ДЭЗІНФЕ́КЦЫЯ (ад дэз... + інфекцыя),
спосабы поўнага ці выбіральнага знішчэння патагенных для чалавека і жывёл мікраарганізмаў на шляху перадачы ад крыніцы інфекцыі да здаровага арганізма. Робяць Д. хім. рэчывамі (дэзінфетантамі), фіз. (кіпячэнне, абпальванне, ультрафіялетавым і радыяцыйным выпрамяненнем і інш.) і біял. (бактэрыяфагі, фільтры) дэзінфекцыйнымі сродкамі. У ачагах інфекцыі (бальніцы, дзіцячыя і грамадскія ўстановы) робяць прафілактычную Д., калі ёсць хворы ці бактэрыяносьбіт — бягучую Д., пасля іх выдалення з памяшкання — заключную Д. У ветэрынарыі аб’ектамі Д. з’яўляюцца жывёлагадоўчыя памяшканні, прадметы догляду за жывёлай, збруя, трансп. сродкі для перавозкі жывёл і прадуктаў жывёльнага паходжання, месцы забою жывёл, перапрацоўкі і захавання прадуктаў жывёльнага паходжання, рыбагасп. вадаёмы, гной.
А.П.Красільнікаў.
т. 6, с. 327
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)