БАКТЭРЫЯФА́ГІ

[ад бактэрыі +...фаг(і)],

фагі, вірусы бактэрый, здольныя пашкоджваць бактэрыяльную клетку, размнажацца ў ёй і выклікаць яе разбурэнне (лізіс). Пашыраны ў глебе, раслінных і жывёльных арганізмах. Вылучаюць бактэрыяфагі ўмераныя (не парушаюць жыццядзейнасці пашкоджанай клеткі) і вірулентныя (выклікаюць гібель клеткі). Упершыню апісаны ў 1915. Класічны аб’ект даследаванняў у малекулярнай генетыцы. Выкарыстоўваюць для фагапрафілактыкі і фагатэрапіі інфекцыйных хвароб.

Складаюцца з бялковай абалонкі (капсіда) і ўнутранага змесціва — нуклеінавай кіслаты (ДНК або РНК). Маюць форму сперматазоіда або ніткападобную ці шматгранную. Да вызначанай клеткі прымацоўваюцца з дапамогай хваставых нітак-адросткаў.

т. 2, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫСЕ́ПТЫКА

(ад анты... + грэч. sēptikos гніласны),

комплекс лячэбна-прафілактычных мерапрыемстваў, накіраваных на знішчэнне патагенных мікробаў у пашкоджаных тканках або арганізме ў цэлым, на папярэджанне або ліквідацыю інфекц. запаленчага працэсу. Пры мясцовай антысептыцы антысептычныя сродкі ўплываюць непасрэдна на інфекцыю ў ране, пры агульнай лек. рэчывы дзейнічаюць праз кроў.

У практыцы выкарыстоўваюць мех. (хірург. апрацоўка раны), фіз. (гіграскапічная павязка, ультрагук, ультрафіялетавыя прамяні), хім. (хлорзамяшчальныя злучэнні, к-ты, шчолачы, спірты і інш. рэчывы, якія знішчаюць ці стрымліваюць развіццё мікробаў, актывізуюць ахоўныя сілы арганізма і фагацытоз), біял. (антыбіётыкі, бактэрыяфагі) і спалучаныя метады антысептыкі. У хірург. практыку антысептыку ўпершыню ўвёў англ. хірург Дж.Лістэр (1867).

т. 1, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́РУСЫ

(ад лац. virus яд),

найдрабнейшыя субмікраскапічныя арганізмы няклетачнай будовы, якія складаюцца з нуклеінавай кіслаты і бялковай абалонкі (капсіды). Вірусы — унутрыклетачныя паразіты, якія выклікаюць вірусныя хваробы чалавека і жывёл, а таксама вірусныя хваробы раслін. вірус бактэрый — бактэрыяфагі. Адкрыты рус. вучоным Дз.І.Іваноўскім (1892), пашыраны ўсюды. Апісана каля 500 формаў вірусаў, якія шкодзяць цеплакроўнай жывёле і больш за 600 формаў вірусаў, што заражаюць вышэйшыя расліны. Вірусы існуюць у форме пазаклетачнай віруснай часціцы (вірыёна) і ўнутрыклетачнай (комплекс Вірус — клетка). Размнажаюцца толькі ў жывых клетках арганізма-гаспадара, выкарыстоўваючы іх ферментатыўны апарат. Нуклеінавая кіслата (РНК пераважна ў фітапатагенных вірусах і ДНК — у вірусах, якія шкодзяць чалавеку і жывёле) — носьбіт спадчыннасці і інфекцыйнасці. Форма вірусаў вызначаецца будовай бялковай абалонкі: палачка- або ніткападобная, сферычная, бацылападобная і інш.; памеры ад 15 да 2000 нм і больш. Вывучае вірусы — вірусалогія.

У вірусах адсутнічае ўласны абмен рэчываў і рэпрадукцыя цалкам залежыць ад метабалічнай актыўнасці клетак гаспадара. Пранікаючы ў клетку, яны накіроўваюць працэсы сінтэзу на рэпрадукцыю саміх вірусаў і ўводзяць дапаўняльную генетычную інфармацыю, якая адмоўна ўплывае на метабалізм клетак. У працэсе рэпрадукцыі фітапатагенных вірусаў узнікаюць генетычна змененыя формы (штамы), што мае вял. значэнне ў эвалюцыі. Вірусы раслін распаўсюджваюцца мех. шляхам, пыльцой, насеннем, з пасадачным матэрыялам, натуральнымі пераносчыкамі (нематодамі, тлямі, грыбамі і інш.).

Літ.:

Биология вирусов животных: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1977;

Гиббс А.,Харрисон Б. Основы вирусологии растений: Пер. с англ. М., 1978;

Власов Ю.И., Ларина Э.И. Сельскохозяйственная вирусология. М., 1982.

Ж.В.Блоцкая.

т. 4, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)