АТАБА́СКА (Athabaska),
возера на З Канады, у сістэме р. Макензі. Пл. 7,9 тыс. км², даўж. 370 км, шыр. 60 км, глыб. да 60 м. Выцягнута ў форме паўмесяца з У на З. Паўн. берагі высокія, скалістыя, паўд. — нізінныя. Замярзае з кастр. да чэрвеня. Упадае р. Атабаска, выцякае р. Нявольніцкая. Рыбалоўства. Суднаходства.
т. 2, с. 64
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТАБА́СКА (Athabaska),
рака на З Канады, у сістэме р. Макензі. Даўж. 1231 км, пл. басейна 153 тыс. км². Пачынаецца ў Скалістых гарах, цячэ па Вялікіх раўнінах, упадае ў воз. Атабаска, утварае дэльту. Ледастаў з кастр. да красавіка. Разводдзе вясной. Сярэднегадавы расход вады 651 м³/с. Суднаходная ад г. Мак-Мары, размешчанага пры ўпадзенні р. Кліруатэр. На Атабасцы — порт Уотэруэйс.
т. 2, с. 64
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТАБА́СКА (Athabaska),
радовішча бітумінозных пяскоў у Канадзе, у правінцыі Альберта, у вярхоўях р. Атабаска. Адкрыта ў 1778. Распрацоўка радовішча праводзілася ў 1936—47, адноўлена з 1967. Пл. 25,6 тыс. км². Прымеркавана да зоны выкліньвання кварцавых пяскоў ніжнемелавога ўзросту на схіле Канадскага шчыта. Глыб. залягання прадукцыйнай тоўшчы да 610 м. Бітуманасычанасць ад 2 да 18%. Запасы бітумаў 101—128 млрд. т. Атрымліваюць нафту, серу, кокс, паліўны газ, бітумы і інш.
т. 2, с. 64
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬБЕ́РТА (Alberta),
правінцыя на ПдЗ Канады. Пл. 661,2 тыс. км², нас. 2545 тыс. чал. (1993). Адм. цэнтр — г. Эдмантан. Найб. гарады Калгары, Форт-Саскачэван. Гар. насельніцтва каля 77%. Значная ч. тэрыторыі занята плато Вялікія раўніны, на ПдЗ Скалістыя горы. Клімат кантынентальны. Сярэднія т-ры (у Эдмантане) студз. -15 °C, ліп. 17 °C. Ападкаў 300—500 мм за год. Найб. рэкі Піс-Рывер і Атабаска, азёры Атабаска, Клэр, Малое Нявольніцкае. Вядучае месца ў эканоміцы належыць горназдабыўной прам-сці. Здабываюць 88% нафты і газу, 40% каменнага вугалю (ад агульнай здабычы ў Канадзе), уран, серу і інш. Развіты нафтаперапрацоўка, нафтахімія, каляровая металургія, машынабудаванне, харч. прам-сць. Дае каля 20% с.-г. прадукцыі Канады. Вырошчваюць пшаніцу (каля 25%), ячмень (40%), цукр. буракі (50% ад агульнага збору ў Канадзе). Адзін з найб. раёнаў краіны па развіцці мясной і малочнай жывёлагадоўлі. Транспарт чыгуначны, аўтамабільны; нафта- і газаправоды.
З.М.Шуганава.
т. 1, с. 272
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКЕ́НЗІ (Mackenzie),
нізіна на ПнЗ Канады, у бас. р. Макензі, ад воз. Атабаска да Паўн. Ледавітага ак. Мяжуе на 3 з гарамі Макензі і Рычардсан (сістэма Кардыльер), на У з Лаўрэнційскім пласкагор’ем. Выш. 150—200 м. Пашыраны шырокія забалочаныя рачныя даліны і ледавікова-азёрныя раўніны, падзеленыя ступеньчатымі плато да 500 м. Месцамі над нізінай узвышаюцца адасобленыя горы (г. Франклін, 1400 м). Складзена пераважна з вапнякоў. Радовішча нафты. У чацвярцічны перыяд тэрыторыя пакрывалася ледавікамі. Пасля іх адступання значная ч. тэрыторыі была затоплена акіянам, потым занята азёрамі (рэлікты — азёры Вял. Мядзведжае, Вял. Нявольніцкае, Атабаска і інш.). Клімат умераны, кантынентальны. Пашыраны шматгадовамёрзлыя горныя пароды. На рэках доўгі ледастаў (5—7 месяцаў). Глебы пераважна балотныя, месцамі тундрава-глеевыя і падзолістыя. Вільготнатраўныя лугі і заліўныя лясы з чорнай елкі і мохавыя балоты. На водападзельных участках — хмызняковыя тундры і рэдкастойныя лясы з белай елкі, каменнай хвоі і асіны. Шчыльнасць насельніцтва вельмі малая. Карэннае насельніцтва — эскімосы і індзейцы.
