НІТРАБЕНЗО́Л, мірбанавы алей,

найпрасцейшае араматычнае нітразлучэнне, C6H5NO2. Зеленаватая алеепадобная вадкасць з пахам горкага міндалю, шчыльн. 1203,7 кг/м³, tпл 5,85 °C, tкіп 211,03 °C. Змешваецца з арган. растваральнікамі, маларастваральны ў вадзе. Атрымліваюць нітраваннем бензолу сумессю канцэнтраваных азотнай і сернай кіслот. Выкарыстоўваюць у вытв-сці аніліну, араматычных азотзмяшчальных рэчываў (напр., азабензолу, бензідыну, хіналіну), як растваральнік і кампанент паліравальнай сумесі для металаў. Атрутны, усмоктваецца скурай, уздзейнічае на ц. н. с., печань, парушае абмен рэчываў, акісляе гемаглабін да метгемаглабіну, ГДК 3 мг/м³.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 11, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРАВУГЛЯРО́Д вугляроду дысульфід,

злучэнне серы з вугляродам, CS2.

Бясколерная вадкасць з прыемным пахам, шчыльн. 1263 кг/м³ (20 °C), tкіп 46,24 °C. На святле часткова раскладаецца, таму жаўцее і пачынае смярдзець. Сумесь пары С. з паветрам (1,25—50% С. па аб’ёме) выбухованебяспечная (захоўваюць С. пал слоем вады). Дрэнна раствараецца ў вадзе; неабмежавана змешваецца з дыэтылавым эфірам, этанолам, хлараформам, добра растварае тлушчы, алеі, смолы, каўчукі, серу, фосфар, ёд. Пры награванні (t > 150 °C) раскладаецца вадой з вылучэннем серавадароду. У прам-сці атрымліваюць узаемадзеяннем пары серы з метанам (прыродным газам) пры 500—700 °C у прысутнасці сілікагелю або з драўняным вугалем пры 750—1000 °C. Выкарыстоўваюць у вытв-сці віскозы і фунгіцыдаў, для вулканізацыі каўчуку, як растваральнік, экстрагент. Атрутны, пашкоджвае нервовую і сардэчна-сасудзістую сістэмы; ГДК у атм. паветры 0,005 мг/м³.

т. 14, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРАВАДАРО́Д,

найпрасцейшае хім. злучэнне серы з вадародам, H2S.

Бясколерны газ з пахам тухлых яек, шчыльн. 1,538 кг/м³, tкіп -60,35 °C. Раствараецца ў вадзе; водны раствор С. — серавадародная кіслата H2S — слабая двухасноўная к-та, якая ўтварае солі гідрасульфіды і сульфіды. Сумесі С. з паветрам (4,5—45,5% С. па аб’ёме) выбухованебяспечныя. Пры награванні ў вільготным паветры С. узаемадзейнічае з большасцю металаў і іх аксідаў з утварэннем сульфідаў металаў. Моцны аднаўляльнік; моцнымі акісляльнікамі (азотная к-та, хлор) С. акісляецца да сернай кіслаты. С. ёсць у нафтавых і вулканічных газах, у вадзе некат. мінер. крыніц і лячэбных гразях; утвараецца пры раскладанні бялкоў. У прам-сці атрымліваюць як пабочны прадукт пры ачыстцы нафты, прыродных і прамысл. газаў. Выкарыстоўваюць пераважна для вытв-сці серы і сернай к-ты, а таксама для атрымання сульфідаў і сераарган. злучэнняў, у аналіт. хіміі. Атрутны, пашкоджвае слізістыя абалонкі, органы дыхання; ГДК у атм. паветры 0,008 мг/м³.

т. 14, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЁД (лац. Iodum),

I, хімічны элемент VII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 53, ат. м. 126,9045, адносіцца да галагенаў. У прыродзе 1 стабільны ізатоп ​127І. У зямной кары 4∙10​−5% па масе, уласныя мінералы (напр., ёдаргірыт AgI) сустракаюцца рэдка. Прамысл. колькасць Ё. маюць падземныя воды нафтавых і газавых радовішчаў (0,01—0,1 кг/м³), салетравых адкладаў (да 1%). Мікраэлемент неабходны для жыццядзейнасці жывёл і чалавека. Адкрыты ў 1811 франц. хімікам-тэхнолагам Б.​Куртуа.

