БЕ́ЛЫЯ НО́ЧЫ,

светлыя ночы ў пачатку лета, калі вячэрняя зара пераходзіць у ранішні золак і ўсю ноч доўжыцца змрок. Назіраюцца ў Паўн. і Паўд. паўшар’ях на шыротах 60—90°, калі дыск Сонца апоўначы апускаецца ніжэй за гарызонт не больш як на 7°.

т. 3, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКУ́ЛІЧ (Уладзімір Лявонцьевіч) (2.4.1904, г. Радвілішкіс, Літва — 17.12.1972),

бел. кінааператар. Засл. дз. маст. Беларусі (1955). Скончыў тэхнікум кінематаграфіі (Адэса, 1928). З 1947 на кінастудыі «Беларусьфільм». Зняў маст. фільмы «Палеская легенда», «Гадзіннік спыніўся апоўначы», «Рагаты бастыён» (1965) і інш., сюжэты для кіначасопісаў і навук.-папулярных фільмаў, кінанарысы, дакумент. фільмы. Аператар-пастаноўшчык тэлевіз. маст. фільма «Побач з вамі» (1967).

т. 1, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́НКІН (Евель Мордухавіч) (26.10.1922, в. Шчадрын Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. — 2.5.1996),

бел. мастак кіно. Засл. дз. маст. Беларусі (1968). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1943). З 1946 працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм». Лепшыя работы адметныя кампазіцыйнай завершанасцю, трапнай характарыстыкай вобразаў. Мастак-пастаноўшчык фільмаў «Паўлінка» (1952), «Пяюць жаваранкі» (1953), «Хто смяецца апошнім» (1954, з А.​Грыгар’янцам), «Нашы суседзі» (1957), «Гадзіннік спыніўся апоўначы» (1958), «Апошні хлеб» (1963), «Крыніцы» (1965), «Я родам з дзяцінства» (1967), «Вайна пад стрэхамі» (1971), «Заўтра будзе позна» (СССР — Чэхаславакія, 1973), «Хлеб пахне порахам» (1974), тэлефільмаў «Кафедра» (1982), «Яго батальён» (1988), «Пайсці і не вярнуцца» (1989). Працаваў таксама ў галіне станковай і кніжнай графікі.

Л.​Ф.​Салавей.

т. 5, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЛО́Ў (Дзмітрый Аляксеевіч) (26.9.1903, Масква — 18.6.1969),

акцёр, рэжысёр. Нар. арт. Беларусі (1940). Праф. (1961). Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1925). У 1936—51 акцёр і рэжысёр Дзярж. рус. драм. т-ра Беларусі. У 1948—69 выкладаў у Бел. тэатр.-маст. ін-це. Акцёр шырокага творчага дыяпазону, дасканалага прафес. майстэрства: Хлестакоў («Рэвізор» М.​Гогаля), цар Фёдар Іаанавіч (аднайм. п’еса А.​К.​Талстога), Мальволіо («Дванаццатая ноч» У.​Шэкспіра), Чайка («Што пасееш, тое і пажнеш» В.​Палескага). Пастаноўкі Арлова вызначаліся тэатр. культурай, раскрыццём аўтарскай задумы твора: «Дзядзя Ваня» А.​Чэхава (1949), «Шалёныя грошы» А.​Астроўскага (1961) і інш. Здымаўся ў кіно («Гадзіннік спыніўся апоўначы», «Веснавыя навальніцы» і інш.).

Літ.:

Вішкароў Б. Акцёр, рэжысёр, педагог (Дз.​А.​Арлоў) // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960;

Бурьян Б., Лисневский И. На театральных перекрёстках. Мн., 1967.

Дз.А.Арлоў.

т. 1, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРНАВУ́ХАЎ (Яўген Аляксандравіч) (23.2.1917, в. Масеева Наваржэўскага р-на Пскоўскай вобл., Расія — 23.2.1984),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1955). Скончыў Ленінградскі тэатр. ін-т (1939). Працаваў у Дзярж. рус. драм. т-ры Беларусі (1939—41, 1945—64). З 1964 у Маск. т-ры імя Маякоўскага. Выканаўца героіка-рамант. і характарных роляў. У творчасці спалучаў востры сцэн. малюнак з эмацыянальнасцю выканання. Сярод роляў у Дзярж. рус. драм. т-ры Беларусі: Фердынанд («Каварства і каханне» Ф.​Шылера), Тэадора («Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі), Эдмунд («Кароль Лір» У.​Шэкспіра), Тузенбах («Тры сястры» А.​Чэхава), Барыс Гадуноў («Цар Фёдар Іаанавіч» А.​К.​Талстога), Камандзір карабля («Аптымістычная трагедыя» У.​Вішнеўскага), Эдлай Гамільтан («Дзень нараджэння Тэрэзы» Г.​Мдывані). Зняўся ў бел. кінафільмах «Чырвонае лісце», «Гадзіннік спыніўся апоўначы».

