Арэндная плата 1/495; 5/242

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ДАХО́Д,

грашовая сума, якая рэгулярна і законным шляхам паступае ў непасрэднае распараджэнне суб’екта эканомікі. Галоўныя крыніцы Д. — заработная плата, прадпрымальніцкі прыбытак, арэндная плата, асабістая дапаможная гаспадарка, розныя дзярж. выплаты і інш. Гл. таксама Дзяржаўныя даходы, Даходы насельніцтва, Даходы прадпрыемства, Нацыянальны даход.

т. 6, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БУДЭКАНО́МІКА»,

Навукова-даследчы ін-т «Будэканоміка» Рэспублікі Беларусь; арэндная ўстанова (з 1990). Засн. ў 1976 у Мінску як комплексны аддзел (з 1977 Бел. філіял) Усесаюзнага н.-д. і праектнага ін-та працы ў буд-ве Дзяржбуда СССР. З 1991 «Будэканоміка». Асн. кірункі дзейнасці: падрыхтоўка заканадаўчых і нарматыўных актаў, інструктыўных і метадычных дакументаў, якія рэгулююць адносіны ўдзельнікаў капітальнага буд-ва ва ўмовах рынку, у т. л. раздзяржаўленне і прыватызацыя з улікам спецыфікі буд. комплексу; распрацоўка нарматыўнай базы па працы ў буд-ве; ацэнка фін. становішча, выкананне працэдур, звязаных з санацыяй, кансервацыяй і банкруцтвам прадпрыемстваў.

С.Б.Дробышава.

т. 3, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗДО́ЛЬШЧЫНА,

від арэнды зямлі, пры якой арэндная плата выплачвалася ўласніку зямлі доляй ураджаю (часам да палавіны і больш). Узнікла пры рабаўласніцкім ладзе. Характэрна для феадалізму і неразвітых капіталіст. адносін. Існавала на Русі, у ВКЛ, Рас. імперыі. Пры станаўленні і развіцці капіталіст. адносін была пераходнай формай ад феад. арэнды зямлі да капіталістычнай, захавалася як перажытак прыгонніцтва ў форме адработак. Пасля сял. рэформы 1861 З. мела для большасці сялян-арандатараў кабальны, харч. характар. Практыкавалася сялянамі Беларусі. Здольшчык звычайна аддаваў землеўласніку ад <SYMBOL> да <SYMBOL> ураджаю збожжа або ўкосу сена. У 1913 пасевы здольшчыкаў у Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай, Гродзенскай, Віленскай, Ковенскай губ. дасягалі 68,2% сял. пасеваў на надзельных і купленых землях. Гл. таксама Дольнікі.

В.П.Панюціч.

т. 7, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭ́НДА

(польскае arenda ад лацінскага arrendare аддаваць у наймы),

маёмасны наём (дагавор), паводле якога ўласнік маёмасці (арэндадавец) здае арандатару сваю маёмасць на часовае карыстанне за пэўную плату. Арандатарамі могуць выступаць юрыдычныя асобы (прадпрыемствы, установы і арганізацыі) і асобныя грамадзяне, арэндадаўцамі — любы ўласнік маёмасці ці органы, арганізацыі, упаўнаважаныя ўласнікам. Адносіны арандатара і арэндадаўца рэгламентуе заключаны паміж імі дагавор, які прадугледжвае склад і кошт маёмасці, што перадаецца ў арэнду, парадак яе перадачы, памер арэнднай платы, тэрмін арэнды, абавязкі і правы арандатара і інш. Здаючы маёмасць у арэнду, арэндадавец застаецца яе ўласнікам. Арандатар з’яўляецца ўласнікам атрыманых прадукцыі і даходаў, якімі ён, заплаціўшы прадугледжаную дагаворам арэндную плату, можа самастойна распараджацца. Арандатар са згоды арэндадаўца можа поўнасцю ці часткова выкупіць арандаваную маёмасць на ўмовах, прадугледжаных дагаворам.

Узнікла арэнда ў рабаўладальніцкім грамадстве як арэнда зямлі: землеўладальнікі (латыфундысты) перадавалі яе для апрацоўкі рабам і беззямельным сялянам, што павышала зацікаўленасць апошніх у лепшых выніках працы і спрыяла ўмацаванню новага спосабу спалучэння эканамічных інтарэсаў уласнікаў зямлі і землекарыстальнікаў. Пазней арэнда пашыралася на іншыя сродкі вытворчасці, набыла новыя формы — арэнднае прадпрыемства, арэндны падрад, лізінг.

На Беларусі ў дасавецкі час пераважала арэнда зямлі. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 з ліквідацыяй прыватнай уласнасці на зямлю і іншыя сродкі вытворчасці арэндная форма гаспадарання была спынена. Адноўлена на пачатку 1920-х гадоў у час ажыццяўлення новай эканамічнай палітыкі з мэтай паскарэння сацыяльна-эканамічнага развіцця. За 1921—26 у арэнду здадзена 620 прамысловых прадпрыемстваў, з іх 536 дробных і 90 буйных (пераважна харчасмакавай, гарбарнай, лесапільнай, смалакурна-шкіпінарнай і цагельнай прамысловасці). З перамогай сацыялістычнага ўкладу ў эканоміцы арэндная форма гаспадарання была зноў спынена. З канца 1980-х гадоў арэнда развіваецца як адзін з кірункаў раздзяржаўлення ўласнасці. Прыняты Вярхоўным Саветам Беларусі закон аб арэндзе (1990) дазваляе арандаваць зямлю, іншыя прыродныя рэсурсы, асноўныя сродкі вытворчасці, а таксама прадпрыемствы і арганізацыі ці іх асобныя падраздзяленні. Для аховы інтарэсаў арандатараў створаны Беларускі саюз прадпрымальнікаў і арандатараў.

Л.А.Лобан.

т. 2, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)