АНА́ЛЬНЫЯ ЗАЛО́ЗЫ,
скурныя апакрынныя залозы млекакормячых, якія адкрываюцца каля анальнай адтуліны або ў поласць задняй кішкі; вытворныя потавых і тлушчавых залозаў. Асн. функцыя — выдзяленне пахучых рэчываў, з дапамогай якіх жывёлы пазначаюць сваю тэрыторыю. Выдзяленні некаторых драпежнікаў (скунса, норкі) маюць сакрэт з рэзкім, непрыемным, устойлівым пахам, які адпужвае ворага або прываблівае асобін процілеглага полу.
т. 1, с. 336
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́БЛА
(Rutilus rutilus caspicus),
рыба сям. карпавых, падвід плоткі. Жыве ў Каспійскім м., недалёка ад берагоў. Паўпрахадная, чародная рыба.
Даўж. да 35 см (зрэдку да 50 см), маса да 800 г. Спінны плаўнік кароткі, грудныя, брушныя і анальныя плаўнікі звычайна цёмныя. Рот паўніжні. Корміцца пераважна малюскамі, таксама ракападобнымі, лічынкамі хіранамід і расліннасцю. На нераст вясной заходзіць у р. Волгу, Церак, Урал, Эмбу. Маляўкі скочваюцца ў мора, дзе жывуць да палавой спеласці (2—5 гадоў). Аб’ект промыслу. Колькасць скарачаецца.
т. 4, с. 244
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЕ́НАВЫЯ
(Hyaenidae),
сямейства млекакормячых атр. Драпежных. 3 роды: гіены паласатыя (Hyaena), гіены плямістыя (Crocuta) і ваўкі земляныя (Proteles). 4 віды: гіена паласатая (H. hyaena), гіена бурая (H. brunnea), гіена плямістая (C. crocuta), воўк земляны (P. cristatus). Пашыраны ў Афрыцы, Пярэдняй, Сярэдняй і Паўд.-Зах. Азіі. Жывуць пераважна ў паўпустынях і пустынях. Гіена бурая і падвід гіена барбарыйская (H. hyaena barbara) занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. цела 55—165 см, хваста 20—33 см, маса 10—80 кг. Поўсць жаўтавата-шэрая ці брудна-бурая з плямамі і папярочнымі палосамі. Пярэднія канечнасці даўжэйшыя за заднія; шыя тоўстая, галава масіўная, зубы і сківіцы моцныя. Анальныя залозы выдзяляюць сакрэт з рэзкім пахам. Нараджаюць 2—4 (зрэдку 6) дзіцянят. Начныя драпежнікі, жывяцца пераважна мярцвячынай, нападаюць на дзікіх капытных, зрэдку на свойскую жывёлу.
т. 5, с. 241
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)