ГЕАГРА́ФІЯ ПРЫРО́ДНЫХ РЭСУ́РСАЎ,

навука, якая вывучае размяшчэнне асобных відаў і спалучэнняў прыродных рэсурсаў, праблемы іх ацэнкі, комплекснага выкарыстання і ўзнаўлення. Асн. кірункі даследаванняў: вывучэнне геаграфіі відаў прыродных рэсурсаў, забяспечанасці імі галін прам-сці і іх ролі ў дыферэнцыяцыі гаспадаркі, выяўленне і аналіз тэр. спалучэнняў рэсурсаў, вызначэнне шляхоў комплекснага іх выкарыстання з улікам экалагічных наступстваў, прагнозы стану рэсурснай базы нар. гаспадаркі. Вызначае таксама геаграфічны (тэрытарыяльны) падзел працы і гасп. спецыялізацыю. Выкарыстоўвае матэм., геафіз., аэракасм., картаграфічны, параўнальна-апісальны і экспедыцыйны метады даследавання.

К.​К.​Кудло.

т. 5, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЫФРА́З, перыфраза (ад грэч. periphrasis апісальны выраз, алегорыя),

сэнсава-непадзельны выраз, утвораны ў маўленні як апісальная назва прадмета або дзеяння, што адначасова паказвае яго адметнасць.

Структурна П. супадаюць са словазлучэннямі («бачыць вачыма памяці» — успамінаць) або сказамі [«Усюды мае сябры, камбайнер і сталь хто варыць...» (П.​Броўка)]. Як вобразны сінонім слова П. і называе пэўную з’яву, і характарызуе яе («крылатая мудрасць народа» — фальклор). Бываюць вобразныя: метафарычныя («раніца жыцця» — маладосць), метанімічныя («зямля Купалы» — Беларусь) і лагічныя («прадзедаў зямля» — радзіма). Амаль у кожным П. ёсць невялічкая загадка. Раскрыць яе дапамагае семантычная арганізацыя самога П. і кантэкст. Пашыраны традыц. П. («пан сахі і касы», «другі хлеб»), некат. з іх патэнцыяльныя фразеалагізмы.

Літ.:

Малажай Г.М. Сучасная беларуская мова: Перыфраза. Мн., 1980.

Г.​М.​Малажай.

т. 12, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРФАЛО́ГІЯ РАСЛІ́Н,

раздзел батанікі, які вывучае форму і будову раслін, заканамернасці іх морфагенезу ў індывідуальным (антагенез), гіст. (філагенез) развіцці і пад уплывам фактараў знешняга асяроддзя. Уключае анатомію раслін, карпалогію, паліналогію, тэраталогію, цыталогію, эмбрыялогію раслін, арганаграфію (уласна М.р., апісвае знешнюю будову) і інш. Асн. метады даследаванняў: апісанне, параўнанне, эксперымент. Цесна звязана з сістэматыкай, філагенетыкай, фізіялогіяй і экалогіяй раслін, генетыкай, раслінаводствам. Даныя М.р. выкарыстоўваюць у геалогіі, лясной, сельскай гаспадарцы і інш.

М.р. зарадзілася ў 4—3 ст. да н.э. (Тэафраст) і да сярэдзіны 18 ст. мела пераважна апісальны характар. Першыя тэарэт. абагульненні зроблены ў працах Н.Гру, М.Мальпігі, А.​Чэзальпіна і інш. У 18 ст. К.Ліней удасканаліў марфал. тэрміналогію і выкарыстаў яе ў мэтах сістэматыкі раслін. Станаўленне М.р. як самаст. навукі звязана з працамі І.В.Гётэ (вучэнне аб метамарфозе, 1790; тэрмін «марфалогія») і А.П.Дэкандоля (заснавальнік параўнальнай М.р., 1-я пал. 19 ст.). З сярэдзіны 19 ст. развіваюцца антагенетычны (В.Ф.Б.Гофмайстэр, І.М.Гаражанкін, С.Г.Навашын, Э.Страсбургер, І.​Д.​Чысцякоў і інш.) і філагенетычны (А.Л.Тахтаджан, Ф.Э.Л. ван Тыгем, А.В.Эйхлер, В.​Цымерман і інш.), кірункі параўнальнай і эксперыментальная М.р. (А.М.Бякетаў, К.І.Э. фон Гебель, Г.​А.​Клебс, М.П Крэнке, М.​Ф.​Левакоўскі і інш.). У пач. 20 ст. ўзнікла экалагічная М.р. (І.Э.Вармінг, Гебель, Клебс, К.​Раўнкіер), якая атрымала развіццё ў працах Б.А.Келера, Р.​Я.​Левінай, І.​Р.​Серабракова, Т.​І.​Серабраковай і інш.

