АЛЕ́ЙНЫ ЖЫ́ВАПІС,
від жывапісу маст. алейнымі фарбамі, у якіх сувязным рэчывам для каляровых парашкоў (пігментаў) з’яўляюцца алей ільняны, арэхавы, сланечнікавы і інш. і розныя лакі. Алейны жывапіс выконваецца пераважна на палатне, дрэве, кардоне, метал. плітах, пакрытых спец. грунтамі (станковы алейны жывапіс) ці па вапнавым тынку (манументальны алейны жывапіс). Вядомы з 10 ст. Пашырыўся на пач. 15 ст. пасля ўдасканалення яго Я. ван Эйкам. На Беларусі вядомы з пач. 16 ст. У тэхніцы алейнага жывапісу працуе пераважная большасць мастакоў.
П.В.Масленікаў.
т. 1, с. 238
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́ЦКІ АРЭ́Х,
валоскі арэх (Juglans regia), від кветкавых раслін з роду арэх. Радзіма — Сярэдняя і Паўн.-Усх. Азія. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах. Вырошчваецца ў многіх краінах Еўропы, Азіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі трапляецца як інтрадукаваная расліна ў бат. садах, парках і скверах, вырошчваецца садаводамі-аматарамі.
Лістападнае дрэва выш. да 35 м і дыям. да 2 м. Крона густая, раскідзістая. Лісце няпарнаперыстаскладанае, пахучае (мае эфірны алей). Кветкі дробныя, зеленаватыя, аднаполыя. Плады — буйныя несапраўдныя шарападобныя касцянкі («арэхі»). Ядро арэхаў ядомае, мае да 70% тлушчаў, 26% бялкоў, вітаміны B1, E і правітамін A, выкарыстоўваецца ў кандытарскай і кулінарнай вытв-ці, недаспелыя арэхі багатыя вітамінам C, з іх вырабляюць варэнне. З арэхаў атрымліваюць арэхавы алей, які ідзе ў ежу, на выраб лакаў, высакаякаснага мыла, тушы. Грэцкі арэх жыве да 400 гадоў. Харч., тэхн., кармавая, лек., меданосная і дэкар. расліна. Мае каштоўную драўніну. З лісця, кары, зялёнай лупіны пладоў атрымліваюць дубільнікі і карычневую фарбу.
Г.У.Вынаеў.
т. 5, с. 496
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)