АЛА́ДАВА (Алена Васілеўна) (22.5.1907, г. Пружаны — 29.5.1986),
бел. мастацтвазнавец. Засл. дз. маст. Беларусі (1966). Жонка М.І.Аладава. Скончыла БДУ (1928). З 1937 працавала ў музеях Мінска. У 1944—77 дырэктар Дзярж. маст. музея Беларусі. Яе намаганнямі ў пасляваен. гады адноўлены фонд музея, сабраны творы бел., рус., зарубежнага мастацтва (у 1977 больш за 15 тыс. экспанатаў), арганізаваны шматлікія экспазіцыі і выстаўкі. Аўтар кніг пра творчасць І.Ахрэмчыка, П.Гаўрыленкі, В.Цвіркі, пра Дзярж. маст. музей Беларусі (1958), бел. жывапіс (1978) і інш.
т. 1, с. 225
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛА́ДАВА (Радаслава Мікалаеўна) (н. 11.2.1945, Мінск),
бел. музыказнавец. Канд. мастацтвазнаўства (1980). Дачка М.І.Аладава. Скончыла Бел. кансерваторыю (1968). З 1971 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. Навук. працы пераважна па пытаннях нац. муз. стылю.
Тв.:
Аб поліфанізацыі фактуры ў беларускай сімфанічнай музыцы другой палавіны 50-х—60-х гадоў // Бел. музыка. Мн., 1975. Вып. 1;
Белорусское симфоническое творчество // Межнациональные связи в советской музыкальной культуре. Л., 1987;
«Фольклорный» камерно-вокальный цикл в белорусской музыке 70-х гг. // Вопр. культуры и искусства Белоруссии. Мн., 1988. Вып. 7;
Опера С.Картэса «Візіт дамы» ў яе сувязях з літаратурай // Там жа. 1994. Вып. 13.
т. 1, с. 226
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАРТЭ́Т САЮ́ЗА КАМПАЗІ́ТАРАЎ БССР,
ансамбль інструменталістаў. Існаваў у Мінску ў 1962—90. У першы склад уваходзілі В.Сарока (1-я скрыпка), П.Валадарскі (2-я скрыпка), Л.Ластаўка (альт), М.Шчарбакоў (віяланчэль), у другі — Ю.Гершовіч (з 1965), Т.Боднева, В.Баткіна, Шчарбакоў. У рэпертуары большасць квартэтаў бел. кампазітараў (М.Аладава, В.Войціка, В.Залатарова, Дз.Лукаса, І.Лучанка, П.Падкавырава, Э.Ханка, К.Цесакова, М.Чуркіна), а таксама творы сусв. квартэтнай класікі, сучасных замежных кампазітараў. Выкананне квартэта вызначалі ансамблевая зладжанасць, пачуццё стылю.
Р.М.Аладава.
т. 8, с. 211
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРЫЧЭ́НКА (Віктар Лук’янавіч) (19.8.1935, г. Ліскі Варонежскай вобл., Расія — 25.4.1974),
бел. спявак (лірычны тэнар). Засл. арт. Беларусі (1968). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1963). З 1963 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Валодаў лёгкім рухомым голасам цёплага тэмбру. Яго выкананне вызначалася музыкальнасцю, тонкім лірызмам, шчырасцю. Сярод партый: Мільчык і Уронак («Яснае світанне» А.Туранкова), Пётр («Зорка Венера» Ю.Семянякі), Сашка («Андрэй Касценя» М.Аладава), Ленскі («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Уладзімір Ігаравіч («Князь Ігар» А.Барадзіна), граф Альмавіва («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Альфрэд, Герцаг, Касіо («Травіята», «Рыгалета», «Атэла» Дж.Вердзі), Немарына («Любоўны напітак» Г.Даніцэці), Фауст («Фауст» Ш.Гуно), Надзір («Шукальнікі жэмчугу» Ж.Бізэ), Рудольф («Багема» Дж.Пучыні), Дон Атавіо («Дон Жуан» В.А.Моцарта), П’еро («Балаганчык» А.Янчанкі), у тэлеоперах «Тарас на Парнасе» М.Аладава, «Ранак» Г.Вагнера.
т. 8, с. 289
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІГНА́ЦЬЕЎ (Рудольф Веньямінавіч) (н. 8.9.1941, г. Вічуга Іванаўскай вобл., Расія),
бел. кларнетыст. Засл. арт. Беларусі (1992). Скончыў Бел. кансерваторыю (1969). З 1967 артыст, з 1976 саліст (1-ы кларнетыст) Дзярж. акад. сімф. аркестра Рэспублікі Беларусь. Выконвае сола для кларнета ў творах класікаў і сучасных, у т. л. бел., кампазітараў (М.Аладава, А.Багатырова, Я.Глебава, Дз.Смольскага, Я.Цікоцкага і інш.). У 1972—80 выкладаў у Мінскім муз. вучылішчы.
