Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАРО́МКА,
стаянка ранняга этапу грэнскай культуры (12—10 тыс.г. назад) ва ўрочышчы Каромка каля в. Залаззе Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. Пры даследаванні знойдзены скрабкі, разцы, тронкавыя і асіметрычныя наканечнікі стрэл, сякеркі з перахватам, пласцінкі з прытупленым краем і інш. Трапляюцца дробныя, старанна апрацаваныя вастрыі, невял. праколкі, разнастайныя камбінаваныя прылады для апрацоўкі косці, рогу, дрэва, скуры і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ЭСТЫ (ад ісп. cuesta адхон, схіл гары),
асіметрычныя грады і ўступы ў рэльефе, часам горныя хрыбты, утвораныя ў выніку размыву і дэнудацыі монаклінальна залягаючых горных парод, складзеных з пластоў рознай трываласці. Спусцісты схіл супадае з нахілам пластоў, стромкі абрываецца ў бок іх падзення. Часам К. размяшчаюцца ў некалькі паралельных радоў, утвараюць куэставы тып рэльефу, які трапляецца на паўн. схілах Вял. Каўказа (Скалісты хр.), у Сярэдняй Азіі, Крымскіх гарах і інш. месцах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАДПАЛЕ́ССЕ,
вобласць геамарфалагічнага раянавання на Пд Беларусі (паводле А.В.Мацвеева), што ўтварае араграфічную ступень паміж Цэнтральнабеларускімі краявымі ледавіковымі ўзвышшамі і градамі і Палескай нізінай. Уключае 19 геамарфалагічных раёнаў. Для П. характэрны зандравыя раўніны, якія акаймоўваюць з паўд. боку пояс буйнейшых на Беларусі ўзвышшаў і град; дэнудаваныя краявыя ледавіковыя ўтварэнні на З і лёсавыя адклады на У. Пераважныя вышыні рэльефу 160—190 м, у межах град і ўзгоркаў да 200 м і болей. Часта трапляюцца суфазійныя і карставыя формы рэльефу. Рачныя даліны выпрацаваныя, шырокія і асіметрычныя. На прыдалінных участках шмат яроў і лагчын.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ МАЛІ́НАВЫ,
сорт яблыні селекцыі Бел.НДІ пладаводства. Выведзены скрыжаваннем сартоў Антонаўка звычайная і Лаўфам. Раянаваны з 1991 па Брэсцкай, Віцебскай і Магілёўскай абласцях. Пашыраны ўсюды.
Дрэва моцнарослае, з даволі густой круглаватай кронай. Плоданашэнне на 4—5-ы год пасля пасадкі, дае багатыя ўраджаі. Сорт зімаўстойлівы, успрыімлівы да паршы. Плады пляската-круглаватыя, крыху асіметрычныя, злёгку рабрыстыя, розных памераў (110—170 г). Скурка тонкая, гладкая, бліскучая, з невял. васковым налётам. Асноўная афарбоўка зялёная, покрыўная — размытая малінавая, часам паласатая. Мякаць плода зеленаватая, сакаўная, кісла-салодкая, пахучая. Пры захоўванні не трацяць смакавых якасцяў да сакавіка—красавіка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ННА (Canna),
род кветкавых раслін манатыпнага сям. каннавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках Амерыкі, Афрыкі, Азіі. На Беларусі інтрадукавана К. індыйская (C. indica), вырошчваецца ў аранжарэях і цяпліцах. Шматлікія (больш за 1000) сарты К. (найб. вядомыя: з зялёным лісцем — Залатая Птушка, Вогненная Птушка, Прэзідэнт; з бронзава-чырв. лісцем — Кароль Гумберт, Вогненны Чараўнік) аб’ядноўваюць пад назвай К. садовая (C. × generalis, C. × hortensis).
Шматгадовыя травяністыя расліны з моцнымі сцёбламі і клубнепадобна-патоўшчанымі карэнішчамі. Лісце чаргаванае, шырокаэліптычнае (даўж. да 60, шыр. да 35 см). Кветкі буйныя, асіметрычныя, двухполыя, чырв., ружовага, жоўтага і інш. колеру ў верхавінкавым гронкападобным або мяцёлчатым суквецці. Плод — каробачка. Дэкар., лек., тэхн., кармавыя і харч. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ПАЛА́Ц СПО́РТУ.
