Аканне 1/185, 463; 2/224; 7/565; 11/187, 531

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

А́КАННЕ,

вымаўленне не пад націскам гука «а» заўсёды або ў пэўным становішчы ў адпаведнасці з галоснымі «а», «о», «е» пад націскам. Характэрная асаблівасць бел. літ. мовы (перадаецца і на пісьме) і мясц. гаворак асн. масіву, за выключэннем усх.-палескай (мазырскай) групы, а таксама рус. літ. мовы і яе паўд. гаворак. Адрозніваюць аканне пасля цвёрдых і аканне пасля мяккіх (яканне) зычных. У бел. мове пашырана недысімілятыўнае (моцнае) і дысімілятыўнае аканне. Пры недысімілятыўным гук «а» выступае заўсёды ў 1-м складзе перад націскам, а таксама пераважна і ў інш. ненаціскных складах: «вада́», «чалаве́к», «гавары́ў», «го́рад». Гэтае аканне ўласціва гаворкам сярэднебел. групы, полацка-мінскай падгрупы паўн.-ўсх. і паўд.-зах. дыялектам, дзе яно, аднак, няпоўнае, а таксама літ. мове. Пры дысімілятыўным аканні ў 1-м складзе перад націскам гук «а» вымаўляецца, калі пад націскам выступае любы галосны, акрамя «а». Перад складам з націскам «а» пасля цвёрдых зычных утвараецца невыразны гук «ь» або «ы». Падобныя гукі адзначаюцца і ў інш. ненаціскных складах, за выключэннем канцавога адкрытага складу: «вады́», «траво́й», але «тръва́», «бъръда́» (аднак «мно́га», «го́ра»). Такое аканне ў гаворках магілёўска-віцебскай падгрупы паўн.-ўсх. дыялекту.

Літ.:

Крывіцкі А.А., Падлужны А.І. Фанетыка беларускай мовы. Мн., 1984.

А.​А.​Крывіцкі.

т. 1, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРФАЭ́ПІЯ (ад грэч. orthos правільны + epos маўленне),

сукупнасць вымаўленчых нормаў, уласцівых літаратурнай мове, якія забяспечваюць аднастайнасць гукавога афармлення вуснай мовы.

2) Раздзел мовазнаўства, які вывучае нормы вымаўлення. Непарыўна звязана з фанетычнай сістэмай мовы, бо ўключае і характарыстыку вымаўлення асобных гукаў (арфафанію, напр. дзеканне, цеканне, неаглушэнне «й» і г.д.) і іх вымаўленне ў залежнасці ад пазіцыі ў слове. Такія, напр., выразныя асаблівасці бел. фанетыкі, як недысімілятыўнае аканне («вада», «маладзік», «чалавек»), прыстаўныя галосныя («ільняны», «аўторак», «імгла») і зычныя («вока», «завочнік»), мяккія свісцячыя «з» і «с» перад наступнымі мяккімі («бязлесіца», «з зімы», «песня»), мяккія афрыкаты «дз» і «ц» («Дзвіна», «дзверы», «цвёрды»), губна-губны «в(ў)» («траўка», «жоўты»), падоўжаныя зычныя («збожжа», «галлё», «насенне») замацаваліся як арфаэпічныя нормы. Да арфаграфіі часта адносяць таксама правілы пастаноўкі націску і інтанацыйныя правілы.

Літ.:

Янкоўскі Ф.М. Беларускае літаратурнае вымаўленне. 4 выд. Мн., 1976;

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985;

Фанетыка беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1989.

т. 1, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯЛЕКТАЛО́ГІЯ (ад дыялект + ...логія),

раздзел мовазнаўства, які вывучае дыялекты. Бел. Д. вылучылася з фалькларыстыкі і этнаграфіі ў канцы 19 ст.

Фактычныя звесткі пра жывую вусную мову беларусаў пачалі назапашвацца ў фалькл.этнагр. запісах 1-й пал. 19 ст. Такая спадарожная рэгістрацыя бел. дыялектнай мовы была асноўнай да пач. 20 ст. (З.​Я.​Даленга-Хадакоўскі, І.​І.​Шыдлоўскі, М.​А.​Дзмітрыеў, Я.​Чачот, П.​М.​Шпілеўскі, А.​Кіркор. Р.​С.​Зянькевіч, П.​В.​Шэйн, П.​А.​Бяссонаў, М.​Я.​Нікіфароўскі, Е.​Р.​Раманаў, М.​А.​Янчук, М.​В.​Доўнар-Запольскі, А.​Я.​Багдановіч, М.​Федароўскі і інш.). Спробы лінгвістычнага даследавання сабраных матэрыялаў адносяцца да 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. (І.​І.​Насовіч, М.​А.​Коласаў, К.​Ю.​Апель, І.​А.​Нядзёшаў, Раманаў, У.​М.​Дабравольскі, А.​К.​Сержпутоўскі, І.​А.​Сербаў). Заснавальнікам бел. Д. стаў Я.Ф.Карскі. Пытанні бел. Д. асвятляліся таксама ў працах па рускай (усх. слав.) гісторыі і Д. (А.​І.​Сабалеўскі, А.​А.​Шахматаў, В.​А.​Багародзіцкі). Важнае значэнне мелі працы Маск. дыялекталагічнай камісіі (М.​М.​Дурнаво, М.​М.​Сакалоў, Дз.​М.​Ушакоў).