т. 7, с. 163
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУДЗЕ́ЛЯ (Леанід Лаўрэнцьевіч) (н. 4.12.1940, г. Нежын Чарнігаўскай вобл., Украіна),
бел. спявак (лірычны тэнар), педагог. Засл. арт. Беларусі (1985). Скончыў Бел. кансерваторыю (1969). З 1962 артыст, у 1966—94 саліст Акадэмічнага хору Бел. тэлебачання і радыё. З 1975 выкладае ў Бел. ун-це культуры. Выконваў адказныя сола, у т. л. ў харах «Шчабятуха» М.Аладава, «Па Суздалі» Б.Краўчанкі, «Тры птушкі» М.Равеля, негрыцянскіх спірычуэлс.
Л.С.Мітаковіч.
т. 8, с. 557
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУМАРЭ́СКА (ням. Humoreske ад Humor гумар),
1) у літаратуры — невялікі вершаваны або празаічны твор жартаўлівага зместу. У яго сюжэтнай аснове звычайна смешная прыгода, камічнае быт. здарэнне, а аб’ект асмяяння — жыццёвая з’ява або загана ў чал. характары, якія не маюць адзнак сац. шкоднасці ці небяспечнасці. Эмацыянальна-стылявым ладам набліжаецца да анекдота, фабліо, фацэцыі.
2) У музыцы — музычны твор гумарыстычнага (жартаўлівага) характару, блізкі да скерца.
Першую гумарэску стварыў Р.Шуман (для фп., 1839); складаецца з шэрагу лірычных і скерцозных эпізодаў, спалучае летуценнасць з жартам. Пазней паявіліся гумарэскі рознага вобразнага вырашэння: жанрава-быт., скерцознатанц., лірычнага, гратэскавага (блізкага да бурлескі і капрычыо), салоннага характару. Вядомы гумарэскі для аркестра (Э.Гумпердынк), для 4-галосага мужч. хору а capella (Клёве).
У бел. музыцы значнае пашырэнне жанру гумарэскі звязана, верагодна, з вял. развіццём жартоўных песень і прыпевак да танцаў у нац. фальклоры. У прафес. музыцы вядомы гумарэскі для розных інструментаў, для аркестра, у фіналах сюітных цыклаў Л.Абеліёвіча, М.Аладава, У.Алоўнікава, Г.Вагнера, В.Войціка, Я.Глебава, Я.Дзягцярыка, С.Картэса, П.Падкавырава, Р.Суруса, А.Туранкова, У.Чараднічэнкі, Л.Шлег і інш.
Р.М.Аладава (музыка).
т. 5, с. 531
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ДЗЯРЖА́ЎНАЯ КАПЭ́ЛА.
Існавала ў 1928—30 у Мінску. Арганізавана на базе Бел. студыйнага хору, створанага ў 1926 па ініцыятыве Інбелкульта. У студз. 1929 умацавана лепшымі артыстамі з хору Бел. дзярж. муз. тэхнікума (усяго 55 чал.). Кіраўнік А.Ягораў. Папулярызавала бел. нар. песні, выконвала творы бел. кампазітараў (у т. л. хары з оперы М.Аладава «Тарас на Парнасе»), Удзельнічала ў выкананні 9-й сімфоніі Л.Бетховена. Большасць артыстаў капэлы ўвайшла ў склад Беларускай студыі оперы і балета.
т. 2, с. 410
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЛУБЕВА (Наталля Аляксандраўна) (н. 3.4.1966, С.-Пецярбург),
бел. кампазітар. Скончыла Бел. акадэмію музыкі (1991, клас Дз.Смольскага). Працуе ў тэхніках муз. авангарда. Чл. Бел. асацыяцыі сучаснай музыкі. Сярод асн. твораў: «Супрэматызмы» для сімф. аркестра (1993, 1-я прэмія на міжнар. конкурсе «Musik and Earth», Сафія, 1996), «Нумерацыі для аркестра», «АУМ» для мяшанага хору і сімф. аркестра, «Крышталь у святле промня» для камернага ансамбля, «Алегорыя» для сапрана, барытона і камернага ансамбля, «Лічбы» для фп., электронная кампазіцыя «Conus sonoris».
Р.М.Аладава.
т. 5, с. 327
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫШЧАПЁНАК (Валерый Георгіевіч) (15.11.1921, г. Омск, Расія — 7.11.2000),
бел. спявак (барытон). Засл. арт. Беларусі (1971). Скончыў Бел. кансерваторыю (1955). З 1955 саліст ансамбля песні і танца БВА, у 1956—58 і ў 1968—81 саліст хору Бел. тэлебачання і радыё, у 1958—68 — Дзяржтэлерадыё Беларусі. Рэпертуар складаўся з песень і рамансаў бел. кампазітараў, бел. нар. песень. Выканаў партыі Паўла, Андрэя, Шата ў радыёмантажах опер «Павел Карчагін» П.Падкавырава, «Андрэй Касценя» М.Аладава, аперэты «Алазанская даліна» Ю.Бяльзацкага.
т. 13, с. 88
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)