На Беларусі марфал. даследаванні звязаны пераважна з удакладненнем таксанамічных прыкмет розных таксонаў раслін. Асобныя пытанні М.р. асвятляюцца ў працах супрацоўнікаў Ін-та эксперым. батанікі Нац. АН Беларусі, БДУ, Бел. пед. ун-це, Брэсцкім ун-це і інш.

Літ.:

Тахтаджян А.Л. Основы эволюционной морфологии покрытосеменных М.; Л., 1964;

История биологии с древнейших времен до начала XX в. М., 1972;

Щербакова А.А., Базилевская Н.А., Калмыков К.Ф. История ботаники в России (дарвиновский период, 1861—1917 гг.). Новосибирск. 1983.

т. 10, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАТО́МІЯ (ад грэч. anatomē рассячэнне, расчляненне),

навука пра форму і будову асобных органаў, сістэм і арганізма ў цэлым; раздзел марфалогіі. Адрозніваюць анатомію чалавека (антрапатомію), анатомію жывёл (заатомію) і анатомію раслін (фітатомію). Самастойнай з’яўляецца параўнальная анатомія жывёл. Разам з фізіялогіяй анатомія складае аснову тэарэт. і практычнай медыцыны і ветэрынарыі.

У сваім развіцці анатомія чалавека і жывёл як навука прайшла шэраг этапаў. Першапачатковы, апісальны, этап узнік пры выкарыстанні метаду расчлянення, калі збіраліся і апісваліся факты пра будову цела чалавека і жывёл. Заснавальнік яе — фламандзец А.​Везалій (16 ст.). Апісальную анатомію падзяляюць на сістэматычную (вывучае органы па сістэмах), тапаграфічную (разглядае будову і форму органаў і іх узаемаразмяшчэнне) і пластычную (даследуе статыку і дынаміку вонкавых формаў цела). Новы этап у развіцці анатоміі — функцыянальны — тлумачэнне назапашаных фактаў з пункту гледжання антагенезу і філагенезу і функцыянальнага назначэння органаў і сістэм. Сучасны этап — эксперыментальны — аналіз структурна-функцыянальнай арганізацыі органаў і сістэм у сувязі з рознымі фактарамі навакольнага асяроддзя. Вылучаюць таксама анатомію дынамічную, узроставую, мікраскапічную (гісталогія і цыталогія) рэнтгенаанатомію і інш. Заснавальнікі анатоміі: Арыстоцель, К.​Гален, Везалій, Леанарда да Вінчы, У.​Гарвей і інш. У Расіі найб. значныя даследаванні ў 18—19 ст. па пытаннях будовы і функцыі страўніка (А.​П.​Пратасаў), будовы нырак (А.​М.​Шумлянскі), стварэнні тапаграфічнай анатоміі (М.​І.​Пірагоў), рус. анат. тэрміналогіі (М.​І.​Шэін). У 19 ст. засн. першая рус. анат. школа (П.​А.​Загорскі, 1807), складзены анатамічны слоўнік (Н.​М.​Амбодзік-Максімовіч). Прагрэсу анат. навукі спрыялі таксама працы П.​С.​Лесгафта, Дз.​М.​Зёрнава, У.​А.​Беца, В.​П.​Вараб’ёва, У.​М.​Танкова, Дз.​А.​Жданава, Б.​М.​Долга-Сабурава і інш.