Літ.:

Атрошчанка А. На шляху творчай сталасці // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.

Г.​Р.​Герштэйн.

Я.А.Карнавухаў.
Я.Карнавухаў у ролі Эдмунда.

т. 8, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ПАРАЦЬ-КВЕ́ТКА,

міфалагічны вобраз народнага падання. Вядомы ўсх. славянам і інш. народам. Паводле падання, апоўначы на Купалле ў лясным гушчары раз на год зацвітае папараць. Высачыць і сарваць гэтую кветку, якую ахоўваюць розныя пачвары і страшыдлы, можа толькі адважны і сумленны чалавек. Сарваўшы кветку, ён стане празорлівым і зразумее гаворку дрэў і траў, звяроў і птушак, яму адкрыюцца заклятыя ў зямлі скарбы. У гэтым паданні пра цудадзейную П.-к. ўвасоблена мара чалавека аб шчасці, імкненне да пазнання таямніц свету. У бел. фальклоры паданне мела шмат варыянтаў, у т.-л. і сац. пераасэнсаванне. Міфалагічны матыў П.-к. шырока выкарыстаны ў л-ры і мастацтве. Да яго звярталіся М.​Гогаль, Ю.​Крашэўскі, В.​Дунін-Марцінкевіч, Я.​Купала, У.​Караткевіч (п’еса «Калыска чатырох чараўніц»), І.​Козел (п’еса «Папараць-кветка»), А.​Туранкоў (опера «Кветка шчасця» паводле муз. драмы М.​Чарота «На Купалле»).

А.​С.​Ліс.

т. 12, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАВА́РСКАЯ (Зінаіда Іванаўна) (н. 31.8.1916, ст. Адэса-Дачная, Украіна),

бел. актрыса, рэжысёр, педагог. Нар. арт. Беларусі (1967). Скончыла Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1937). Сцэн. дзейнасць пачала ў Т-ры юнага гледача Беларусі. З 1938 у Нац. акад. т-ры імя Я.​Купалы (у 1941—50 у франтавым т-ры Масквы, т-рах Ашхабада, Пензы, Куйбышава). Выканаўца лірыка-драм. і вострахарактарных роляў. У творчасці спалучае выразны вонкавапластычны малюнак з псіхал. характарыстыкай персанажа. З лепшых роляў: Бажашуткава («Амністыя» М.​Матукоўскага), Маці («Зацюканы апостал» А.​Макаёнка), Ірына («Вогненны мост» Б.​Рамашова), Юлечка («Даходнае месца» А.​Астроўскага), Нора («Нора» Г.​Ібсена), Ніхаль («Дзівак» Назыма Хікмета), Клея («Ліса і вінаград» Г.​Фігейрэду), Эржы («Гульня з кошкай» І.​Эркеня), Сара Бернар («Смех лангусты» Дж.​Марэла), Понсія («Гульня ў джын» Д.​Кобурна). Знялася ў фільмах «Гадзіннік спыніўся апоўначы», «Нашы суседзі», «Хто смяецца апошнім», у тэлевіз. спектаклі «Крах». Аўтар і рэжысёр радыёпастановак («Вайна пад стрэхамі» паводле А.​Адамовіча і інш.). У 1953—55 і 1967—88 выкладала ў Бел. тэатр.-маст. ін-це.

З.І.Браварская.

т. 3, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ЧАР (Алесь) (Айзік Евелевіч; 27.6.1910, в. Прудзішча Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. — 9.7.1996),

бел. крытык і драматург. Вучыўся ў БДУ і Бел. вышэйшым пед. ін-це (1929—32), Маскоўскім ін-це гісторыі, філасофіі і л-ры. У 1938—40 выкладчык Мінскага пед. ін-та. З 1945 у газ. «Літаратура і мастацтва», «Настаўніцкай газеце», у Дзярж. выдавецтве БССР. У 1960—68 на кінастудыі «Беларусьфільм». Друкаваўся з 1927. У яго працах 1930—40-х г. вульгарна-сацыялагічныя ацэнкі творчасці Я.​Купалы, Я.​Коласа, З.​Бядулі, М.​Багдановіча, К.​Чорнага, У.​Хадыкі і інш., прыпісванне ім бурж.-нацыяналіст. ідэалогіі, эстэцтва. У пазнейшых артыкулах і нарысах пра класікаў бел. л-ры, творчасць пісьменнікаў Беларусі (зб. «Літаратурна-крытычныя артыкулы», 1953; «Аб мастацкай прозе», 1961) пазбавіўся спрошчанай трактоўкі твораў. Аўтар п’ес пра партыз. рух («Заложнікі», паст. 1944), мінскіх падпольшчыкаў («Гэта было ў Мінску», паст. 1949), пасляваеннае буд-ва («Неспакойныя сэрцы», паст. 1952), сцэнарыяў маст. фільмаў «Чырвонае лісце» (з А.​Куляшовым, 1958), «Гадзіннік спыніўся апоўначы» (з М.​Фігуроўскім, 1958), «Лісты да жывых» (1965), «Усходні калідор» (з В.​Вінаградавым, 1968).

