Барані Роберт

т. 18, кн. 1, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРА́НЬ,

горад у Беларусі, у Аршанскім раёне Віцебскай вобл., на р. Адроў. Падпарадкоўваецца Аршанскаму гарсавету. За 9 км ад Оршы, на аўтамаб. дарозе Орша—Коханава. 14,4 тыс. ж. (1995). Прадпрыемствы металаапр. і лёгкай прам-сці. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў, магіла ахвяраў фашызму.

Вядома як сяло Барань (потым Старая Барань), што ў 1518 належала кн. К.​І.​Астрожскаму. З 1598 мястэчка Аршанскага пав. У 1-й пал. 17 ст. ў Барані 38 дамоў. У 2-й пал. 19 ст. каля 300 ж., працавалі крухмальны з-д, млын, было нар. вучылішча (адкрыта ў 1871, 31 вучань). У 1873 тут заснаваны драцяна-цвіковы з-д. У 1924—60 цэнтр сельсавета ў Аршанскім раёне. З 1935 рабочы пасёлак. У Вял. Айч. вайну з 16.7.1941 да 27.6.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. З 17.5.1972 горад.

т. 2, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РБАН (Уладзімір Іванавіч) (25.8.1910, г. Барань Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 30.11.1971),

бел. пісьменнік. Засл. дз. культ. Беларусі (1970). Працаваў на заводах у Барані, Ленінградзе, Лідзе, Оршы, у 1952—71 у час. «Вожык» (з 1967 гал. рэдактар). Друкаваўся з 1946. Аўтар баек, сатыр. і гумарыстычных вершаў, вершаваных фельетонаў (зб-кі «Мы іх ведаем», 1950; «Байкі», 1953; «З вецярком», 1957; «Свінні ў рэпе», 1968 і інш.), апавяданняў і гумарэсак (зб. «Да цешчы на бліны», 1963, і інш.), кніг для дзяцей («Янка і санкі», 1957; «Пра жывёл і пра звяроў», «Учора, сёння і заўжды», абедзве 1963; «Суседні двор», 1967, і інш.). Яго творы вылучаюцца актуальнасцю тэматыкі, сатыр. вастрынёй, маст. прастатой. Пераклаў на бел. мову паасобныя творы І.​Крылова, Л.​Украінкі, С.​Алейніка, Т.​Масэнкі і інш.

Тв.:

Шклянка чаю: Выбранае. Мн., 1970;

Выбранае. Мн., 1976;

Дзядзькава крыўда: Апавяданні, гумарэскі, турысцкія замалёўкі. Мн., 1982;

Не на сваім месцы: Байкі. Мн., 1990.

Літ.:

Казека Я. Няходжанай дарогай. Мн., 1973. С. 121—150.

У.І.Корбан.

т. 8, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВАЯ́К (Казімір) (сапр. Стаповіч Канстанцін Мацвеевіч; 19.2.1890, в. Барані Астравецкага р-на Гродзенскай вобл. — 6.5.1926),

бел. пісьменнік. Скончыў Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю (1914). У 1915 пасвячоны ў ксяндза. Абавязкі ксяндза спалучаў з адукацыйна-асветнай работаю: адкрываў бел. школы, збіраў бел. фальклор, казанні ў касцёле гаварыў па-беларуску, за што зазнаў нападкі касцельнай іерархіі. Друкаваўся з 1913. Аўтар публіцыст. трактата аб шкоднасці п’янства «Алкаголь» (1913), п’есы «Янка Канцавы» (1920), зб. вершаў «Мая ліра» (1924), вершаванага апавяд. «Чарку дай, браце» (1926), драм. паэмы «Купалле» (1930), філас. дзённіка «Дзея маёй мыслі, сэрца і волі» (1932). Пісаў вершы, апавяданні, эсэ, філас. эцюды, гумарэскі, публіцыст. артыкулы рэліг. і літ.-крытычнага зместу (нарыс пра Ф.​Багушэвіча, арт. пра аповесць М.​Гарэцкага «Дзве душы») і інш. Найб. раскрыўся ў паэзіі: творы прасякнуты патрыят. думкамі і гуманіст. ідэямі, напоўнены высокай духоўнасцю, ранімай чалавечнасцю, устаноўкай на асветніцтва, пошукамі «найвышэйшай справядлівасці».

Тв.:

У кн.: Ростані волі. Мн., 1990.

Літ.:

Станкевіч А. З жыцьця і дзейнасці Казімера Сваяка. Вільня, 1936;

Калеснік У. Зорны спеў. Мн., 1975;

Стаповіч Б. З успамінаў пра Казіміра Сваяка // Полымя. 1990. № 2.

І.​Э.​Багдановіч.

К.Сваяк.

т. 14, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)