АРЫ́Л,

абагульненая назва аднавалентных радыкалаў араматычных вуглевадародаў. Арыльную групу абазначаюць Ar. Да арылаў адносяцца феніл C6H5, таліл CH3C6H4, нафтыл C10H7 і інш.

т. 2, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМО́НІЙ, амонію катыён,

складаны катыён агульнай формулы [RR​1NR​2R​3]​+, дзе R, R​1, R​2, R​3 — вадарод, алкіл, арыл. Катыён [NH4]​+, які існуе ў водных растворах аміяку, у саставе малекул неарган. і арган. злучэнняў адыгрывае ролю аднавалентнага металу, напр. гідраксід амонію (NH4OH), сульфат амонію [(NH4)2SO4], ацэтат амонію (CH3COONH4) і інш. Амоній з алкіл- і арыл-радыкаламі — катыён амоніевых соляў (гл. Амонію злучэнні).

т. 1, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНІ́ЛАВЫЯ ЭФІ́РЫ,

ненасычаныя эфіры, простыя CH2=CHOR і складаныя CH2==CH—OCOR (R — алкіл ці арыл). Бясколерныя вадкасці, добра раствараюцца ў арган. растваральніках, дрэнна — у вадзе. Хімічна актыўныя злучэнні, лёгка далучаюць галагены, галагенавадароды і інш. Атрымліваюць узаемадзеяннем ацэтылену са спіртамі і карбонавымі кіслотамі. Выкарыстоўваюцца як манамеры ў вытв-сці палімераў (напр., полівінілацэтат) і супалімераў.

т. 4, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЛЕНАРГАНІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,

рэчывы, якія маюць у малекуле сувязь вуглярод — селен. Асн. тыпы: селеніды, дыселеніды, селенолы, селенаксіды, селеноны, селенінавыя і селенонавыя к-ты, селеноніевыя солі, алкіл(арыл)селенгалагеніды, селеністыя гетэрацыклы. Па хім. уласцівасцях аналагічныя сераарганічным злучэнням, але больш рэакцыйназдольныя (напр., селенонавыя к-ты — моцныя акісляльнікі). Маюць высокую біял. актыўнасць, паскараюць метабалічныя працэсы ў арганізме (напр., 6-селенапурын выкарыстоўваецца пры дыягностыцы пухлінных захворванняў, селенацыстын аказвае антывіруснае ўздзеянне). На аснове С.з. атрымліваюць палімерныя матэрыялы.

т. 14, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРА́ТЫ,

1) солі борных кіслот: метаборнай (HBO2), ортаборнай (H3BO3) і нявылучаных у свабодным стане паліборных (H3m−2nBmO3m−n). Вядома каля 100 прыродных баратаў у выглядзе борных рудаў (буракс, ашарыт і інш.). Бараты складаюцца з боракіслародных груповак (колькасць атамаў бору ў іх вагаецца ад 1 да 9), якія ўтвараюць больш складаныя структуры. Бараты — бясколерныя аморфныя ці крышт. рэчывы. Бываюць гідратаваныя і бязводныя. Бязводныя маюць tпл 500—2000 °C, хімічна больш устойлівыя. У вадзе раствараюцца толькі бараты шчолачных металаў і амонію, астатнія — у гліцэрыне. Выкарыстоўваюць у вытв-сці шкла, палівы, керамікі, эмаляў, вогнетрывалых пакрыццяў і флюсаў, пры фарбаванні, як пігменты, антысептыкі, фунгіцыды.

2) Эфіры ортаборнай кіслаты [(RO)3B], дзе R — алкіл, арыл і інш. Выкарыстоўваюць як антыаксіданты, каталізатары, у сінтэзе арган. злучэнняў бору і фарбавальнікаў, як фунгіцыды, антысептыкі, дабаўкі ў маторнае паліва, змазвальнае масла, палімеры.

Л.​М.​Скрыпнічэнка.

т. 2, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫАЗАЗЛУЧЭ́ННІ,

арганічныя злучэнні, якія маюць групоўку з 2 атамаў азоту (N2 — дыазагрупа), звязаную з адной арган. астачай. Вынайдзены ням. хімікам І.​П.​Грысам у 1857. Паводле хім. уласцівасцей адрозніваюць Д. аліфатычныя і араматычныя.

Аліфатычныя Д. — дыазаалканы (агульная ф-ла RR′CN2; дае R, R′ — алкіл ці вадарод) раскладаюцца пры награванні, дзеянні каталізатараў, кіслот; рэагуюць з вадой, галагенамі, галагенавадародамі з вылучэннем азоту. Найпрасцейшы прадстаўнік — дыазаметан. Выкарыстоўваюць як алкіліруючыя рэагенты (гл. Алкіліраванне). Атрутныя. Араматычныя Д. маюць агульную ф-лу ArN2X, дзе Ar — арыл, X — гідраксільная група ці кіслотная астача. Найб. важныя — солі дыазонію (напр., бензолдыазонійхларыд C6 H5 N+2 Cl− ), бясколерныя цвёрдыя рэчывы, раскладаюцца пры награванні і мех. уздзеянні. Д. ўступаюць у рэакцыі з захаваннем дыазагрупы (напр., азаспалучэнне) і з вылучэннем азоту (абменьваюць дыазагрупу на інш.). Атрымліваюць узаемадзеяннем першасных араматычных амінаў пры т-ры 0—20 °C з азоцістай к-той (дыазатаванне). Выкарыстоўваюць у вытв-сці азафарбавальнікаў, лек. сродкаў, як святлоадчувальныя матэрыялы для вырабу фотарэзістараў і ў дыазатыпіі.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 6, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭГУЛЯ́ТАРЫ РО́СТУ РАСЛІ́Н,

прыродныя і сінт. арганічныя рэчывы, здольныя стымуляваць або прыгнятаць рост і развіццё раслін. Выкарыстоўваюць у сельскай гаспадарцы для паскарэння або запавольвання росту, цвіцення, кушчэння, выспявання садавіны і гародніны, для паляпшэння якасці пладоў, рэгулявання перыяду спакою, павышэння ўстойлівасці раслін да замаразкаў, засухі і інш.

Прыродныя Р.р.р. — фітагармоны ў невял. колькасці ўтвараюць самі расліны. Да іх адносяцца аўксіны, гіберэліны, цытакініны, брасінастэроіды — стымулятары росту, абсцызавая кіслата, эндагенны этылен — інгібітары росту, а таксама т.зв. другасныя роставыя рэчывы: флаваноіды, алкалоіды, тэрпеноіды. Многія фітагармоны атрымліваюць у прамысл, маштабах метадам біятэхналогіі. Сінт. Р.р.р. класіфікуюць паводле іх суадносін з фітагармонамі: аналагі аўксінаў і цытакінінаў, антыаўксіны і антаганісты цытакінінаў, інгібітары біясінтэзу гіберэлінаў (гл. Рэтарданты) і інш. Найб. пашыраныя сінт. рэгулятары — арыл- і арылаксіаліфатычныя к-ты, оніевыя солі (гл. Оніевыя злучэнні), гетэрацыклічныя злучэнні (пераважна вытворныя індолу, пірыдзіну, піразолу, пірымідзіну). У залежнасці ад канцэнтрацыі, тэрмінаў апрацоўкі с.-г. культур многія Р.р.р. могуць дзейнічаць як гербіцыды, дэфаліянты, дэсіканты.

Літ.:

Калинин Ф.Л. Биологически активные вещества в растениеводстве. Киев, 1984;

Кефели В.И., Прусакова Л.Д. Химические регуляторы растений. М., 1985.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 13, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)