АЎТАМАТЫ́ЗМ (ад грэч. automatos самадзеючы, самаадвольны),

1) у фізіялогіі — здольнасць клетак, органаў або ўсяго арганізма да рытмічнай дзейнасці без уздзеяння знешніх пабуджальных фактараў. Аснова аўтаматызму — цыклічнасць метабалічных працэсаў у клетках або дзейнасць сістэм узбудлівых клетак (нерв., мышачных). Аўтаматызм актаў паводзін чалавека і жывёл спалучаны з выпрацаваннем дынамічнага стэрэатыпу ўмоўных рэфлексаў, што з’яўляецца асновай прыстасавання арганізма да пастаянных фактараў знешняга асяроддзя. У высокаразвітых жывёл аўтаматызм праяўляецца і ў выглядзе стэрэатыпных дзеянняў (напр., рухі канечнасцяў, шыі, тулава пры хадзе), паслядоўнасць якіх вызначаецца работай адпаведных аддзелаў цэнтральнай нервовай сістэмы.

2) У псіхалогіі — міжвольныя або бессвядомныя дзеянні. Адрозніваюць аўтаматызм «першасны» (міжвольныя дзеянні, што ўзнікаюць у філагенезе, функцыянаванне прыродных, безумоўна-рэфлекторных праграм) і «другасны» (бессвядомыя дзеянні, якія фарміруюцца ў выніку навучання ці індывід. вопыту). Агульныя іх рысы — адсутнасць кантролю свядомасці за спосабам выканання дзеяння. Разузгадненне мэты і выніку дзеяння выклікае пераход кантролю свядомасці з мэты на спосаб выканання дзеяння, але магчымыя памылкі пры паўторным разгортванні свядомай арыенціроўкі звычайна парушаюць аўтаматызм і могуць прывесці да т.зв. «дэзаўтаматызацыі». У норме аўтаматызм з’яўляецца састаўной часткай свядома рэгулюемага дзеяння, самастойнае існаванне аўтаматызму сведчыць аб паталогіі. Вылучаюцца таксама аўтаматызм маторны, моўны і інтэлектуальны. Аўтаматызм, які стаў патрэбнасцю індывіда, наз. прывычкай. Сістэма такіх прывычак вызначае характар, а сістэма аўтаматызму мыслення — стыль мыслення чалавека.

Літ.:

Обшая психология. 2 изд. М., 1986;

Рубинштейн С.Л. Основы обшей психологии. Т. 1—2. М., 1989.

Т.​У.​Васілец (А. у псіхалогіі).

т. 2, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІДЭАЛО́ГІЯ (ад ідэя + ...логія),

сістэма поглядаў і ідэй, у якіх адлюстроўваюцца адносіны людзей да рэчаіснасці. Засн. на веры ў ажыццявімасць сацыяльна значных патрэбнасцей, інтарэсаў і мэт сац. груп, класаў, партый і інш. суб’ектаў грамадскіх адносін. Уласна І. з’яўляюцца рэлігія і філасофія, якія зыходзяць з ідэалізаванага, бясконцага быцця і небыцця; ідэалаг. кампаненты прысутнічаюць у эканам., паліт., эстэт. і інш. поглядах. Тэрмін «І.» ўвёў у навук. ўжытак франц. філосаф і эканаміст А.​Дэсцют дэ Трасі («Элементы ідэалогіі», т. 1—4, 1801—15) для абазначэння навукі аб ідэях як асновы этыкі, маралі і палітыкі. Пазней пад І. сталі разумець не вучэнне пра ідэі, а самі ідэі, погляды, вучэнні, якія валодаюць спецыфічнымі прыкметамі. К.​Маркс і Ф.​Энгельс разглядалі І. як гістарычна зменлівыя погляды, адносілі да іх рэліг. і ідэаліст. вучэнні, сваё філас.-сац. вучэнне. У.​І.​Ленін увёў паняцце навук. І. для характарыстыкі марксізму. Прыхільнікі канцэпцыі дэідэалагізацыі (Р.​Арон, Д.​Бел і інш.) разглядалі І. як суб’ектыўна-прадузятае і адпаведна ненавук. адлюстраванне інтарэсаў розных сац. груп. Прадстаўнікі тэорыі рэідэалагізацыі (Э.​Вінер, О.​Лемберг і інш.) разглядаюць І. як сістэму ідэй, што вызначаюць каштоўнасці цывілізацыі, якія не паддаюцца рацыянальнаму, а значыць, навук. абгрунтаванню. Прыхільнікі канцэпцыі «контркультуры» (Ч.​Рэйч, Т.​Розак) звязвалі І. з праяўленнем ірацыянальных форм свядомасці. Прадстаўнікі «крытычнага рацыяналізму» (Г.​Альберт, Т.​Гайгер) атаясамлівалі І. з каштоўнаснымі суджэннямі і проціпастаўлялі яе «навук. суджэнням аб фактах».

Процістаянне ідэалаг. плыней вядома са старажытнасці. Новай з’явай стала паступовае фарміраванне (з 17 ст.) буйных паліт.-ідэалагічных плыней, якія афармляліся ў вучэнні, паліт. партыі, рухі (кансерватызм, лібералізм, утапічны сацыялізм, марксізм, анархізм, фашызм, народніцтва, сацыял-дэмакратыя і інш.). Характэрнай сучаснай з’явай стала абнаўленне традыц. І., з’яўленне іх некласічных форм: неамарксізму, неалібералізму, неакансерватызму і інш.