т. 9, с. 536
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКЕ́НЗІ (Mackenzie),
рака на ПнЗ Канады. Даўж. ўласна М. каля 1770 км, разам з р.Піс (ад вытокаў р. Фінлі) 4250 км. Пл. басейна (уключае сістэму рэк Нявольніцкая, Піс і Атабаска, якія належаць бас. Вял. Нявольніцкага воз.) 1804 тыс. км². Пачынаецца з Вял. Нявольніцкага воз., цячэ па нізіне Макензі, упадае ў м. Бофарта Паўн. Ледавітага ак., утварае дэльту (пл. каля 12 тыс. км²). Даліна М. складзена з тоўшчаў алювіяльных і водна-ледавіковых адкладаў, моцна забалочаная, укрытая яловымі лясамі. Гал. прытокі: Ліярд, Арктык-Рэд-Рывер, Піл (злева), Вял. Мядзведжая (справа). Жыўленне снегава-дажджавое. Вясенне-летняя паводка. Ледастаў з кастр. да мая. Сярэдні расход вады 11 тыс. м3/с. Даўж. суднаходных шляхоў усёй сістэмы 2200 км (ад Уотэруэйса на р. Атабаска да порта Такгаяктук на ўзбярэжжы Паўн. Ледавітага ак.). Найб. населеныя пункты: Аклавік, Інувік, Норман-Уэлс, Форт-Норман, Форт-Провідэнс. Адкрыта і ўпершыню пройдзена ад вытокаў да вусця А.Макензі ў 1789, названа ў яго гонар.
т. 9, с. 536
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЕ-КАНА́ДСКІ НАФТАГАЗАНО́СНЫ БАСЕ́ЙН,
у Канадзе (прав. Брыт. Калумбія, Альберта, Саскачэван, Паўн.-Зах. тэр. і тэр. Юкан) і часткова ў межах ЗША (штат Мантана). Пл. 1,2 млн. км2 (з іх у ЗША 36 тыс. км2). Прамысл. распрацоўка нафты з 1924. Нафтаносныя паклады сярэдняга дэвону — верхняга мелу. Адкрыта больш за 310 радовішчаў нафты і 600 газу. Гал. радовішчы: Пембіна, Суон-Хілс, Рэдуатэр (нафта), Кросфілд (газ). Пачатковыя запасы 2,4 млрд. т нафты і 4,3 трлн. м³ газу. Запасы бітумаў (радовішчы Атабаска) каля 40 млрд. т. Усе радовішчы звязаны разгалінаванай сеткай трубаправодаў з заводамі па перапрацоўцы і рынкамі збыту.
т. 7, с. 14
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКЕ́НЗІ ((Mackenzie) Александэр) (1764, г. Інвернес, Вяліка́брытанія — 12.3.1820),
англійскі купец-падарожнік, агент канадскай Паўн.-Зах. (футравай) кампаніі. У 1788 заснаваў на воз. Атабаска гандл. факторыю. У 1789 спусціўся па р. Нявольніцкая, даследаваў Вял. Нявольніцкае воз., адкрыў (ад вытоку да дэльты) р. Макензі, горы Макензі і Франклін. У 1792—93 перасек Паўн. Амерыку з У на 3, ад зал. Св. Лаўрэнція да зал. Каралевы Шарлоты, прасачыў цячэнне р. Піс, перасек Скалістыя горы і Берагавы хр., адкрыў паміж імі Унутранае плато з верхнім участкам р. Фрэйзер. У 1793—94, вяртаючыся тым жа шляхам на У, паўторна перасек мацярык.
т. 9, с. 536
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУД-БА́ФАЛА (Wood Buffalo),
нацыянальны парк на ПнЗ Канады, адзін з найбольшых у свеце. Засн. ў 1922 з мэтай аховы адзінага ацалелага на Зямлі статка лясных бізонаў. Пл. каля 4,5 млн. га. Размешчаны на лясістай, месцамі забалочанай раўніне, паміж азёрамі Атабаска і Вял. Нявольніцкім. Гаі таполі і рэдкія пералескі нізкарослых елак, банксава хвоя, зрэдку на тарфяніках амер. лістоўніца. Наяўнасць мяккіх драўнінных парод абумоўлівае вял. шчыльнасць паселішчаў бабра і значную колькасць лася; інш. млекакормячыя: амер. зайцы, бурундуковая вавёрка, звычайныя дрэвавы дзікабраз і скунс. Сярод птушак шмат каўнерыкавых рабчыкаў, граўсаў, трапляюцца пералётныя пуначкі, сарокі, канюкі, амер. кедраўкі, канадскія кукшы. У лясных балотах ахоўваюцца гняздоўі знікаючага віду — белага амер. жураўля.
т. 4, с. 287
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)