Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АСЁЛ (Equus asinus),
млекакормячае роду коней атр. няпарнакапытных. Сустракаецца ва Усх. Афрыцы (Самалі, Эфіопія). Жыве ў пустынях і стэпах. 2 падвіды: асёл самалійскі (Equus asinus somalicus) і асёл нубійскі (Equus asinus africanus).
Выш. ў карку 1,1—1,4 м. Афарбоўка пясчана-шэрая з 2 цёмнымі палосамі, адна з якіх праходзіць уздоўж хрыбта і перасякаецца з другой на лапатках. Грыва невялікая, даходзіць толькі да вушэй. Хвост тонкі з кутасом доўгіх валасоў. Вушы 25—35 см. Трымаецца невял. табунамі. Корм раслінны. Прыручаны 5—6 тыс.г. назад у Егіпце і Эфіопіі. Ад дзікага асла паходзяць многія свойскія пароды, якія выкарыстоўваюцца як цяглавая сіла. Пад пагрозай знікнення, у Чырв. кнізе МСАП.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПУЛЕ́Й (Apuleius) Луцый (каля 125, г. Мадаўра, Паўн. Афрыка — каля 180),
старажытнарымскі пісьменнік, аратар. Адукацыю атрымаў у Карфагене і Афінах. З яго літ. спадчыны дайшла невял. частка: авантурна-алегарычны раман «Метамарфозы» («Залаты асёл») у 11 кнігах з устаўнымі навеламі (у т. л. казка пра Амура і Псіхею, кн. 4—6), у якім рэаліст. і сатыр. малюнкі з жыцця рымскай правінцыі 2 ст.н.э. спалучаюцца з эротыкай, фантастыкай і містыкай, — адзін з першых псіхал. раманаў у еўрап. л-ры; «Апалогія, ці Слова ў абарону супраць абвінавачання ў магіі»; зб. урыўкаў з рытарычных прамоў Апулея «Фларыды»; навукова-філас. трактаты і інш. На бел. мову «Метамарфозы» пераклаў П.Бітэль.
Тв.:
Бел.пер. — Метамарфозы, ці Залаты асёл // Лонг. Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою...: Раманы. Мн., 1991;
Рус.пер. — «Метаморфозы» (и другие сочинения): Пер. с лат.М., 1988.
Ілюстрацыя М.Селешчука да рамана Апулея «Залаты асёл». Мінск. 1991.
лезгінскі паэт.Нар. паэт Дагестана (1934). У сац.-быт. эпіграмах, песнях, сатыр. вершах пратэст супраць носьбітаў зла і прыгнёту («Суддзі», «Старшына», «Двухногі асёл» і інш.). Аўтар паэмы-хронікі «Дагестан» (1935—36), «Паэмы пра Сярго Арджанікідзе» (1936), паэмы «Думы пра Радзіму» (1938). Сваёй творчасцю ўзняў фальклор да ўзроўню л-ры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСТРО́Ў Ярміл Іванавіч (1755, с. Сінягор’е Кіраўскай вобл., Расія — 20.12.1796),
рускі паэт і перакладчык. Вучыўся ў Вяцкай семінарыі, з 1775 — у Славяна-грэка-лац. акадэміі, скончыў Маскоўскі ун-т (1779). З 1782 служыў у Маскве. Друкаваць вершы пачаў у 1773. Пад уплывам М.В.Ламаносава пісаў оды ў духу класіцызму. Перакладаў паэму «Тактыка» Вальтэра, раман «Метамарфозы» («Залаты асёл»; 1780—81) Апулея, «Песні Асіяна» (1792, з франц.), упершыню шасцістопным ямбам «Іліяду» Гамера (песні 1—6, 1787; песні 7—9, выд. 1811). Асобныя творы К. на бел. мову перакладаў Э.Валасевіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУ́ЦІН Хаім (1893 або 1894, г.п. Смілавічы Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. — 9.8.1943),
