АНТРЭ́ [ад франц. entree уваход, выхад (на сцэну)],

1) у цырку — першапачаткова з’яўленне клоуна на манежы. У сучасным цырку сюжэтная, размоўная ці пантамімічная сцэнка, якую выконвае клоун. Складаецца з рэпрызаў, эксцэнтрычных і буфанадных трукаў, элементаў пародыі і пантамімы.

2) У балеце — уступная частка разгорнутага па-дэ-дэ (па-дэ-труа), выхад аднаго ці некалькіх выканаўцаў.

т. 1, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА-ДЭ-ТРУА́ (франц. pas de trois літар. танец утраіх),

у балеце адна з разнавіднасцей класічнага ансамбля для 3 удзельнікаў. Мае кананічную структуру: выхад (антрэ), адажыо, варыяцыі кожнага з удзельнікаў, агульная кода. У 19 ст. мела пераважна дывертысментны (устаўны) характар. Абмалёўвала не гал. герояў, а іх сяброў і асяроддзе, эмац. атмасферу і інш. («Пахіта» Э.Дэльдэвеза, балетмайстар М.Петыпа; «Акіян і дзве жамчужыны» ці «Канёк-Гарбунок» Ц.Пуні, балетмайстар А.Горскі). Каб узмацніць дзейснасць харэаграфіі, сучасныя балетмайстры ўводзяць гал. герояў у па-дэ-труа класічных спектакляў («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага, балетмайстар Ю.Грыгаровіч). У сучасных балетах танц. трыо звычайна маюць больш свабодную форму.

т. 11, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАБЕРВА́ЛЬ (Dauberval, D’Auberval; сапр. Бершэ; Bercher) Жан (19.8.1742, г. Манпелье, Францыя — 14.2.1806), французскі артыст балета, балетмайстар. Вучань і паслядоўнік рэфарматара танца Ж.Ж.Навера. Дэбютаваў у Парыжскай оперы ў 1761, у 1770—83 яе саліст. Віртуозны танцоўшчык паўхарактарнага жанру. Сярод партый: Паляк («Галантная Індыя» Ф.Рамо), антрэ Зямлі («Стыхіі» А.Дэтуша), Крэон («Медэя і Ясон» Ж.Ж.Радольфа). У 1789—92 выступаў і ставіў балеты ў Бардо (Францыя) і Лондане. Яго лепшы балет «Марная перасцярога» на зборную музыку (1789) захаваўся ў рэпертуары да нашага часу. Сярод інш. пастановак: «Пігмаліён» Ж.Ж.Русо, «Дэзерцір» на муз. П.А.Мансіньі, «Легкадумны паж», «Тэлемак на востраве Каліпса». У творчасці спалучаў танец з пантамімай, шырока выкарыстоўваў нар. і быт. танец.

т. 5, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА-ДЭ-ДЭ (франц. pas de deux літар. танец удваіх),

музычна-танцавальная форма пераважна ў класічным балеце. Першапачаткова — танец 2 выканаўцаў, які дэманстраваў іх майстэрства і грацыёзнасць. Класічная форма пачала складвацца ў эпоху рамантызму і была звязана з паяўленнем новых сцэн. герояў, абмалёўка вобразаў якіх патрабавала больш складанай тэхнікі. У 2-й пал. 19 ст. склалася канчатковая структура — выхад выканаўцаў (антрэ), адажыо (дуэтны танец у павольным тэмпе), варыяцыі (сола) танцоўшчыка і танцоўшчыцы, сумесная кода (заключная частка). Класічныя ўзоры па-дэ-дэ стварылі М.Петыпа («Лебядзінае возера» і «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), у сучасным балеце — В.Вайнонен («Полымя Парыжа» Б.Асаф’ева), І.В.Псота («Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева).

т. 11, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА Д’АКСЬЁН (франц. pas d’action ад pas крок + action дзеянне),

складаная муз.-танц. форма, арганічна звязаная з развіццём балетнага сюжэта; адна з асн. форм дзейснага танца. Раскрывае драм. змест. асобнай балетнай сцэны ці ўсяго балетнага спектакля. У П. д’а. ўдзельнічаюць салісты, карыфеі, кардэбалет. Як сінтэз пантамімы і чыстага танца стаў асновай балетных пастановак Ж.Ж.Навера. У эпоху рамантызму, згодна з працэсамі сімфанізацыі музыкі і ўдасканалення класічнага танца, набываў больш выразную структуру. Паступова склалася форма, якая ўключала выхад (антрэ) усіх удзельнікаў, адажыо салістаў у суправаджэнні карыфеяў і кардэбалета, шматлікіх варыяцый і агульнай коды. Канчатковую форму дзейсны танец набыў у балетах М.Петыпа, дзе ў кульмінац. моманты дзеяння выяўляў патаемныя пачуцці герояў. Сустракаецца і ў сучасных балетах.

т. 11, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)