АПАНЕ́НТ [ад лац. opponens (opponentis) які пярэчыць],
1) праціўнік у спрэчцы, дыскусіі.
2) Асоба, якой даручана публічная ацэнка дысертацыі, даклада, напр. афіц. апанент.
т. 1, с. 417
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЙРТАН ((Ireton) Генры) (1611, Атэнбара, графства Нотынгемшыр, Англія — 28.11.1651),
дзеяч англійскай рэвалюцыі 17 ст., ідэолаг памяркоўных індэпендэнтаў. Генерал парламенцкай арміі, паплечнік О.Кромвеля. З пач. грамадз. вайны ў 1642 выступіў на баку парламента супраць раялістаў, стаў адным з арганізатараў новай арміі. У 1645 выбраны ў Доўгі парламент. На канферэнцыі ў Патні (1647) гал. апанент левелераў, выступаў за захаванне караля і палаты лордаў, супраць ідэі «народакіравання». У 1648 дзеля захавання ўлады індэпендэнтамі стаў адным з арганізатараў і ўдзельнікаў суда над Карлам I, падпісаў яму смяротны прыгавор. У 1649 удзельнічаў у Ірландскім паходзе, лорд-правіцель Ірландыі (з 1650).
т. 1, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЦІНІ́ЗМ,
слова ці выраз, што перайшлі з лацінскай мовы як запазычанні ці ў выглядзе словаўтваральных, семантычных або сінтакс. калек. У ранні перыяд развіцця бел. мовы гал. роля ва ўзбагачэнні яе тэрміналогіі Л. належала польскай мове, з 2-й пал. 16 ст. ў сувязі з пашырэннем на тэр. Беларусі грамадскіх і культ. функцый лац. мовы Л. запазычваліся і непасрэдна праз пісьмовую і вусную мовы. У 14—18 ст. Л. значна папоўнілася бел. грамадска-паліт., юрыд., канцылярская («депутатъ», «статутъ», «секретаръ») і сац.-эканам. («аренда», «сума») лексіка, атрымала новыя сродкі выражэння тэрміналогія навукі, л-ры, мастацтва («веригъ», «нота», «студентъ»). Многія старыя Л. захаваліся ў бел. мове да нашага часу. У 19—20 ст. крыніцай Л. для бел. мовы стала рус. мова, з якой запазычваюцца пераважна інтэрнацыяналізмы («інфляцыя», «эвалюцыя»). Спецыфічная прыкмета Л. — канцавыя спалучэнні «-ум» («пленум»), «-ус» («корпус»), «-ент» («апанент»), «-цыя» («градацыя»), «-тар» («экватар») і інш.
Літ.:
Булыка АМ. Лексічныя запазычанні ў беларускай мове XIV—XVIII стст. Мн., 1980.
А.М.Булыка.
т. 9, с. 166
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕЙБАРЫ́СЦКАЯ ПАРТЫЯ ВЯЛІКАБРЫТА́НІІ (Labour Party Рабочая партыя),
адна з дзвюх гал. партый краіны. апанент Кансерватыўнай партыі Вялікабрытаніі. Засн. ў 1900 (да 1906 наз. К-т рабочага прадстаўніцтва) на базе чартысцкага руху (гл. Чартызм). Паводле складу пераважна партыя рабочых і часткова сярэдніх слаёў. Ідэалогія — рэфармісцкі сацыялізм (гл. Рэфармізм); пасля 2-й сусв. вайны выступала за дэкаланізацыю Брыт. імперыі (у т. л. наданне незалежнасці Індыі, Бірме, Цэйлону), да 1989 і супраць уцягвання Вялікабрытаніі ў зах.-еўрап. інтэграцыйны працэс. У 1924 і 1929—31 (прэм’ер-міністр Дж.Р.Макдональд), 1945—51 (прэм’ер-міністр К.Р.Этлі), 1964—70, 1974—79 (прэм’ер-міністры Дж.Г.Вільсан і Л.Дж.Калагэн) і з 1997 (прэм’ер-міністр Э.Блейр) кіруючая партыя. У сярэдзіне 1990-х г. разам з падкантрольнымі прафсаюзамі мела больш за 5 млн. членаў. Кіруючыя органы — штогадовы парт. з’езд, паміж з’ездамі — нац. выканаўчы к-т.
Літ.:
Виноградов В.Н. У истоков лейбористской партии (1889—1900). М., 1965;
Перегудов С.П. Лейбористская партия в социально-политической системе Великобритании. М., 1975;
Рыжиков В.А. Британский лейборизм сегодня: теория и практика: Политика послевоен. лейборист. правительств Великобритании. М., 1984;
Осадчая Ж.Ф. Лейбористская партия Великобритании: лицом к будущему. М., 1990.
т. 9, с. 188
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭСПУБЛІКА́НСКАЯ ПА́РТЫЯ (англ Republican Party),
адна з дзвюх вядучых паліт. арг-цый у ЗША; апанент Дэмакратычнай партыі. Засн. ў 1854 на базе партыі вігаў. Першым ад Р.п. на пасаду прэзідэнта краіны ў 1860 выбраны А.Лінкальн. У час грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65 партыя падтрымлівала паўн. штаты (федэральны цэнтр). Да канца 19 ст. акрэслілася як кансерватыўная групоўка з ліберальным крылом, прадстаўляла пераважна інтарэсы прамыслоўцаў і банкіраў. З пач. 20 ст. выступае і за сац. рэформы пры нязменным захаванні прыватнай ініцыятывы (гл. таксама Кансерватызм, Лібералізм). Прэзідэнты ЗША ад Р.п. (10 супраць 7 прэзідэнтаў-дэмакратаў у 20 ст.): А.Лінкальн (1861—65), Э.Джонсан (1865—68), У.С.Грант (1869—77), Р.Б.Хейс (1877—81), Дж.А.Гарфілд (1881), Ч.А.Артур (1881—85), У.Мак-Кінлі (1897—1901), Т.Рузвельт (1901—09), У.Х.Тафт (1909—13), У.Гардынг (1921—23), К.Кулідж (1923—29), Г.К.Гувер (1929—33), Д.Д.Эйзенхаўэр (1953—61), Р.М.Ніксан (1969—74), Дж.Р.Форд (1974—76), Р.У.Рэйган (1981—89), Дж.Буш-старэйшы (1989—93), Дж.Буш-малодшы (з 2001). Партыя не мае пастаянных членства, праграмы і статута. Раз у 4 гады (перад прэзідэнцкімі выбарамі) склікаецца парт. з’езд, які прымае праграму, выбірае кандыдатаў на пасады прэзідэнта і віцэ-прэзідэнта ЗША; бягучую парт. дзейнасць каардынуе Нац. к-т (штаб-кватэра ў Вашынгтоне). Сімвал партыі — выява слана.
Літ.:
Никонов В.А. От Эйзенхауэра к Никсону: Из истории Респ. партии США. М., 1984;
Я го ж. Республиканцы: от Никсона к Рейгану. М., 1988.
т. 14, с. 24
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)