У сав. час працягвалася вывучэнне гаворак паасобных раёнаў Беларусі, у т. л. бел.-ўкр. і бел.-рус. моўных сумежжаў (П.​А.​Бузук, П.​А.​Растаргуеў), бел. міждыялектнай зоны пераходных гаворак (І.​В.​Воўк-Левановіч, С.​М.​Некрашэвіч). Выконвалася шырокая праграма збірання дыялектнай лексікі, распрацаваная камісіяй Інбелкульта па складанні слоўніка жывой бел. мовы. Выйшлі (з 16 запланаваных) «краёвыя» слоўнікі Віцебшчыны (М.​І.​Каспяровіч), Чэрвеньшчыны (М.​В.​Шатэрнік), Калінінскай акр. і ўсх. Магілёўшчыны (І.​К.​Бялькевіч), зах. Браншчыны (Растаргуеў). Узнікла новая галіна Д. — лінгвістычная геаграфія, «Спроба лінгвістычнай геаграфіі Беларусі» Бузука (1928) — першы нац. атлас у слав. Д. У пасляваен. часы дэталёва абследавана мова паасобных раёнаў і абласцей Беларусі і прааналізаваны шэраг катэгорый і з’яў дыялектнай мовы — назоўнік, прыметнік, займеннік, дзеяслоў, словаўтварэнне, сінтаксіс, гукі, аканне (М.​В.​Бірыла, Ю.​Ф.​Мацкевіч, Н.​Т.​Вайтовіч і інш.). У галіне лексікалогіі і лексікаграфіі праводзіцца збіранне матэрыялаў, якія друкуюцца ў выглядзе дыялектных слоўнікаў, дыялектных лексікаграфічных зборнікаў («Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча», т. 1—5, 1979—86; «Тураўскі слоўнік», т. 1—5, 1982—87, «Дыялектны слоўнік», вып. 1—3, 1959—70, Ф.​М.​Янкоўскага, асобныя зборы лексікі і фразеалогіі Мсціслаўшчыны Г.​Ф.​Юрчанкі і інш.). Створаны комплекс фундаментальных лінгвагеаграфічных прац: «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы», «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак» (1968—69), «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» (т. 1—4, 1993—97, выд. працягваецца) і інш. З 1970-х г. даследуюцца тэматычныя групы дыялектных слоў, лексіка старых рамёстваў, лексічныя сувязі бел. гаворак з інш. мовамі і іх дыялектамі. Новы кірунак бел. Д. — вывучэнне сучаснага мясц. маўлення і моўнай сітуацыі ў сельскіх рэгіёнах і гарадах рэспублікі.

Літ.:

Нарысы па беларускай дыялекталогіі. Мн., 1964;

Блінава Э.Д., Мяцельская Е.С. Беларуская дыялекталогія. 2 выд. Мн., 1980.

А.​А.​Крывіцкі.

т. 6, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКІЯ,

нацыя, асн. насельніцтва Расійскай Федэрацыі. Разам з беларусамі і ўкраінцамі належаць да ўсходніх славян. Жывуць таксама на Украіне, у Казахстане, Кыргызстане, Латвіі, Эстоніі, ЗША, Канадзе, Францыі і інш. У Рэспубліцы Беларусь 1142 тыс. чал. (перапіс 1999). Гавораць на рускай мове. Вернікі пераважна праваслаўныя.

Пачатковы этап фарміравання этнасу Р. адносіцца да 12—13 ст. — перыяду распаду ўсх.-слав. этнакультурнага адзінства стараж.-рускай дзяржавы — Кіеўскай Русі. Фарміраванне рус. народнасці ў 14—15 ст. абумоўлена сац.-эканам. развіццём, звязана з барацьбой супраць мангола-татарскай няволі і ўтварэннем Рускай цэнтралізаванай дзяржавы. Кансалідацыя рус. этнасу завяршылася ў 16 ст. Асн. этнагр. групы, якія адрозніваюцца дыялектамі («оканне» і «аканне») і некат. інш. асаблівасцямі, — паўн. і паўд. велікарусы. Сярэдневелікаруская група (цэнтр. раёны з Масквою) мае ў дыялекце і культуры паўн. і паўд. рысы. Дробныя этнагр. групы — паморы, мяшчора, казакі, стараверы і інш. Сельскія паселішчы ў мінулым на Пн маладворныя, хаты рубленыя, высокія, з драўляным дахам, на Пд мнагадворныя, хаты нізкія, каркасныя, з саламянай страхой і земляною падлогаю. У наш час аблічча сельскіх паселішчаў набліжаецца да гарадскога, аднак пэўная спецыфіка на Пн і Пд яшчэ застаецца. Традыц. рус. адзенне бытавала пераважна ў вёсцы. Сялянкі ў паўн. і сярэдневелікарус. абласцях паверх кашулі надзявалі сарафан, у паўд. — панёву (звычайна ў клетку). Дзяўчаты насілі на галаве павязку-стужку, замужнія жанчыны — кічку, сароку, на святы (пераважна на Пн) какошнік; з сярэдзіны 19 ст. гэтыя ўборы паступова замяняюцца хусткаю. Мужчынскі гарнітур амаль усюды складаўся з кашулі-касавароткі, якую насілі навыпуск, паверх нешырокіх штаноў, з поясам. Верхняе жаночае і мужчынскае адзенне — суконны кафтан, зіпун, зімою — футра, кажух. У 20 ст. традыц. вопратка трапляецца дзе-нідзе на Пд, радзей на Пн і ў Сібіры.

