АЛІГАМЕ́РЫ,

члены гамалагічных шэрагаў, якія па памеры малекул (мал. м.) займаюць прамежкавае становішча паміж манамерамі і высокамалекулярнымі злучэннямі. Верхняй мяжой мал. масы алігамераў з’яўляецца яе значэнне, пры якім праяўляюцца ўласцівасці высокамал. злучэнняў, у палярных алігамераў — 1,5·10​4, у непалярных — 5·10​3. Метады сінтэзу алігамераў заснаваныя на рэакцыях абмежавання росту макрамалекул (гл. Тэламерызацыя і Полікандэнсацыя) і на дэструкцыі высокамал. злучэнняў. Да сінтэтычных алігамераў належаць поліэфірныя, алкідныя, фенола-фармальдэгідныя, эпаксідныя смолы, вадкія каўчукі, сінт. маторнае паліва і інш. Прыродныя алігамеры — алігацукрыды, алігануклеатыды, цыклаалігапептыды, оксітацын і інш.

т. 1, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

алігаме́ры

(ад аліга- + -мер)

палімеры нізкай ступені полімерызацыі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

алігаме́р

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз. мн.
Н. алігаме́р алігаме́ры
Р. алігаме́ру алігаме́раў
Д. алігаме́ру алігаме́рам
В. алігаме́р алігаме́ры
Т. алігаме́рам алігаме́рамі
М. алігаме́ры алігаме́рах

Крыніцы: piskunou2012.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2025, актуальны правапіс)

АЛІГА...

(ад грэч. oligos нешматлікі, нязначны),

першая састаўная частка складаных слоў, якая паказвае на малую колькасць, нешматлікасць чаго-н., на адхіленне ад нормы ў бок памяншэння, напр. алігамеры, алігаполія.

т. 1, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІГАЭФІРАКРЫЛА́ТЫ, поліэфіракрылаты,

сінтэтычныя алігамеры, прадукты ўзаемадзеяння мнагаатамных спіртоў з многаасноўнымі к-тамі ў прысутнасці рэгулятараў росту макрамалекул (напр., акрылавыя к-ты). Бясколерныя вязкія вадкасці ці цвёрдыя рэчывы. Маюць высокую рэакцыйную здольнасць. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці шклапластыкаў, лакафарбавых матэрыялаў, клеяў, кампаўндаў, палімербетону, герметыкаў, друкарскіх формаў.

т. 1, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЦВЯРДЖА́ЛЬНІКІ,

хімічныя рэчывы, якія садзейнічаюць ацвярдзенню рэакцыйназдольных алігамераў. Да іх належаць: поліфункцыянальныя злучэнні (ды- і поліаміны, гліколі, ангідрыды арган. кіслот) — рэагуюць з алігамерамі і ўваходзяць у структуру сеткаватага палімеру; ініцыятары (арган. пераксіды, аза- і дыазазлучэнні) — ацвярджаюць алігамеры з ненасычанымі групамі (напр., алігаэфіракрылаты); каталізатары (трацічныя аміны, сульфакіслоты, асновы і інш.) — паскараюць узаемадзеянне функцыянальных груп алігамераў ці поліфункцыянальных ацвярджальнікаў; комплексныя злучэнні — актыўнае рэчыва ўтвараецца пры т-рах, блізкіх да т-р ацвярдзення.

т. 2, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)