На Беларусі 1-е анатаміраванне цела праведзена ў 1586 у Гродне для ўдакладнення прычыны смерці караля Стафана Баторыя. Станаўленне сучаснай анат. навукі звязана з арганізацыяй у 1921 кафедры анатоміі на мед. ф-це БДУ. Заснавальнік — С.​І.​Лябёдкін, які стварыў нац. школу марфолагаў. Н.-д. работа вядзецца на кафедрах анатоміі Віцебскага, Гомельскага, Гродзенскага, Мінскага мед. ін-таў, Бел. акадэміі фізічнай культуры і спорту, у Віцебскай акадэміі вет. медыцыны, БДУ і інш. Значную ролю ў развіцці анатоміі адыгралі працы Д.​М.​Голуба па праблемах эмбрыягенезу чалавека і жывёл, вывучэнні структурнай арганізацыі вегетатыўнай нерв. сістэмы, нерв. шляхоў і дапаўняльных цэнтраў інервацыі. Высветлена анатомія сімпатычнага ствала, нерваў наднырачнікаў, крывяносных сасудаў і інш. органаў (А.​С.​Леанцюк, А.​П.​Амвросьеў, П.​І.​Лабко і інш.). Даследуюцца будова лімфатычных сасудаў касцей і суставаў (У.​І.​Ашкадзёраў), касцявы і перапончаты лабірынты чалавека і жывёл (З.​І.​Ібрагімава), узроставыя асаблівасці галаўнога мозга чалавека і яго артэрыяльных сасудаў (А.​М.​Габузаў). Існуе навук. т-ва анатамаў, гістолагаў і эмбрыёлагаў.

Літ.:

Анатомия человека. Т. 1—2. 2 изд. М., 1993;

Акаевский А.И. Анатомия домашних животных. 3 изд. М., 1975.

П.​І.​Лабко.

т. 1, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАГРА́ФІЯ (ад геа... + ...графія),

сістэма прыродазнаўчых і грамадскіх навук аб прыродных, тэр.-вытв. і сац.-тэр. комплексах Зямлі і іх кампанентах. Вывучае геаграфічную абалонку Зямлі. Грунтуецца на натуральных і грамадскіх законах развіцця, улічвае ўплыў чалавечай дзейнасці на прыроду, разглядае грамадскую вытв-сць у рэальных прыродных умовах. У цыкл прыродазнаўчых навук уваходзяць фізічная геаграфія (уключае агульнае землязнаўства і ландшафтазнаўства), геамарфалогія, кліматалогія, метэаралогія, акіяналогія, гляцыялогія, гідралогія сушы (азёразнаўства і гідралогія рэк), геаграфія глеб, біягеаграфія (геаграфія жывёл і геаграфія раслін), палеагеаграфія і інш.; у цыкл грамадскіх — сацыяльна-эканамічная геаграфія (уключае эканамічную геаграфію), сацыяльная геаграфія, геаграфію насельніцтва, рэкрэацыйная геаграфія, палітычная геаграфія. Асобнае месца займае картаграфія. Да геаграфіі адносяцца краіназнаўства (абагульняе звесткі аб прыродзе, насельніцтве і гаспадарцы асобных краін) і краязнаўства. Да геаграфіі прымыкаюць дысцыпліны прыкладнога кірунку (напр., геаграфія медыцынская, ваенная геаграфія і інш.). Выкарыстоўвае экспедыцыйны, стацыянарны, матэм. і тыпалагічны аналізы, параўнальна-апісальны, статыстычны, картаграфічны і інш. метады даследавання.

