СМО́ЛЫ,

сумесь арганічных, пераважна высокамалекулярных злучэнняў прыроднага паходжання (прыродныя С.) або штучна атрыманых (сінт. С.).

С. прыродныя, ці натуральныя — прадукты жыццядзейнасці некат. раслін (пераважна трапічных і хвойных), што назапашваюцца ў каналах іх ствалоў, каранёў і інш. органаў. З’яўляюцца асн. кампанентам вадкасцей (жывіцы хвойных і бальзамаў трапічных раслін), якія вылучаюцца на паверхні кары раслін самаадвольна або пры яе мех. пашкоджанні ў перыяд вегетацыі (гл. Падсочка). Некат., т.зв. выкапнёвыя С., здабываюць з зямлі (напр., бурштын). С. — афарбаваныя (ад жоўтага да цёмна-рудога колеру) шклопадобныя рэчывы, плавяцца пры награванні, не раствараюцца ў вадзе, раствараюцца ці набракаюць у арган. растваральніках, здольныя да плёнкаўтварэння (гл. Плёнкаўтваральныя рэчывы). Асн. кампаненты раслінных С.: смаляныя кіслоты, рэзінолы — адна- або шмататамныя спірты, эфіры смаляных кіслот і рэзінолаў ці аднаатамных фенолаў, рэзены — інертныя вуглевадароды (напр., у бурштыне іх да 70%). Найб. пашыраныя прыродныя С. — акароід, бурштын, дамара, каніфоль, капалы, масцікс, сандарак, шэлак. У прам-сці выкарыстоўваюць пераважна каніфоль, а таксама капалы (кампанент атмасфераўстойлівых алейных лакаў), шэлак (кампанент мэблевых спіртавых лакаў і палітур) і бурштын. С. сінтэтычныя — тэрмарэактыўныя сінт. алігамеры, здольныя пры перапрацоўцы ў выніку ацвярдзення ператварацца ў нерастваральныя і няплаўкія прадукты (гл. Ацвярдзенне палімераў). Асн. метад іх сінтэзу — полікандэнсацыя. Да сінт. С. адносяцца алкідныя смолы, амінаальдэгідныя смолы, поліэфірныя смолы, фенола-фармальдэгідныя смолы, эпаксідныя смолы. У прам-сці С. сінт. замяняюць прыродныя. Выкарыстоўваюць як плёнкаўтваральнікі лакафарбавых матэрыялаў, сувязнае для пластмас, герметыкаў і кляёў, для апрэтавання тканін, праклейвання паперы і інш. Гл. таксама Драўнінная смала, Каменнавугальная смала.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 15, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)