ПАРЛАМЕНЦЁР (франц. parlementaire ад parier гаварыць),
афіцыйная асоба, упаўнаважаная адным з ваюючых бакоў уступіць у перагаворы з другім бокам. Звычай пасылкі П. вядомы са старажытнасці. Прававы статус П. вызначаны Палажэннем да 4-й Гаагскай (1907) канвенцыі аб законах і звычаях сухап. вайны. П. абавязкова павінен мець адметны знак — найчасцей белы флаг. Ён і асобы, што яго суправаджаюць (трубач, гарніст або барабаншчык, перакладчык і той, хто нясе флаг), карыстаюцца правам недатыкальнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУДЖА́ВА (Булат Шалвавіч) (н. 9.5.1924, Масква),
расійскі пісьменнік, аўтар і выканаўца песень. Скончыў Тбіліскі ун-т (1950). Аўтар зб-каў вершаў «Лірыка» (1956), «Астравы» (1959), «Вясёлы барабаншчык» (1964), «Арбат, мой Арбат» (1976), «Песні і вершы» (1989), «Дары лёсу» (1993) і інш. Для іх характэрна зліццё размоўнай і песеннай інтанацый, празаізмаў і патэтыкі. Стваральнік своеасаблівага выканаўчага стылю — аўтарскай песні («Возьмемся за рукі, сябры», «Лёнька Каралёў», «Паўночны тралейбус», «Ах, Арбат, мой Арбат...» і інш.). Напісаў раманы «Падарожжа дылетантаў» (кн. 1—2, 1976—78), «Спатканне з Банапартам» (1983); «Скасаваны тэатр» (1994); аповесці «Будзь здаровы, шкаляр» (1961), «Бедны Аўросімаў» (1969), «Паходжанні Шыпава, ці Старадаўні вадэвіль» (1971).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНЫЯ МУЗЫКА́НТЫ,
народныя выканаўцы-інструменталісты. Вядомы ва ўсіх народаў свету. На Беларусі маюць розныя назвы: збіральныя — музыкі, скамарохі (на Магілёўшчыне), «вясёлыя людзі» (вясельныя музыканты на Гродзеншчыне), у якіх адлюстравана грамадская функцыя Н.м., і канкрэтныя — скрыпач, дудар, цымбаліст, гарманіст, барабаншчык і інш. ад назвы муз. інструмента. Вылучаюцца прафесіяналы і аматары. Н.м.-прафесіяналы абслугоўваюць звычайна вяселлі, хрэсьбіны, бяседы, танцы, ігрышчы; раней суправаджалі і паказы нар.т-ра батлейка, ігралі на кірмашах (лірнікі). Н.м.-аматары музіцыруюць для ўласнай забавы. Асобную групу складаюць пастухі, паляўнічыя (у мінулым і вартаўнікі, званары), дзейнасць якіх мае прыкладное значэнне (у народзе музыкантамі іх не лічаць, а іх інструменты — трубу, рог, дудку, трашчотку, звон — да ўласна муз. інструментаў не адносяць). Мастацтва ігры Н.м. пераймаюць па традыцыі ў сям’і (на Беларусі шмат патомных музыкантаў), спасцігаюць самавукам (нар. вызначэнне — «прыродныя музыкі») або ў славутых нар. музыкантаў-«майстроў» (некат. з іх, напр. А.Свірыдовіч з в. Малая Ганута Чэрвеньскага р-на, стварылі свае мясц. выканальніцкія нар. школы). Часта Н.м. валодаюць некалькімі муз. інструментамі, спалучаюць выканальніцтва з іх вырабам. На Беларусі Н.м. ў асн. мужчыны, але ў апошнія дзесяцігоддзі павялічваецца колькасць музыкантаў-жанчын. Дзейнасць Н.м. спрадвеку звязана з рознымі праявамі жыцця бел. вёскі, пра што сведчаць многія нар. песні, казкі, паданні.
Сярод сучасных Н.м. шмат таленавітых салістаў і ансамблістаў, у т. л. гарманісты К.Зяброў (в. Краснае, Мсціслаўскі р-н), М.Рабіза (г.п. Варапаева, Пастаўскі р-н), А.Свірыдовіч (в. Аляксандраўка, Чэрвеньскі р-н), дудачнікі М.Глушань (пас. Карчаватка, Жыткавіцкі р-н), В.Пратасевіч (г. Узда), В.Швед (в. Глушкавічы, Лельчыцкі р-н), скрыпачы А.Высоцкі і А.Лось (в. Пярэбнавічы, Смаргонскі р-н), М.Ляшчынскі (г.п. Лельчыцы), С.Маленчык (г. Шчучын), М.Тысевіч (в. Аброва, Івацэвіцкі р-н), скрыпач і кларнетыст М.Семянчук (в. Гарадзец, Столінскі р-н), цымбалісты М.Мірон (в. Дзягільна, Дзяржынскі р-н), Л.Мелец (в. Пожарцы, Пастаўскі р-н), І.Шульга (в. Пярэбнавічы), барабаншчыца К.Шэкун (в. Усполле, Мсціслаўскі р-н), выканаўцы на пішчыку І.Піцуха (в. Сіманавічы, Драгічынскі р-н) і парных дудках І.Мураўёў (в. Ластрыгіна, Мсціслаўскі р-н). Іх мастацтва вывучаецца, прапагандуецца ў тэле- і радыёперадачах, этнагр. кіна- і тэлефільмах.
Літ.:
Никифоровский Н.Я. Очерки Витебской Белоруссии. [Ч.] 2. Дудар и Музыка // Этногр. обозрение. 1892. Кн. 13—14, № 2—3;
Назіна І.Дз. Беларускія народныя музычныя інструменты. Мн., 1997.
І.Дз.Назіна.
Да арт.Народныя музыканты. Майстар і выканаўца на дудцы В.С.Пратасевіч (злева); выканаўца на акардэоне і язычковай дудцы А.А.Высоцкі.