І. — кампанент грамадскай свядомасці, аб’ектыўная магчымасць існавання ў грамадстве розных І. Кожная І. прадпісвае сваім прыхільнікам, як трэба безумоўна ўспрымаць свет; у сапраўднасці існуе столькі вераванняў, колькі і «ісцін веры», ні адна з якіх не мае пераваг перад іншай з пункту гледжання аб’ектыўнай рэальнасці. І. здольныя аб’яднаць, мабілізаваць дзеянні сваіх прыхільнікаў, але яны здольныя і раз’ядноўваць людзей, якія прытрымліваюцца розных ідэалаг. поглядаў, ствараць паміж імі канфрантацыю (рэліг. войны, нац. канфлікты). Дэмакр. дзяржава гарантуе розныя светапогляды, у т. л. ідэалаг. плюралізм. У Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь адзначаецца, што дэмакратыя ў краіне ажыццяўляецца на аснове разнастайнасці паліт. ін-таў, 1. і поглядаў, a І. паліт. партый, рэліг. або іншых грамадскіх аб’яднанняў, сац. груп не можа ўстанаўлівацца ў якасці абавязковай для грамадзян.

Г.​А.​Антанюк.

т. 7, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЦЫЯНАЛІ́ЗМ (франц. rationalisme ад лац. rationalis разумны),

філасофскі кірунак, які прызнае розум асновай пазнання і паводзін людзей. Адрозніваюць анталагічны, гнасеалагічны і тэалагічны Р. Паводле анталагічнага Р. быццё разумнае, у яго аснове знаходзіцца разумовы пачатак — «ідэі» ў вучэнні Платона, разумная манада ў дактрыне Г.​Лейбніца, разумнае «Я» ў І.​Фіхтэ, панлагізм Г.​Гегеля, які ўяўляў увесь свет як самаразвіццё абсалютнай ідэі. Гнасеалагічны Р. — адзін з пануючых кірункаў у філасофіі 16—17 ст. Прадстаўлены Р.​Дэкартам, Лейбніцам, Б.​Спінозай, якія лічылі, што безумоўна дакладныя веды могуць быць атрыманы пры дапамозе дэдуктыўных метадаў, найб. моцна развітых у матэматыцы. З іх пункту погляду, вопыт і заснаваны на ім эмпірызм абмежаваны і толькі розум здольны стаць крыніцай ісцін, якія валодаюць уласцівасцямі ўсеагульнасці і неабходнасці, Р. стаў пануючым метадам мыслення эпохі Асветніцтва. У 16—17 ст. распаўсюдзіўся ў працах бел. мысліцеляў Ф.​Скарыны, С.​Буднага, В.​Цяпінскага, Сімяона Полацкага. Ідэі Р. атрымалі развіццё ў вучэнні І.​Канта, які лічыў, што, хаця сапраўдныя веды рэальнага свету «рэчаў у сабе» недасягальныя, можна атрымаць дакладныя веды пра з’явы, феномены ў свеце, якім мы яго пазнаём. Гэта становіцца магчымым дзякуючы таму, што фенаменальны свет асэнсоўваецца ў рамках апрыёрнай структуры, якая ствараецца розумам, напр., апрыёрнымі формамі ўспрыняцця прасторы. У філасофіі Гегеля ў якасці зыходнага першапачатку і сутнасці свету прызнаецца абсалютная ідэя — абсалютны розум, які паслядоўна ператвараецца ва ўласнае быццё напачатку ў форме прыроды, а затым і грамадства і прыходзіць да пазнання самога сябе. У гэтай дактрыне развіццё свету ўяўляецца як чыста лагічны рацыянальны працэс («усё сапраўднае разумнае, усё разумнае сапраўднае»), а яго гнасеалагічны Р. набывае рысы анталагічнага Р. і ператвараецца ў панлагізм. Гегелеўскі Р. паўплываў на К.​Маркса, і фактычна філасофія марксізму рацыяналістычная. На аснове крытыкі гегельянства ў 19 ст. магутнае развіццё атрымліваюць процілеглыя Р. ідэі ірацыяналізму. Поўнасцю Р. не быў адхілены. Уласцівыя яму ідэі, акрамя марксізму, развіваліся ў 20 ст. ў філасофіі неапазітывізму, у вучэннях структуралізму, у сацыялагічных дактрынах М.​Вебера, Ю.​Хабермаса, Т.​Парсанса і інш. Разам з анталагічным і гнасеалагічным у 17 ст. ўзнік і атрымаў развіццё ў 20 ст. тэалагічны Р. (Э.​Жыльсон, Ж.​Марытэн, К.​Ранер і інш.), паводле якога можна прыняць толькі тыя догматы веры, што ўзгадняюцца з логікай і довадамі розуму. Р. наз. таксама ўсеагульную веру ў здольнасць розуму пазнаць і растлумачыць навакольны свет і чалавека ў ім, вырашыць усе праблемы іх узаемадзеяння. Гл. таксама Крытычны рацыяналізм.

Літ.:

Кант И. Критика чистого разума // Соч. М., 1964. Т. 3;

Фейерабенд П. Избр. труды по методологии науки: Пер. с англ. и нем М., 1986;

Памятники философской мысли Белоруссии XVII — первой половины XVIII в. Мн., 1991;

Стереотипы и динамика мышления. Мн., 1993;

Декарт Р. Соч. Т. 1—2. М., 1989—94.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 13, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)