Анарха-сіндыкалізм 1/317—318; 8/565

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АНА́РХА-СІНДЫКАЛІ́ЗМ,

плынь у рабочым руху, сфарміраваная пад уплывам анархізму. Узнік у канцы 19 ст. ў Францыі, Італіі, Іспаніі, Швейцарыі, краінах Лац. Амерыкі. Найб. росквіту дасягнуў на пач. 20 ст. Яго прыхільнікі адмаўляюць паліт. арг-цыю рабочых; вышэйшай формай арг-цыі лічаць рабочыя сіндыкаты (прафсаюзы), якія падрыхтуюць і ажыццявяць сац. пераварот, і тады будуць ліквідаваны паліт. ўлада і дзяржава. У выніку асн. сродкі вытв-сці, кіраванне вытв-сцю і размеркаванне пяройдуць да Федэрацыі сіндыкатаў, якая павінна стаць на чале новага грамадства. Анарха-сіндыкалізм і зараз робіць уплыў на частку рабочых і дробнай буржуазіі. Сучасныя яго прыхільнікі канцэнтруюць увагу на праблемах свабоды асобы і насіллі як адзінай форме барацьбы за пераход да свабоднага грамадства. Ідэі анарха-сіндыкалізму выкарыстоўваюць розныя леваэкстрэмісцкія плыні.

М.В.Навучыцель.

т. 1, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАРХІ́ЗМ (ад грэч. anarchia безуладдзе),

ідэалогія, грамадска-паліт. плынь у рэв. руху, мэта якой — вызваленне асобы ад паліт., эканам. і духоўнай улады. У тэарэт. адносінах не мае адзінай, лагічна паслядоўнай канцэпцыі. Асобныя ідэі анархізму існавалі яшчэ ў антычнай філасофіі (Платон, стоікі), атрымалі развіццё ў ідэалогіі гусізму, творах франц. асветнікаў і асабліва грамадска-паліт. дзеячаў 19 ст.: М.Штырнера, П.Прудона, М.Бакуніна, П.Крапоткіна і інш. Сац.-філас. аснова анархізму — індывідуалізм, суб’ектывізм і валюнтарызм. Анархізм негатыўна ставіцца да дзяржавы як сац. ін-та, замяняе дзяржаву абшчынай, у якой рэалізуецца свабода асобы. Як грамадска-паліт. плынь аформіўся ў 1840—70-я г. ў Зах. Еўропе. У Расіі ідэі анархізму ўспрынялі народнікі (гл. Народніцтва). У пач. 20 ст. анархізм атрымаў новае развіццё. У 1903—05 на Беларусі групоўкі анархістаў існавалі ў Баранавічах, Брэсце, Гродне і інш., у 1917—20 — у Віцебску, Гомелі, Мінску. Іх дзейнасці ўласцівы рэв. нецярпімасць, авантурызм, хістанні ад супрацоўніцтва з Саветамі да антысав. выступленняў. Пасля 2-й сусв. вайны анархізм выступае пераважна ў форме неаанархізму (анарха-сіндыкалізм, анарха-калектывізм, анарха-камунізм, трацкізм, мааізм і г.д.). Дзейнасць анархістаў праявілася ў гады грамадзянскай вайны (гл. Махно). Ідэі анархізму ўплываюць на погляды «новых левых», «зялёных», «левых радыкалаў», прыхільнікаў альтэрнатыўных рухаў і інш.

Т.І.Адула.

т. 1, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГІЛЬДЗЕ́ЙСКІ САЦЫЯЛІЗМ»,

гільдэізм, рэфармісцкая плынь у Вялікабрытаніі ў пач. 20 ст. Заснавальнікі — члены «Фабіянскага таварыства» (Дж.Коўл і інш.), якія стварылі ў 1914 Нац. гільдзейскую лігу і распрацавалі праграму «Гільдзейскага сацыялізму» (спалучала традыц. палажэнні фабіянскага рэфармізму з ідэямі анарха-сіндыкалізму). Тэарэтыкі «Гільдзейскага сацыялізму» ўяўлялі пераход ад капіталізму да сацыялізму ў выглядзе паступовага працэсу выцяснення капіталіст. манаполій шляхам перадачы нацыяналізаваных прадпрыемстваў нац. гільдыям — аб’яднанням працоўных пэўнай галіны. У 1920-я г. «Гільдзейскі сацыялізм» сышоў з паліт. арэны.

т. 5, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАХНО́ (Нестар Іванавіч) (29.10.1889, г. Гуляйполе Запарожскай вобл., Украіна — 6.7.1934),

украінскі паліт. дзеяч, адзін з кіраўнікоў анарха-сял. паўстанцкага руху на Украіне ў 1918—21. У рэвалюцыю 1905—07 далучыўся да анархістаў (гл. Анархізм). У 1909 за забойства паліцэйскага прыстава прыгавораны да смяротнага пакарання, замененага на 10 гадоў катаргі. Пасля вызвалення (1917) вярнуўся ў Гуляйполе, дзе ў крас. 1918 узначаліў анархісцкі партыз. атрад, які змагаўся супраць памешчыкаў, укр. гетманскіх улад і аўстра-герм. акупантаў. У 1919—21 ваяваў супраць белагвардзейцаў, пятлюраўцаў і Чырв. Арміі. З восені 1919 камандаваў «Рэвалюцыйна-паўстанцкай арміяй Украіны» (30—50 тыс. чал.). Дзейнічаў імкліва і жорстка, спалучаў партыз. тактыку з дзеяннямі буйных сіл конніцы і пяхоты. Выступаў за «безуладную дзяржаву» і «вольныя Саветы», свабоду эканам. дзейнасці для сялян. Тройчы заключаў пагадненні з Сав. уладай і дзейнічаў на баку чырв. войск, але кожны раз, незадаволены палітыкай бальшавікоў у адносінах да сялянства і байцоў сваіх атрадаў, уздымаў антысав. мяцяжы. Да восені 1921 разгромлены Чырв. Арміяй, эмігрыраваў. Жыў у Румыніі, Польшчы, Францыі. Аўтар кн. «Успаміны» ( выд. 1992).

Літ.:

Белаш А.В., Белаш В.Ф. Дороги Нестора Махно: Ист. повествование. Киев, 1993;

Телицын В. Нестор Махно. М.;

Смоленск, 1998.

т. 10, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)