ЧХА́ННЕ,

ахоўны безумоўна-рэфлекторны выдых. Выклікаецца раздражненнем адчувальных нерв. канцоў слізістай абалонкі носа, здзяйсняецца пасля кароткага ўдыху з хуткім кароткачасовым скарачэннем дыхальнай мускулатуры і мышцаў глоткі. Паслядоўнасць рэакцый пры Ч. строга запраграміравана і запускаецца імпульсамі, што ідуць з дыхальнага цэнтра ствала мозга. З выдыхам з поласці носа выдаляецца пыл, слізь і інш. раздражняльныя рэчывы. Учашчанае Ч. з’яўляецца сімптомам захворванняў, што пашкоджваюць рэфлексагенную зону дадзенага рэфлексу (грып, катар, алергічныя захворванні верхніх дыхальных шляхоў).

А.​С.​Леанцюк.

т. 17, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)