французскі мастак бел. паходжання; прадстаўнік парыжскай школы. Вучыўся ў Віленскай АМ і Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы. З 1913 жыў у Францыі. Працаваў пераважна ў жанрах партрэта, пейзажа, нацюрморта. Творчасці ўласцівы пастозная манера пісьма, пачуццёвая экспрэсія, светлая яркая колеравая гама, у якой пераважалі чырвоныя, сіне-зялёныя і белыя тоны. У ранні перыяд зазнаў уплыў М.Шагала («Няня», каля 1916), пазней — А.Мадыльяні (партрэты М.Лані, 1929; мадам М.Кастэнг, 1928). Стварыў шэраг карцін па матывах работ Рэмбранта і Г.Курбэ, пісаў пазначаныя драм. лірызмам пейзажы, звяртаўся да вобразаў людзей ніжэйшага саслоўя: «Кандытары», «Маленькі кандытар», «Паляўнічыя», «Туша быка» (3 варыянты, 1925), «Певень» (1926), «Паж» (1927), «Хлопчык з хору» (1928), «Жанчына ўваходзіць у ваду» (1931), «Асёл» (1934), «Дзеці сядзяць на ствале дрэва», «Ветраны дзень у Асеры» (абодва 1939) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАФАНТЭ́Н (La Fontaine) Жан дэ (8.7.1621, г. Шато-Цьеры, Францыя — 13.4.1695),
французскі пісьменнік; прадстаўнік класіцызму. Чл. Французскай акадэміі (з 1684). Дэбютаваў вольнай перапрацоўкай аднайм. камедыі Тэрэнцыя «Еўнух» (1654). Аўтар драматызаванай эклогі «Клімена» (1658), паэм «Адоніс» (1658), «Сон у Во» (1658—61), «Хіна» (1682), «Філемон і Баўкіда» (1685, паводле «Метамарфоз» Авідзія), рамана з вершаванымі ўстаўкамі «Каханне Псіхеі і Купідона» (1669, паводле навелы з рамана Апулея «Залаты асёл»), зб. «Казкі і вершаваныя апавяданні» (кн. 1—5, 1665—85), «Зборніка хрысціянскіх вершаў» (1671). Гал. твор — напісаныя рытмізаванай прозай «Байкі» (кн. 1—12, 1668—94), у якіх паўстае шырокая карціна франц. рэчаіснасці 17 ст. і адначасова універсальная энцыклапедыя заганаў свету. Яны вызначаюцца драматызмам і лірызмам, лаканічнасцю і выкарыстаннем інтанацый жывой гаворкі.
Тв.:
Рус.пер. — Любовь Психеи и Купидона. М.; Л., 1964;
У кн.: Классическая басня. М., 1981.
Літ.:
Виппер Ю.Б. Лафонтен // История всемирной литературы. М., 1987. Т. 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́БІ (ад манг. гов бязводнае месца),
пустынная і паўпустынная вобласць у Цэнтр. Азіі, на тэр. Манголіі і Кітая. Акаймавана на Пн гарамі Мангольскага Алтая і Хангая, на Пд — Наньшанем і Алтынтагам. Працягнулася амаль на 2 тыс.км, пл. больш за 2 млн.км². Падзяляецца на Заалтайскую Гобі, Мангольскую Гобі, Алашаньскую Гобі, Гашунскую Гобі і Джунгарскую Гобі. У рэльефе пераважаюць камяністыя, гліністыя, месцамі пясчаныя раўніны выш. 900—1200 м, трапляюцца асобныя кароткія горныя масівы выш. да 1800 м і ўчасткі драбнасопачніку. Клімат рэзка кантынентальны з самай вял. на Зямлі амплітудай вагання т-р (каля 85 °C; летам да 45 °C, зімой каля 40 °C). Ападкаў 70 — 200 мм за год. Пастаянных вадатокаў няма; у паніжэннях дробныя бяссцёкавыя азёры. Глебы шэрыя і бурыя, месцамі саланчакі і такыры. Расліннасць бедная, разрэджаная, пераважаюць злакі, палын, салянкі, зараснікі саксаулу; на З ёсць аазісы з таполі. Жывёльны свет: дзікі вярблюд, асёл-кулан, конь Пржэвальскага, некалькі відаў антылоп; ёсць паўзуны, рэптыліі. У флоры і фауне шмат эндэмічных відаў. Вял. Габійскі запаведнік (Манголія). Пашавая жывёлагадоўля (вярблюды, авечкі, коні). Ачаговае земляробства па далінах рэк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ОСМАРЭГУЛЯ́ЦЫЯ (ад осмас + лат. regulo накіроўваю),