Геаграфія ўзнікла за некалькі тысячагоддзяў да н.э. Як навука пачала развівацца ў Стараж. Егіпце, краінах Пярэдняй Азіі, Індыі, Кітаі, потым у Стараж. Грэцыі і Рыме. Напачатку абмяжоўвалася зборам інфармацыі пра краіны і моры ў сувязі з ваен. экспансіямі. Сярод тагачасных вядомых вучоных Герадот, Арыстоцель, Эратасфен, Гіпарх, Страбон, Пталамей. Адраджэнне навук пра Зямлю ў Еўропе пачалося з 14—15 ст. (гл. Вялікія геаграфічныя адкрыцці, Геаграфічныя адкрыцці). У 1-й пал. 19 ст. ў многіх краінах Еўропы, Азіі і Амерыкі ўзніклі геагр. т-вы.

Звесткі пра геаграфію Беларусі ёсць у летапісах 11—12 ст., бел. і польскіх хроніках 14—16 ст., у працах вучоных 18—19 ст. І.І.Ляпёхіна, В.М.Севергіна, І.І.Жылінскага і інш. Значны ўклад у развіццё комплексных геагр. даследаванняў у 20 ст. зрабіў А.​А.​Смоліч — аўтар першага падручніка па геаграфіі Беларусі. Даследаваны рэльеф Беларусі, яго паходжанне і развіццё, ландшафты, фіз.-геагр. і геамарфалагічныя раёны (Л.М.Вазнячук, В.М.Губін, Б.М.Гурскі, В.А.Дзяменцьеў, К.І.Лукашоў, В.К.Лукашоў, Г.І.Марцінкевіч, А.В.Мацвееў, Г.Ф.Мірчынк, Р.І.Сачок, П.А.Туткоўскі, М.М.Цапенка і інш.), кліматычныя рэсурсы, феналогія, агракліматычнае раянаванне (А.І.Кайгарадаў, У.Ф.Логінаў, А.Х.Шкляр і інш.), рэкі і водны баланс (А.Р.Булаўка, В.М.Шырокаў і інш.), марфалогія азёрных катлавін і гідрахімія азёр (В.​П.​Якушка і інш.), геаграфія і генезіс балот (А.Д.Дубах, А.П.Підоплічка, С.Г.Скарапанаў і інш.), геаграфія і генезіс глеб, меліярацыя глеб (В.С.Аношка, Я.М.Афанасьеў, М.П.Булгакаў, І.Ф.Гаркуша, У.В.Жылко, І.С.Лупіновіч, А.Р.Мядзведзеў, П.П.Рагавы, Т.А.Раманава, М.К.Чартко і інш.), геаграфія лясной і лугавой расліннасці (В.С.Гельтман, Д.С.Голад, І.​Д.​Юркевіч і інш.), зоагеаграфія Беларусі (М.С.Долбік), палеагеаграфія (Г.І.Гарэцкі, Н.​А.​Махнач і інш.), рацыянальнае прыродакарыстанне, ахова навакольнага асяроддзя (В.Н.Кісялёў, Ф.С.Марцінкевіч, А.У.Тамашэвіч і інш.), геаграфія нар. гаспадаркі (Г.​І.​Гарэцкі, Л.В.Казлоўская, М.Т.Раманоўскі і інш.), насельніцтва і населеныя пункты (В.А.Жучкевіч, А.А.Ракаў, С.А.Польскі і інш.). Дзейнічае Беларускае геаграфічнае таварыства.

Літ.:

Мир географии: География и географы. Природная среда. М., 1984;

Баландин Р.К., Бондарев Л.Г. Природа и цивилизация. М., 1988;

Энцыклапедыя прырода Беларусі. Т. 1—5. Мн., 1983—86.

Р.​А.​Жмойдзяк.