Тв.:

Над Дзвіной, Нямігай, Віліяй: П’есы і кінасцэнарыі. Мн., 1962;

Аблічча часу. Мн., 1971;

Літаратурна-крытычныя артыкулы: Выбранае. Мн., 1980.

У.​М.​Конан.

т. 9, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́БАН (Ісак Ісакавіч) (23.3.1906, г. Чэрыкаў Магілёўскай вобл. — 7.11.1975),

бел. кампазітар. Засл. дз. маст. Беларусі (1956). Скончыў Бел. муз. тэхнікум (1928, клас М.Аладава). У 1928—36 маст. кіраўнік муз. вяшчання Бел. радыё, у 1937—41 — Ансамбля песні і танца Бел. філармоніі. У 1932—38 старшыня праўлення Саюза кампазітараў Беларусі. З 1945 у Маскве. Найб. плённа працаваў у вак. жанрах; яго меладычная мова вызначаецца арганічным сплавам інтанацый нар. і сучаснай масавай песні. Сярод твораў: вак.-сімф. сюіта «Граніца ў песнях» на словы П.​Броўкі, П.​Глебкі, І.​Шапавалава (1935); сюіты «Калгасная вечарынка» і «Беларускае вяселле» для салістаў, хору і арк. нар. інструментаў (словы ўласныя і нар., 1939); песні «Бывайце здаровы», «Не глядзі на другіх», «Толькі з табою», «Не шукай» (на словы А.​Русака), «Песня дукорскіх партызан» і «Дарагая Беларусь» (словы Броўкі), «Наш тост» (словы М.​Касэнкі) і інш.; музыка да драм. спектакляў, у т. л. «Несцерка» ў Бел. т-ры імя Я.​Коласа (1941) і кінафільмаў, у т. л. «Новы дом» (з І.​Дунаеўскім), «Беларускі канцэрт», «Палеская легенда», «Гадзіннік спыніўся апоўначы». Дзярж. прэмія СССР 1946.

Літ.:

Журавлев Д.Н. И.​И.​Любан. Л., 1968.

Дз.​М.​Жураўлёў.

І.І.Любан.

т. 9, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЖЭ́ЦКАЯ (Лідзія Іванаўна) (17.4.1899, Мінск — 24.10.1977),

бел. актрыса. Нар. арт. Беларусі (1944). Нар. арт. СССР (1955). Сцэн. дзейнасць пачала ў 1916. У 1917—20 працавала ў Першым бел. т-ве драмы і камедыі, з 1921 — у Бел. т-ры імя Я.​Купалы. Актрыса шырокага творчага дыяпазону. Для творчасці характэрны глыбіня думкі і прастата выканання, народнасць, мяккі лірызм і гумар, палкая грамадзянскасць. Значнымі дасягненнямі сталі яе ролі ў бел. рэпертуары: Альжбета («Паўлінка» Я.​Купалы), Маці («Бацькаўшчына» К.​Чорнага), Наталля, цёця Каця, Вярбіцкая («Канец дружбы», «Хто смяецца апошнім», «Пяюць жаваранкі» К.​Крапівы), Каспарыха («Салавей» З.​Бядулі), Ганначка («На Купалле» М.​Чарота), Афрасіння («Машэка» Е.​Міровіча), Ганна Чыхнюк («Выбачайце, калі ласка!» А.​Макаёнка). У класічнай рус. і сусв. драматургіі спалучала традыц. падыход да класікі з сучасным яго разуменнем, уласнай адметнай трактоўкай вобразаў: Мурзавецкая, Кручыніна і Галчыха, Шаблова, Домна Панцялееўна, Кукушкіна, Турусіна («Ваўкі і авечкі», «Без віны вінаватыя», «Позняе каханне», «Таленты і паклоннікі», «Даходнае месца», «На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.​Астроўскага), Сакалова («Апошнія» М.​Горкага), Фразіна («Скупы» Мальера). Сярод інш. роляў: Марфа Пятроўна («Рускія людзі» К.​Сіманава), Марфа Касьянаўна («У мяцеліцу» Л.​Лявонава), Заіра («Мяцеж» Дз.​Фурманава і С.​Паліванава) і інш. Выступала на радыё, здымалася ў кіно («Хто смяецца апошнім», «Гадзіннік спыніўся апоўначы»), Дзярж. прэмія СССР 1951.

Літ.:

Бутакоў А. Актрыса яскравага таленту // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960;

Хрэстаматыя па гісторыі беларускага тэатра і драматургіі. 2 выд. Мн., 2000. Т. 3. С. 240—252.

В.​А.​Ракіцкі.

Л.І.Ржэцкая.
Л.Ржэцкая ў ролі Альжбеты.

т. 13, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)