Ё. — чорна-фіялетавыя крышталі з метал бляскам, tпл 113,5 °C, шчыльн. 4940 кг/м³ (20 °C). Лёгка ўтварае фіялетавую пару (адсюль назва — грэч. iōdēs фіялетавы), пры награванні сублімуе. Раствараецца ў бензоле, этаноле, эфіры, серавугляродзе, водных растворах ёдыдаў металаў; дрэнна — у вадзе. З кіслародам, серай, азотам непасрэдна не рэагуе. З фторам, хлорам, бромам утварае міжгалагенныя злучэнні (напр., Ё. пентафтарыд IF5, цяжкая вадкасць, шчыльн. 3210 кг/м³, Ё. трыхларыд ICl3, жоўтыя крышталі, раскладаюцца пры 64 °C), з водным растворам аміяку — выбуховы ёдзісты азот NI3. Вядомы шэраг кіслародзмяшчальных злучэнняў Ё. (напр., пентааксід дыёду I2O5, бясколерныя крышталі, раскладаюцца пры 300 °C; ёднаватая кіслата і інш.). Пры награванні ўзаемадзейнічае з вадародам (гл. Ёдзісты вадарод) і многімі металамі. Атрымліваюць з буравых вод акісленнем ёдыдаў хлорам. Выкарыстоўваюць для ёдыднага рафінавання металаў (тытану, цырконію і інш.), як каталізатар у арган. сінтэзе, у медыцыне як антысептык і антытырэоідны сродак, радыеактыўныя ізатопы (​125I, ​131I, ​132I) для дыягностыкі і лячэння захворванняў шчытападобнай залозы. Атрутны, пара раздражняе слізістыя абалонкі, ГДК у паветры 1 мг/м³.

І.​В.​Боднар.

т. 6, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІНЕ́Ц, плюмбум (лац. Plumbum),

Pb, хімічны элемент IV групы перыяд. сістэмы, ат. н. 82, ат. м. 207,2. Прыродны складаецца з 5 стабільных ізатопаў: ​202Pb (сляды), ​204Pb (1,5%), ​206Pb (23,6%), ​207Pb (22,6%) і ​208Pb (52,3%). Ізатопы С. з масавымі лікамі 206—208 — канчатковыя прадукты натуральных радыеактыўных радоў. У зямной кары 1,6∙10​−3% па масе. Найважн. мінерал — галеніт (гл. Свінцовыя руды). Вядомы са стараж. часоў. У 3—2-м тыс. да н.э. ў Месапатаміі і Егіпце са С. выраблялі статуі, пячаткі, прадметы хатняга ўжытку, таблічкі для пісьма. Старажытнаслав. назва С. — олово. Захавалася ў чэш. (Olovo), польскай (olów), укр. (олово) і некат. інш. славянскіх мовах. У бел. мове назва С. — волава захоўвалася да сярэдзіны 20 ст. (адсюль назва «аловак»).

Мяккі пластычны цяжкі метал сінявата-шэрага колеру, шчыльн. 11341,5 кг/м³ (20 °C), tпл 327,5 °C (адзін з легкаплаўкіх металаў), tкіп 1751 °C Для С. характэрны дыямагнетызм, пры т-ры 7,19 К становіцца звышправадніком. У паветры метал. С. набывае шэры колер, што абумоўлена ўтварэннем тонкай плёнкі аксіду PbO (гл. Свінцу аксіды), якая ахоўвае метал ад далейшага акіслення. Пры пакаёвай т-ры не ўзаемадзейнічае з разбаўленымі сернай і салянай к-тамі; раствараецца ў разбаўленай азотнай і воцатнай к-тах, канцэнтраваных растворах шчолачаў. Атрымліваюць з сульфідных канцэнтратаў пасля іх агламерацыйнага абпалу з вапнай (гл. Агламерацыя ў металургіі) з наступнай плаўкай агламерату і рафінаваннем чарнавога металу Выкарыстоўваюць для вырабу электродаў акумулятараў, абалонак эл. кабеляў, футравання хім. апаратаў, як матэрыял для аховы ад іанізавальных выпрамяненняў, кампанент друкарскіх і антыфрыкцыйных сплаваў (гл. Свінцу сплавы), паўправадніковых матэрыялаў. Атрутны; ГДК у атм. паветры 0,003 мг/м³, вадзе 0,03 мг/л. Асн. крыніцы забруджвання навакольнага асяроддзя С.: металургічныя прадпрыемствы, выхлапныя газы рухавікоў унутр. згарання.

Літ.:

Козин Л.Ф., Морачевский А.Г. Физико-химия и металлургия высокочистого свинца. М., 1991.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 14, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)