т. 5, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАЛО́ГІЯ (ад геа... + ...логія),

навука аб саставе, будове і гісторыі развіцця зямной кары і Зямлі, заканамернасцях утварэння і пашырэння горных парод, мінералаў, падземных вод і радовішчаў карысных выкапняў. Забяспечвае выяўленне і ацэнку мінер.-сыравінных рэсурсаў. Мае вял. гнасеалагічнае значэнне, паколькі аб’ект яе вывучэння — Зямля. Геалогія — адна з фундаментальных навук аб прыродзе Зямлі і Сусвету. Вылучаюць 3 кірункі геалогіі: апісальны (апісанне мінералаў, горных парод, геал. цел і інш.), дынамічны (вывучэнне геал. працэсаў і іх эвалюцыі), гістарычны (гісторыка-геал. рэканструкцыі). Геалогія падзяляецца на мінералогію, петраграфію, літалогію, стратыграфію, палеанталогію, палеагеаграфію, тэктоніку, гідрагеалогію, таксама геалогію антрапагену (гл. Чацвярцічная геалогія), інж., рэгіянальную, марскую, геалогію карысных выкапняў і інш.

Працэсы геал. мінулага даследуюцца на падставе вывучэння сучасных працэсаў з улікам эвалюцыі Зямлі (прынцып актуалізму). Геалогія карыстаецца метадамі назірання, картаграфавання, свідравання, комплексам геафіз. метадаў, касмічнай і аэрафотаздымкі, аптычнымі, электронна-мікраскапічнымі, рэнтгенаўскімі, спектральнымі, хім., ізатопнымі і інш. Цесна звязана з геагр. навукамі — геамарфалогіяй, фіз. геаграфіяй, кліматалогіяй, гідралогіяй, геадэзіяй, а таксама з навукамі, што вылучыліся з яе — геафізікай і геахіміяй. Геалогія шырока выкарыстоўвае дасягненні фізікі, хіміі, біялогіі, матэматыкі і інш. Геалогія ўзнікла ў працэсе практычнай дзейнасці чалавека, які з глыбокай старажытнасці выкарыстоўваў у побыце каменне, ваду падземных крыніц, руды. Першыя звесткі пра мінералы, горныя пароды, падземныя воды і пошукі карысных выкапняў ёсць у пісьмовых помніках Стараж. Егіпта, стараж. рукапісах Кітая, працах ант. вучоных Грэцыі і Рыма: Піфагора, Герадота, Арыстоцеля, Плінія Старэйшага. Перыяд да 18 ст. адметны назапашваннем разнастайных фактаў аб саставе горных парод і мінералаў, падземных вод, геал. з’явах. У 18 — 1-й пал. ст. М.В.Ламаносаў (Расія), Ж.Кюўе, Л.​Элі дэ Бамон, А.​Браньяр (Францыя), Л.​Бух, А.Г.Вернер (Германія), У.Сміт, А.Седжвік, Р.І.Мурчысан, Ч.Лаель, Дж.​Гетан (Вялікабрытанія), А.​Грэслі (Швейцарыя) сістэматызавалі разрозненыя геал. звесткі, прапанавалі шэраг асноватворных уяўленняў геалогіі, заклалі фундамент геал. навукі, якая аформілася ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст.

Тэарэт. асновы сучаснай геалогіі складаюць вучэнні аб глабальнай тэктоніцы пліт (гл. Тэктанічныя гіпотэзы), платформах і геасінкліналях, фацыях і фармацыях, літагенезе, магматызме, рудаўтварэнні, падземных водах і інш. Уклад у развіццё геалогіі зрабілі А.​Дз.Архангельскі, М.Бертран, С.М.Бубнаў, А.Вегенер, У.І.Вярнадскі, І.М.Губкін, Дж.Дана, А.М.Заварыцкі, Э.Зюс, У.А.Кавалеўскі, А.П.Карпінскі, Ф.Ю.Левінсон-Лесінг, Г.Ф.Мірчынк, Дз.В.Наліўкін, У.А.Обручаў, Э.​Ог, А.​П.​Паўлаў, Ф.​Дж.​Петыджан, М.М.Страхаў, Я.С.Фёдараў, А.Я.Ферсман, В.Я.Хаін, Дж.Хол, М.С.Шацкі, Г.Штыле, А.Л.Яншын і інш.

