ТРЫ́О (італьян. trio ад. лац. tres, tria тры),

1) ансамбль з трох выканаўцаў. Паводле выканальніцкага складу адрозніваюць інстр., вак. і вак.-інстр.; паводле складу інструментаў — аднародныя і мяшаныя.

2) Сярэдняя частка інстр. п’есы ў складанай 3-часткавай форме танц. характару (менуэты, скерца, маршы, вальсы, паланэзы). У бел. аўтараў вядомы Т. М.​Аладава, А.​Багатырова, Г.​Вагнера, Я.​Глебава, У.​Дарохіна, С.​Картэса, Дз.​Смольскага, Р.​Суруса, М.​Чуркіна і інш. 3) Муз. твор для трох выканаўцаў (пераважна інстр. Т.). Лепшыя ўзоры інстр. Т. вылучаюцца развітасцю партый, іх раўнапраўем, глыбінёй маст. задумы.

Т. бел. кампазітараў (Л.​Абеліёвіча, Аладава, Багатырова, Вагнера, Я.​Дзягцярыка, В.​Залатарова, П.​Падкавырава, Ю.​Семянякі, А.​Туранкова, К.​Цесакова, Я.​Цікоцкага, Л.​Шлег і інш.) адрозніваецца самабытным пераўтварэннем нар.песенных інтанацый, выкарыстаннем узораў бел. фальклору, стварэннем вобразна-эмац. кантрастаў лірыка-псіхал. і жанравага планаў.

Літ.:

Гайдамович Т. Инструментальные ансамбли. 2 изд. М., 1963;

Раабен Л. Инструментальный ансамбль в русской музыке. М., 1961;

Миронов Л. Трио Бетховена для фортепиано, скрипки и виолончели. М., 1974;

Петраш А. Жанры позднеренессансной инструментальной музыки и становление сонаты и сюиты // Вопросы теории и эстетики музыки. Л., 1975. Вып. 14.

Т.​А.​Шчэрба.

т. 15, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)