пустынная і паўпустынная вобласць у Цэнтр. Азіі, на тэр. Манголіі і Кітая. Акаймавана на Пн гарамі Мангольскага Алтая і Хангая, на Пд — Наньшанем і Алтынтагам. Працягнулася амаль на 2 тыс.км, пл. больш за 2 млн.км². Падзяляецца на Заалтайскую Гобі, Мангольскую Гобі, Алашаньскую Гобі, Гашунскую Гобі і Джунгарскую Гобі. У рэльефе пераважаюць камяністыя, гліністыя, месцамі пясчаныя раўніны выш. 900—1200 м, трапляюцца асобныя кароткія горныя масівы выш. да 1800 м і ўчасткі драбнасопачніку. Клімат рэзка кантынентальны з самай вял. на Зямлі амплітудай вагання т-р (каля 85 °C; летам да 45 °C, зімой каля 40 °C). Ападкаў 70 — 200 мм за год. Пастаянных вадатокаў няма; у паніжэннях дробныя бяссцёкавыя азёры. Глебы шэрыя і бурыя, месцамі саланчакі і такыры. Расліннасць бедная, разрэджаная, пераважаюць злакі, палын, салянкі, зараснікі саксаулу; на З ёсць аазісы з таполі. Жывёльны свет: дзікі вярблюд, асёл-кулан, конь Пржэвальскага, некалькі відаў антылоп; ёсць паўзуны, рэптыліі. У флоры і фауне шмат эндэмічных відаў. Вял. Габійскі запаведнік (Манголія). Пашавая жывёлагадоўля (вярблюды, авечкі, коні). Ачаговае земляробства па далінах рэк.