На Беларусі геал. вывучэнне тэрыторыі вядзецца з пач. 19 ст.: рабіліся маршрутныя апісанні, даследаваліся асобныя радовішчы карысных выкапняў (А.​Э.​Гедройц, Р.П.Гельмерсен, М.І.Крыштафовіч, Г.Б.Місуна, В.М.Севяргін, П.А.Туткоўскі і інш.). Планамернае вывучэнне геал. будовы пачалося з 1927, калі быў арганізаваны геал. ін-т у складзе Інбелкульта. У 1937 створана Геал. ўпраўленне для кіравання геолага-здымачнымі і геолага-пошукавымі работамі. Пасля Вял. Айч. вайны праведзена сярэднемаштабная, часткова дэталёвая геал. і гідрагеал. здымка, выконваліся геафіз. даследаванні, пошукава-разведачныя работы, накіраваныя на выяўленне радовішчаў карысных выкапняў. Высветлена геал. будова і гісторыя геал. развіцця, тэктоніка тэр. Беларусі, дэталёва даследаваны петраграфія і мінералогія крышт. фундамента, літалогія і геахімія платформавага чахла. Разведаны запасы калійных і каменнай солей, прэсных і мінер. падземных вод і ёдабромных расолаў, сыравіны для вытв-сці буд. матэрыялаў. Выяўлены радовішчы нафты, бурага вугалю, гаручых сланцаў, жал. руд, фасфарытаў, даўсаніту, сіліцытаў, рэдкіх металаў і інш. Вядуцца значныя інж.-геал. і геаэкалагічныя даследаванні. Вялікі ўклад у вывучэнне нетраў зрабілі: арганізатар геал. службы на Беларусі М.Ф.Бліадухо, бел. навук. школы, заснаваныя Г.І.Гарэцкім (геалогія антрапагену), А.С.Махначом (літалогія і геахімія даантрапагенных адкладаў), К.І.Лукашовым (геахімія навакольнага асяроддзя), Р.Г.Гарэцкім (геатэктоніка), Г.В.Багамолавым (гідрагеалогія), А.В.Мацвеевым (вывучэнне сучасных геал. працэсаў і геамарфалогія), Э.А.Ляўковым (неагеадынаміка), а таксама У.​А.​Багіна, Г.​І.​Ількевіч, П.​А.​Леановіч, В.​І.​Пасюкевіч, П.​З.​Хоміч і інш. Вытворчыя і н.-д. геал. работы праводзяць ВА «Беларусьгеалогія» і «Беларусьнафта», Геолагаразведачны беларускі навукова-даследчы інстытут, Інстытут геалагічных навук (ІГН) Нац. АН Беларусі, Беларускае дзяржаўнае навукова-даследчае геалагічнае прадпрыемства (Белгеа), Бел. дзярж. ін-т інж. вышуканняў («Геасервіс») і інш. Кадры па геалогіі рыхтуюць БДУ і Гомельскі дзярж. ун-т. Геал. даследаванні і іх каардынацыю ажыццяўляюць таксама Геалагічны міжнародны кангрэс, Міжнар. саюз геал. навук, Беларускае геалагічнае таварыства, Бел. нац. камітэт геолагаў. Асн. перыяд. выданні: «Літасфера», «Даклады АН Беларусі», «Весці АН Беларусі» : інш.

Літ.:

Аллисон А., Палмер Д. Геология: Наука о вечно меняющейся Земле: Пер. с англ. М., 1984;

Уотсон Дж. Геология и человек: Введение в прикладную геологию: Пер. с англ. Л., 1986;

Махнач А.С., Вазнячук Л.М. Геалагічнае мінулае Беларусі. Мн., 1959;

Геология СССР. Т. 3. Белорусская ССР. М., 1971;

История геологических наук в Белорусской ССР. Мн., 1978;

Геология Белоруссии: Достижения и пробл.: Сб науч. тр. Мн., 1988;

Гарэцкі Р.Г. і інш. Праблемы вывучэння літасферы Беларусі // Літасфера. 1994. № 1;

Гарецкий Р.Г., Каратаев Г.И. Основные проблемы экологической геологии // Там жа. 1995. №2.

А.​А.​Махнач.

т. 5, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)