сукупнасць фіз.-хім. працэсаў, якія забяспечваюць адноснае пастаянства асматычна актыўных рэчываў ва ўнутр. асяроддзі арганізма жывёл. Уласціва большасці жывёл. Існуюць 2 крайнія тыпы рэакцыі на асматычны стрэс. Пойкіласматычныя жывёлы асматычна лабільныя, асматычная канцэнтрацыя вадкасцей іх цела залежыць ад асяроддзя. Гамойасматычныя жывёлы асматычна стабільныя, пры змене навакольнага асяроддзя асматычны ціск іх унутр. вадкасцей застаецца адносна пастаянным. Адрозніваюць таксама гіперасматычных жывёл (прэснаводныя жывёлы, марскія храстковыя рыбы), якія падтрымліваюць больш высокую канцэнтрацыю асматычна актыўных рэчываў ва ўнутр. вадкасцях, чым у навакольным асяроддзі, і гіпаасматычных жывёл (марскія касцістыя рыбы, марскія паўзуны і некат. ракападобныя), што маюць ніжэйшую за асяроддзе канцэнтрацыю рэчываў. У млекакормячых асн. орган О. — ныркі, здольныя выдзяляць гіпатанічную мачу пры лішку вады і асматычна канцэнтраваную — пры яе недахопе. Прыстасаванне сістэм О. да ўмоў арыднай зоны ўключае шэраг механізмаў — павелічэнне канцэнтрацыйнай здольнасці нырак, што дазваляе абыходзіцца без пітной вады (кенгуровы пацук), павелічэнне трываласці да абязводжвання (асёл), выкарыстанне мачавой к-ты як канчатковага прадукту азоцістага абмену (паўзуны, птушкі), наяўнасць насавых залоз, якія выдзяляюць соль (некат. яшчаркі) і інш. У О. прымаюць удзел гіпаталамус, гіпофіз, наднырачнікі, шчытападобная і падстраўнікавая залозы, а таксама сенсорныя органы і рухальныя сістэмы. Эвалюцыя О. спрыяла асваенню разнастайных умоў існавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НЕВЫЯ (Equidae), коні,
сямейства няпарнакапытных млекакормячых. Вядомы з эацэну Паўн. Амерыкі. Эвалюцыя К. вывучана У.А.Кавалеўскім. З падсям., 20 родаў. Сучасны 1 род (Equus), 8 відаў дзікіх К.: асёл, зебры (бурчэлава, горная, Грэві), квага, конь Пржавальскага, кулан (анагр), тарпан. Квага і тарпан знішчаны ў канцы 19 — пач. 20 ст. К. пашыраны ў Азіі і Афрыцы (у Еўропе знішчаны да канца 19 ст.). Жывуць у стэпах, саваннах, пустынях і паўпустынях, на пласкагор’ях. Трымаюцца невял. табунамі. 5 відаў і 2 падвіды ў Чырв. кнізе МСАП. На Беларусі на тэр. Гродзенскага, Калінкавіцкага, Касцюковіцкага, Крычаўскага, Лельчыцкага, Чачэрскага р-наў, гарадоў Мінск, Смаргонь, Чэрыкаў знойдзены рэшткі 3 выкапнёвых відаў К.: каня выкапнёвага (E. caballus), каня Стэнана (E. stenonis) і каня хазарскага (E. chosaricus). Знешне нагадвалі сучасных К., але драбнейшыя памерамі. Па іх рэштках вызначаюць узрост геал. адкладаў.
Даўж. цела дзікіх К. 200—280 см, хваста 40—60 см, выш. ў карку 110—146 см, маса 120—350 кг. Колер аднатонны, жоўта-шэры або светла-шэры з чорнымі палосамі (зебры). Склад цела лёгкі і стройны. Ногі высокія і тонкія, заканчваюцца найб. развітым 3-м пальцам (капыт), 2-і і 4-ы рудыментарныя («грыфельныя» костачкі). Валасяное покрыва кароткае, шчыльнае. На шыі кароткая прамастаячая грыва з падоўжаных валасоў. Здольныя да працяглага і хуткага бегу (50—60 км/гадз, кулан — да 75 км/гадз). Кормяцца расліннасцю. Нараджаюць 1, зрэдку 2 жарабят. Гл. таксама Гіпарыён, Конегадоўля, Коні свойскія.