МАКЕ́НЗІ (Mackenzie),

нізіна на ПнЗ Канады, у бас. р. Макензі, ад воз. Атабаска да Паўн. Ледавітага ак. Мяжуе на 3 з гарамі Макензі і Рычардсан (сістэма Кардыльер), на У з Лаўрэнційскім пласкагор’ем. Выш. 150—200 м. Пашыраны шырокія забалочаныя рачныя даліны і ледавікова-азёрныя раўніны, падзеленыя ступеньчатымі плато да 500 м. Месцамі над нізінай узвышаюцца адасобленыя горы (г. Франклін, 1400 м). Складзена пераважна з вапнякоў. Радовішча нафты. У чацвярцічны перыяд тэрыторыя пакрывалася ледавікамі. Пасля іх адступання значная ч. тэрыторыі была затоплена акіянам, потым занята азёрамі (рэлікты — азёры Вял. Мядзведжае, Вял. Нявольніцкае, Атабаска і інш.). Клімат умераны, кантынентальны. Пашыраны шматгадовамёрзлыя горныя пароды. На рэках доўгі ледастаў (5—7 месяцаў). Глебы пераважна балотныя, месцамі тундрава-глеевыя і падзолістыя. Вільготнатраўныя лугі і заліўныя лясы з чорнай елкі і мохавыя балоты. На водападзельных участках — хмызняковыя тундры і рэдкастойныя лясы з белай елкі, каменнай хвоі і асіны. Шчыльнасць насельніцтва вельмі малая. Карэннае насельніцтва — эскімосы і індзейцы.

т. 9, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)