Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАН,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі першапачаткова бог лясоў і статкаў, апякун пастухоў і паляўнічых, пазней — апякун усёй прыроды. Лічыўся сынам Гермеса ад Пенелопы або ад німфы Дрыёпы. Стараж. мастакі і скульптары паказвалі яго ў выглядзе паўчалавека-паўказла. П. меў лагодны нораў, але калі парушалі яго спакой, моцна злаваўся і наганяў на людзей жах (адсюль выразы «паніка», «панічны страх»); вызначаўся прыхільнасцю да віна і весялосці, палкай улюбёнасцю ў німфаў, якіх часта праследаваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АШУ́Р,
у акадскай міфалогіі вярхоўнае бажаство асірыйскага пантэона. Першапачаткова бог-апякун асірыйскіх цароў і горада Ашур. Эмблема Ашура — крылаты сонечны дыск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАГО́Н, Даган,
у стараж. заходнесеміцкай міфалогіі бог, які дае ежу, апякун земляробства, рыбнай лоўлі. У акадскай міфалогіі яго шанавалі як апекуна насельніцтва даліны сярэдняга Еўфрата, у шумерскай яму адпавядаў Энліль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНУ́БІС,
у егіпецкай міфалогіі першапачаткова бог смерці, пазней апякун памерлых, некропаля, пахавальных абрадаў і бальзаміравання. Уяўляўся ў вобразе ляжачага шакала чорнай масці або чалавека з галавой шакала. Стараж. грэкі атаясамлівалі Анубіса з Гермесам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЛЬКА́́РТ (фінікійскае, літар. цар горада),
у заходнесеміцкай міфалогіі вярх. бог г.Тыр. Шанаваўся ў Фінікіі і па-за яе межамі, у т. л. ў Карфагене, як апякун мараплаўства і «правадыр» фінікійскай каланізацыі. Атаясамліваўся з Гераклам. Культ М. суправаджаўся чалавечымі ахвярапрынашэннямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЭС,
у егіпецкай міфалогіі бажаство, якое ахоўвае чалавека ад бедаў, апякун сям’і. Уяўлялася ў вобразе чалавека-карліка, крываногага, з шырокім выродлівым барадатым тварам (лічылі, што выродлівасць адпужвае злых духаў), з нажом ці муз. інструментам у руках, на галаве тыяра з пёраў ці лістоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУША́РА,
у старажытнаарабскай міфалогіі вярхоўнае бажаство ў пантэоне Набатэйскай дзяржавы, апякун краіны і бог царскай дынастыі. Паводле міфа, народжаны дзевай-каменем; ідалам Д. служыў чорны камень, якому прыносілі ахвяру. Д. лічылі таксама богам-грамавержцам і атаясамлівалі з Зеўсам, Дыянісам, часам з Арэсам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНШУШЫНА́К,
у эламскай міфалогіі апякун сталіцы Эламаг. Сузы, уладар царства нябожчыкаў, бог клятвы і муж багіні клятвы Ішнікараб. У Сузах лічыўся абаронцам правасуддзя. У 2—1-м тыс. да н.э. І. разам з Хумпанам шанаваўся як адзін з двух гал. багоў. Правіцелі Элама называлі сябе яго «любімымі слугамі».