АЛІЛУ́Я (ад стараж.-яўр. халелуя хваліце Бога),

у хрысціянскім богаслужэнні прыпеў царк. песнапення, ва іудаізме заклік да ўхвалення Бога. Часта трапляецца ў псалмах Давіда, Старым і Новым Запаветах.

т. 1, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУБАЙДУ́ЛІНА (Соф’я Асгатаўна) (н. 24.10.1931, г. Чыстапаль, Татарстан),

расійскі кампазітар. Засл. дз. маст. Расіі (1990). Скончыла Казанскую (1954) і Маскоўскую (1959) кансерваторыі. Вучаніца М.​Пяйко і В.​Шабаліна (кампазіцыя). У творчасці, якая сінтэзуе муз. традыцыі Захаду і Усходу, выкарыстоўвае сучасныя сродкі муз. выразнасці, у т. л. тэмбравай (нетрадыцыйныя інстр. склады).

Сярод твораў: балет «Бягучая па хвалях» паводле А.​Грына (1963), кантаты «Ноч у Мемфісе» (1968), «Рубаят» (1969), «Perception» (1983), «Прысвячэнне Марыне Цвятаевай» (1984), «Алілуя» (1990); 1-часткавыя творы для вял. сімф. аркестра «Час душы» (з мецца-сапрана, 1976), «Offertorium» (1980); сімфонія «Чую... Змоўкла...» (1986); канцэрты для саліруючых інструментаў з камерна-інстр. складамі; камерна-інстр. творы для нетрадыцыйных складаў; сольныя інстр. творы; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. З пач. 1990-х г. жыве ў Германіі.

т. 5, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́РБУТ (Уладзімір Іванавіч) (14.4.1888, хутар Нарбутаўка Глухаўскага р-на Сумскай вобл., Украіна — сак. 1938),

рускі паэт. Брат Г.І.Нарбута. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це (1906—12). Уваходзіў у аб’яднанне акмеістаў «Цэх паэтаў». У 1922—28 на парт. і выдавецкай рабоце ў Маскве. У 1936 рэпрэсіраваны, рэабілітаваны ў 1956. Друкаваўся з 1908. У першым зб. «Вершы» (1910) пераважае тэма прыроды. У паэт. зб-ках «Алілуя» (1912, арыштаваны цэнзурай; 2-е выд. 1922), «Вій» (1915), «Верацяно» (1919), «Плоць», «У вогненных слупах», «Вершы пра вайну» (усе 1920), «Вялікдзень» (1922) і інш. тэмы адчаю і надзеі, спалучэнне розных стылістычных і моўных пластоў — ад біблейскага да вясковага. Аўтар паэмы «Аляксандра Паўлаўна» (1922), апавяданняў, этнагр. нарысаў, артыкулаў пра М.​Гумілёва, С.​Гарадзецкага, М.​Клюева, М.​Цвятаеву, В.​Мандэльштама і інш. Творчасці Н. ўласціва сувязь з укр. фальклорам, выкарыстанне ўкраінізмаў, царкоўнаславянізмаў, інтэнсіўнасць фарбаў, натуралізм.

Тв.:

Избр. стихи. Париж, 1983;

Стихотворения. М., 1990.

т. 11, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСКО́Л рэлігійны,

рэлігійна-грамадскі рух у Расіі, у выніку якога адбылося аддзяленне ад рус. правасл. царквы самаст. рэліг. плыні — стараабрадства. Зачэпкай для Р. з’явіліся рэформы 1653—60, праведзеныя патрыярхам Ніканам з мэтай павышэння аўтарытэту царквы і патрыяршаства і ўсталявання аднастайнасці ў царк. службе. Рэформа ліквідавала адрозненні паміж рус. і грэч. чынамі богаслужэння і прадугледжвала выпраўленні розначытанняў у рус. царк. кнігах паводле грэч. узораў. Нікан шырока выкарыстоўваў богаслужбовую практыку правасл. царквы ў Рэчы Паспалітай, дзе адрозненняў ад грэч. царквы не было; святары і манахі з Беларусі і Украіны (напр., Сімяон Полацкі) актыўна ўдзельнічалі ў правядзенні рэформы. Так 8-канцовы крыж быў заменены на 6-канцовы, 2-пальцавае хрышчэнне — 3-пальцавым, двайная (сугубая) алілуя — трайной і інш. Супраць новаўвядзенняў і за захаванне старой набожнасці выступіла частка духавенства на чале з пратапопамі Авакумам, Даніілам, Іванам Няронавым і інш. На царк. саборах 1654—55 і 1666—67 перамаглі прыхільнікі рэформ. Аднак праціўнікі перамен не падпарадкаваліся саборным пастановам і т.ч. «раскалолі» царкву (адсюль Р.). Раскольнікі падвяргаліся ганенням з боку патрыяршаства і царскай улады: іх высылалі на ўскраіны Расіі, знявольвалі ў турмы і манастыры, катавалі і каралі смерцю; шмат іх уцякло за мяжу, у т. л. на Беларусь. У 2-й пал. 17 ст. стараабрадства стала ідэйным сцягам самых розных апазіцыйных рухаў — ад антыфеад.-сялянскіх да кансерватыўна-баярскіх. Супярэчлівы характар, сац. неаднароднасць удзельнікаў Р. абумовілі наяўнасць розных па арганізацыі і ідэалогіі груповак стараабрадства.

Ю.​В.​Бажэнаў.

т. 13, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)