АЛІГАМЕ́РЫ,
члены гамалагічных шэрагаў, якія па памеры малекул (мал. м.) займаюць прамежкавае становішча паміж манамерамі і высокамалекулярнымі злучэннямі. Верхняй мяжой мал. масы алігамераў з’яўляецца яе значэнне, пры якім праяўляюцца ўласцівасці высокамал. злучэнняў, у палярных алігамераў — 1,5∙104, у непалярных — 5∙103. Метады сінтэзу алігамераў заснаваныя на рэакцыях абмежавання росту макрамалекул (гл. Тэламерызацыя і Полікандэнсацыя) і на дэструкцыі высокамал. злучэнняў. Да сінтэтычных алігамераў належаць поліэфірныя, алкідныя, фенола-фармальдэгідныя, эпаксідныя смолы, вадкія каўчукі, сінт. маторнае паліва і інш. Прыродныя алігамеры — алігацукрыды, алігануклеатыды, цыклаалігапептыды, оксітацын і інш.
т. 1, с. 254
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІГА... (ад грэч. oligos нешматлікі, нязначны),
першая састаўная частка складаных слоў, якая паказвае на малую колькасць, нешматлікасць чаго-н., на адхіленне ад нормы ў бок памяншэння, напр. алігамеры, алігаполія.
т. 1, с. 254
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІГАЭФІРАКРЫЛА́ТЫ, поліэфіракрылаты,
сінтэтычныя алігамеры, прадукты ўзаемадзеяння мнагаатамных спіртоў з многаасноўнымі к-тамі ў прысутнасці рэгулятараў росту макрамалекул (напр., акрылавыя к-ты). Бясколерныя вязкія вадкасці ці цвёрдыя рэчывы. Маюць высокую рэакцыйную здольнасць. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці шклапластыкаў, лакафарбавых матэрыялаў, клеяў, кампаўндаў, палімербетону, герметыкаў, друкарскіх формаў.
т. 1, с. 256
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІУРЭТА́НЫ,
сінтэтычныя палімеры, якія маюць у асн. ланцугу макрамалекулы урэтанавыя групы —NH—C(O)O—. Звычайна маюць і інш. функцыян. групы, якія разам з урэтанавай групай вызначаюць уласцівасці палімераў (напр., поліэфірурэтаны маюць простыя эфірныя і складанаэфірныя групы, поліурэтанмачавіны — мачавінныя, поліамідаурэтаны — амідныя). Вядомы лінейныя і сеткавыя П., а таксама урэтанфункцыян. алігамеры.
Лінейныя П. — цвёрдыя аморфныя ці крышт. рэчывы, мал. м. (1—5)∙104. Раствараюцца ў дыметылфармамідзе, дыметылсульфаксідзе, фенолах. Сеткавыя П — мяккія высокаэластычныя ці цвёрдыя рэчывы, нерастваральныя ў вадзе і арган. растваральніках. Урэтанфункцыян. алігамеры — вязкія вадкасці, мал. м. (1—5) 10. Раствараюцца ў многіх арган. растваральніках. Для П. характэрны высокія трываласць, зноса-, масла-, бенза-, кіслота- і атмасфераўстойлівасць, невысокая ўстойлівасць пры павышаных т-рах і да ўздзеяння шчолачаў. У прам-сці атрымліваюць узаемадзеяннем ды- ці поліізацыянатаў (гл. Ізацыянаты) з двух- ці трохатамнымі спіртамі. Выкарыстоўваюць для атрымання пенапластаў, кляёў, плёнак, лакаў, валокнаў (гл. Поліурэтанавыя валокны), каўчукоў (гл. Урэтанавыя эластамеры).
М.Р.Пракапчук.
т. 12, с. 478
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭМНІЙАРГАНІ́ЧНЫЯ ВА́ДКАСЦІ, сіліконавае масла,
арганасілаксанавыя алігамеры ці палімеры з невысокай малекулярнай масай, якія захоўваюць цякучасць у шырокім дыяпазоне тэмператур (ад -135 да 250—300 °C). К.в. бясколерныя, характарызуюцца гідрафобнасцю, хім. інертнасцю, адносна малым змяненнем вязкасці пры змене т-ры, высокімі сціскальнасцю, тэрмічнай (240—350 °C) і тэрмаакісляльнай (150—300 °C) стабільнасцю, добрымі дыэлектрычнымі ўласцівасцямі. Выкарыстоўваюць у якасці гідраўлічных вадкасцей, гідрафабізатараў, змазак і інш. Гл. таксама Крэмнійарганічныя палімеры.
