СУЛЬФАКІСЛО́ТЫ, сульфонавыя кіслоты,
арганічныя злучэнні, якія маюць аднавалентную сульфагрупу, ці сульфонавую групу (SO2OH), злучаную з арган. радыкалам. Агульная ф-ла С. — RSO3H, дзе R — алкіл, арыл або гетэрацыклічны радыкал. Класіфікуюць паводле прыроды арган. радыкала, наяўнасці інш. замяшчальнікаў і колькасці сульфонавых груп у малекуле. Найважн. С. — алкан-, аксі- і амінасульфакіслоты, араматычныя С.
Большасць С. — крышт. гіграскапічныя рэчывы, растваральныя ў вадзе. Моцныя к-ты, утвараюць солі і эфіры (сульфанаты), галагенангідрыды (сульфагалагеніды RSO2Hal), аміды (сульфаміды RSO2NH2). Араматычныя С. пры награванні гідралізуюцца да вуглевадародаў з вылучэннем сернай к-ты. Араматычныя С. атрымліваюць сульфіраваннем, аліфатычныя — сульфакісленнем і сульфхлараваннем (сульфіраванне пры сумесным дзеянні дыаксіду серы SO2 адпаведна з кіслародам ці хлорам у прысутнасці ініцыятараў або пры апрамяненні). Араматычныя С. з’яўляюцца паўпрадуктамі ў вытв-сці фенолаў, нафтолаў, фарбавальнікаў, лек. сродкаў (гл. Сульфанілавая кіслата), іонаабменных смол і інш. Тэхн. сумесь метан-, этан- і прапансульфонавых кіслот выкарыстоўваюць як каталізатар арган. рэакцый, растваральнік, солі алкансульфонавых кіслот — як мыйныя сродкі, паверхневаактыўныя рэчывы, эмульгатары і інш.
Я.Г.Міляшкевіч.
т. 15, с. 263
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)