася ўменнем харэагр. сродкамі перадаць змест, раскрыць характары персанажаў. З 1961 узначальваў Штутгарцкі балет. Сярод пастановак: у Каралеўскім балеце — «Дама і блазан» на муз. Дж.Вердзі (1954), «Прынц пагад» на муз. Б.Брытэна (1957); у Штутгарцкім балеце — «Анегін» на муз. П.Чайкоўскага (1965), «Утаймаванне свавольніцы» на муз. К.Х.Штольцэ (па матывах Д.Скарлаці; 1969), «Паэма экстазу» на муз. А.Скрабіна (1970), «Кармэн» на муз. Ж.Бізэ (1971), «Ініцыялы Р.Б.М. Э.» на муз. І.Брамса (1972), «Сляды» на муз. Г.Малера (1973).

т. 8, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)