т. 8, с. 539
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЁНКАЎТВАРА́ЛЬНЫЯ РЭ́ЧЫВЫ, плёнкаўтваральнікі,
рэчывы (звычайна алігамеры ці палімеры), здольныя ўтвараць шчыльныя, трывалыя плёнкі пры нанясенні іх на цвёрдую паверхню; асн. кампаненты лакафарбавых матэрыялаў. Паводле паходжання адрозніваюць прыродныя (напр., высыхальныя алеі, смолы прыродныя) і сінтэтычныя. Найб. пашыраны сінт. П.р., на аснове якіх атрымліваюць лакафарбавыя пакрыцці з больш стабільнымі і разнастайнымі характарыстыкамі, чым на аснове прыродных.
Большасць П.в. — рэакцыйназдольныя алігамеры разгалінаванай ці лінейнай будовы (алкідныя, фенола-фармальдэгідныя, меламіна-фармальдэгідныя, поліэфірныя і эпаксідныя смолы, некаторыя супалімеры акрылатаў). У якасці П.р. выкарыстоўваюць таксама параўнальна нізкамалекулярныя (напр., поліакрылаты, хлорзмяшчальныя палімеры) і высокамалекулярныя палімеры (гл. Парашковыя фарбы). Паводле рэакцыйнай здольнасці падзяляюць на П.р. неператваральныя, ці абарачальныя (тэрмапластычныя), якія ўтвараюць плёнку ў выніку выпарэння растваральніку, і ператваральныя, ці неабарачальныя (тэрмарэактыўныя), якія пры фарміраванні пакрыцця ператвараюцца ў сеткавыя палімеры ў выніку рэакцый полікандэнсацыі ці полімерызацыі па функц. групах (гл. Ацвярдзенне палімераў). Выкарыстоўваюць пераважна ў выглядзе раствораў у лятучых арган. растваральніках, водных раствораў і дысперсій.
Літ.:
Сорокин М.Ф., Кочнова З.А., Шодэ Л.Г. Химия и технология пленкообразующих веществ. 2 изд. М., 1989.
М.Р.Пракапчук.
т. 12, с. 426
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЦВЯРДЖА́ЛЬНІКІ,
хімічныя рэчывы, якія садзейнічаюць ацвярдзенню рэакцыйназдольных алігамераў. Да іх належаць: поліфункцыянальныя злучэнні (ды- і поліаміны, гліколі, ангідрыды арган. кіслот) — рэагуюць з алігамерамі і ўваходзяць у структуру сеткаватага палімеру; ініцыятары (арган. пераксіды, аза- і дыазазлучэнні) — ацвярджаюць алігамеры з ненасычанымі групамі (напр., алігаэфіракрылаты); каталізатары (трацічныя аміны, сульфакіслоты, асновы і інш.) — паскараюць узаемадзеянне функцыянальных груп алігамераў ці поліфункцыянальных ацвярджальнікаў; комплексныя злучэнні — актыўнае рэчыва ўтвараецца пры т-рах, блізкіх да т-р ацвярдзення.
т. 2, с. 161
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІСУЛЬФІ́ДНЫЯ КАЎЧУКІ́, тыяколы,
сінтэтычныя палімеры, прадукты полікандэнсацыі аліфатычных дыгалагенвытворных з полісульфідамі шчолачных металаў. Агульная ф-ла HS[—R—Sm—],SH, дае R — алкіл, m ≈ 2 ці 4.
Існуюць П.к. вадкія і цвёрдыя. Вадкія П.к., ці полісульфідныя алігамеры (т-ра застывання ад -32 да -10 °C), маюць мал. м. 500—7500, раствараюцца ў бензоле, талуоле, цыклагексане, дыаксане, хлараформе. Цвёрдыя П.к. з мал. м. (2—5) 105 нерастваральныя. Найб. пашыраныя вадкія П.к. (каля 90% ад агульнага аб’ёму выпуску) атрымліваюць расшчапленнем П.к. высокай малекулярнай масы. Гума з П.к. масла-, бенза-, атмасфера-, радыяцыйна- і азонаўстойлівая, газа- і воданепранікальная, устойлівая ў разбаўленых к-тах і растворах шчолачаў. Т-ра эксплуатацыі ад -55 да 170 °C. Вадкія П.к. выкарыстоўваюць як аснову герметыкаў і сінт. кляёў, цвёрдыя для гуміравання бетонных паліўных рэзервуараў, у вытв-сці маслабензаўстойлівых гумаватэхн. вырабаў. Гл таксама Вадкія каўчукі.
т. 12, с. 478
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)