Пабудаваны ў 1966 на праспекце Машэрава ў Мінску (арх. С.Філімонаў, В.Малышаў). Самае вял. ў Беларусі крытае спарт. збудаванне шматмэтавага прызначэння. Амаль квадратны ў плане будынак (82 × 78 м); яго аб’ём 100,5 тыс.м³. Кампазіцыя гал. фасада, арыентаванага на праспект, заснавана на рытме жалезабетонных пілонаў. Глядзельную залу (66 × 64 м) перакрывае прасторавая сістэма металічных ферм (макс. пралёт 61,5 м). Мае хакейную пляцоўку (30 × 61 м) і стацыянарныя асіметрычныя трыбуны (на 4 тыс. месцаў, пры трансфармацыі залы і арэны макс. 6 тыс. месцаў), 2 спарт. залы (12 × 18 м), адм. і дапаможныя памяшканні. У 1999 каля палаца ўзведзены будынак лядовай пляцоўкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАРАМА́НСКІ СТЫ́ЛЬ,
умоўная назва кірунку ў архітэктуры канца 19 — пач. 20 ст., заснаванага на выкарыстанні форм і элементаў кампазіцыі раманскага стылю. Зараджэнне Н.с. звязана з панаваннем у зах.-еўрап. архітэктуры і выяўл. мастацтве стылю мадэрн. Імкнучыся да манументальнасці, дойліды некрытычна выкарыстоўвалі кампактныя стэрэаметрычныя аб’ёмы (куб, паралелепіпед, прызма, цыліндр) і выразныя, часам дынамічна-асіметрычныя сілуэты пры ўзвядзенні культавых і грамадз. збудаванняў, стылізавалі іх пад творы сярэдневяковай архітэктуры. На Беларусі Н.с. часцей выяўляўся ў спалучэнні з элементамі несапраўднай готыкі. У сядзібным буд-ве выкарыстоўвалі аркатурныя паясы і контрфорсы, высокія шчыты ў завяршэнні сцен. У культавай архітэктуры былі пашыраны 3-нефавыя базілікі, гал. фасады якіх фланкіравалі ярусныя вежы, завершаныя шатрамі. Збудаванні характарызаваліся шматграннасцю аб’ёмаў, выкарыстаннем адкрытага муру, цыліндрычных і крыжовых скляпенняў, купалаў, аздабленнем аркатурай галерэй, аконных і дзвярных праёмаў.
А.М.Кулагін.
Да арт.Неараманскі стыль. Касцёл у вёсцы Слабодка Браслаўскага раёна Віцебскай вобл. 1903.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЫВЯ́ТЫ,
возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Друйка (выцякае з возера), каля паўд. ускраіны г. Браслаў. Уваходзіць у Браслаўскую групу азёр. Пл. 36,1 км², даўж. 9,9 км, найб.шыр. 4,5 км, найб.глыб. 12 м, даўж. берагавой лініі 37,6 км. Пл. вадазбору 459 км². Схілы катлавіны пераважна пад лесам, асіметрычныя: на Пнвыш. 30—37 м, месцамі разараныя, на Пд да 5 м, забалочаныя. На Пд і ПдУ 3 вял. залівы. Дно да глыб. 3,5—5 м выслана пяскамі, ніжэй глеямі і сапрапелямі. 6 астравоў агульнай пл. 0,92 км². Шыр. паласы расліннасці да 200 м. Трапляюцца рэдкія для флоры Беларусі віды раслін: наяды гнуткая і малая, гідрыла кальчаковая; адзначана гнездаванне лебедзя-шыпуна, які занесены ў Чырв. кнігу. У возера ўпадаюць рэчкі Усвіца (злучае з воз. Іказнь), Золвіца, Акунёўка, Рака (злучае з воз. Рака), 6 ручаёў. Уваходзіць у зону адпачынку Браслаў, на паўн. беразе турбаза «Браслаўскія азёры».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТАНЦІ́НАЎСКАЯ ГРАДА́,
краявое ледавіковае ўтварэнне на ПнЗ Беларусі. Размешчана на З Мядзельскага р-на Мінскай вобл., у межах Нарачана-Вілейскай нізіны. Цягнецца з ПнЗ на ПдУ уздоўж паўн.-ўсх. берага воз. Свір. Выш. 190—200 м, найб. 232 м. Фарміраванне К.г. звязана з краявой зонай акумуляцыі паазерскага зледзянення. Складзена з антрапагенавых валунных супескаў і суглінкаў, пясчана-галечнага матэрыялу. Рэдкія камавыя ўзгоркі (выш. 5—15 м) складзены з тонкаслаістых пяскоў з уключэннем жвіру і галькі. Антрапагенавыя намнажэнні падсцілаюцца адкладамі сярэдняга дэвону (мергелі, даламіты, пясчанікі і інш). Рэльеф грады сярэдне- і буйнаўзгорысты з ваганнямі адносных вышынь 15—20 м, радзей 25—30 м, грэбень узгорыста-хвалісты, парэзаны седлавінамі, схілы асіметрычныя: паўд.-зах. стромкі (10—30°), паўд.-ўсх. спадзісты, паступова пераходзіць у водна-ледавіковую раўніну. У двух месцах града парэзана далінамі прарыву рэк Страча і Вял. Перакоп. Глебы дзярнова-падзолістыя сярэдне- і слабаападзоленыя, месцамі супясчана-сугліністыя. Лясы яловыя, радзей хваёвыя. Пад ворывам да 40% тэрыторыі.