РУ́ТКАІ ((Ruttkai) Ева) (31.12.1927, Будапешт — 1986),

венгерская актрыса. Нар. арт. Венгрыі (1969). Скончыла Вышэйшую школу т-ра і кіно (1953), выкладала ў ёй. На сцэне з 1945. З 1948 у Нац. т-ры, з 1951 у т-ры «Вігсінхаз». Сярод роляў: Луіза («Каварства і каханне» Ф.​Шылера), Раксана («Сірано дэ Бержэрак» Э.​Растана), Ніна Зарэчная («Чайка» А.​Чэхава), Наташа Растова («Вайна і мір» паводле Л.​Талстога), Джульета («Рамэо і Джульета» У.​Шэкспіра), Мэгі («Кошка на распаленым даху» Т.​Уільямса) і інш. Творчасці ўласцівы вытанчанасць, глыбіня ўнутр. пераўвасаблення. З 1948 здымалася ў кіно: «Сабо» (у сав. пракаце «Ганна Сабо»), «Замужжа Каталіны Кіш» (у сав. пракаце «Шчасце Каталіны Кіш»), «Апоўначы», «Гісторыя майго глупства», «Сіндбад», «Лабірынт» і інш. Прэміі імя Ясаі 1950, 1955, 1965. Дзярж. прэмія імя Кошута 1960.

т. 13, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)