СУ́ЦІН Хаім (1893 або 1894, г.п. Смілавічы Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. — 9.8.1943),

французскі мастак бел. паходжання; прадстаўнік парыжскай школы. Вучыўся ў Віленскай АМ і Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы. З 1913 жыў у Францыі. Працаваў пераважна ў жанрах партрэта, пейзажа, нацюрморта. Творчасці ўласцівы пастозная манера пісьма, пачуццёвая экспрэсія, светлая яркая колеравая гама, у якой пераважалі чырвоныя, сіне-зялёныя і белыя тоны. У ранні перыяд зазнаў уплыў М.Шагала («Няня», каля 1916), пазней — А.Мадыльяні (партрэты М.​Лані, 1929; мадам М.​Кастэнг, 1928). Стварыў шэраг карцін па матывах работ Рэмбранта і Г.​Курбэ, пісаў пазначаныя драм. лірызмам пейзажы, звяртаўся да вобразаў людзей ніжэйшага саслоўя: «Кандытары», «Маленькі кандытар», «Паляўнічыя», «Туша быка» (3 варыянты, 1925), «Певень» (1926), «Паж» (1927), «Хлопчык з хору» (1928), «Жанчына ўваходзіць у ваду» (1931), «Асёл» (1934), «Дзеці сядзяць на ствале дрэва», «Ветраны дзень у Асеры» (абодва 1939) і інш.

С.​У.​Пешын.

Х.Суцін. Маленькі кандытар.

т. 15, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)