Доўгі час этнонімамі «Р.», «русіны» называлі беларусаў і ўкраінцаў. На Беларусі велікаросы з’явіліся ў 14—15 ст., што было звязана з традыцыямі міждынастычных шлюбаў паміж вял. князямі ВКЛ і князямі маскоўскімі, цвярскімі, разанскімі і інш. Сярод такіх груп згадваюцца пскавічы, паселеныя Вітаўтам у Гродне каля 1405. Значная колькасць «маскавітаў» стала жыць у зах. рэгіёнах Беларусі, пераважна ў гарадах Брэст, Вільня, Драгічын, Камянец, Слонім, Навагрудак. З 16 ст. на Беларусі знаходзілі прытулак Р. — уцекачы ад праследаванняў царк. і дзярж. улад. Абсалютная большасць нашчадкаў гэтых добраахвотных перасяленцаў і ваеннапалонных паступова асімілявалася з бел. насельніцтвам, чаму спрыялі блізкасць мовы і агульнасць рэлігіі — праваслаўе. У 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. на Беларусь перасялілася некалькі дзесяткаў тысяч Р., якія ўтварылі замкнёную этнаканфесійную групу старавераў (гл. Стараверства). У выніку адрознення ў рэлігіі яны да нашага часу захавалі сваю этнічную адметнасць. У канцы 18—1-й пал. 19 ст. пасля далучэння зямель Беларусі да Рас. імперыі рус. насельніцтва тут павялічвалася марудна. У 2-й пал. 19 ст. доля рус. насельніцтва пабольшала, што ў значнай ступені было абумоўлена ўзмацненнем этнатрансфармацыйных працэсаў пасля паўстання 1863—64, калі рус. мова заняла пануючае становішча ў асвеце, кнігадрукаванні, перыяд. друку і інш. (гл. таксама Русіфікацыя). У найб. ступені працэс атаясамлівання сябе з рус. этнасам закрануў сац. эліту, гар. насельніцтва. Развіццё прам-сці, буд-ва чыгунак і дарог у канцы 19 ст. таксама прыцягнулі значныя групы Р. Паводле тагачаснай афіц. канцэпцыі, якую адстойвалі этнографы, беларусы і ўкраінцы разглядаліся як галіны адзінага рус. народа. Паводле перапісу 1897, у 5 бел. губернях жыло 492 921 чал. Р. (дакладней асоб, якія назвалі рус. мову роднай), што складала 5,8% ад усяго насельніцтва. Самая вял. колькасць і ўдзельная вага Р. назіралася ў Віцебскай губ. (98 тыс. чал., 13,3%). Вял. групы Р. жылі ў Віцебскім, Дзвінскім, Гарадоцкім, Полацкім, Рэжыцкім, Себежскім пав. Віцебскай губ., Вілейскім пав. Віленскай губ., Беластоцкім і Брэсцкім пав. Гродзенскай губ., Бабруйскім і Мінскім пав. Мінскай губ., Гомельскім пав. Магілёўскай губ. Р. была характэрна высокая урбанізаванасць (37,5% усіх Р. жыло ў гарадах), даволі высокі ўзровень пісьменнасці (293 чал. на 1 тыс.), а па колькасці асоб з адукацыяй «вышэй за сярэднюю» яны займалі 1-е месца. У перыяд беларусізацыі ў 1921 пастановай ЦВК БССР за рус. мовай быў замацаваны статус адной з 4 дзяржаўных (зацверджаны Канстытуцыяй 1927). У 1926—27 створаны 14 нац. рус. сельсаветаў (13 у Гомельскай акрузе і 1 Багушэўскі ў Бабруйскім р-не; існавалі да 1935—37), дзейнічалі рус. аддзяленні ў педтэхнікумах, каля 6% вучняў вучыліся ў рус. школах. Разам з тым у ходзе беларусізацыі этнонім «беларусы» стаў набываць дзярж. сэнс і пашыраў свой уплыў на ўсё шматнац. насельніцтва рэспублікі, у т. л. на Р., што вяло да паслаблення іх самасвядомасці. Пасля Вял. Айч. вайны Р. на Беларусі сталі адной з найб. хутка растучых этнічных груп (у 1959—659 тыс. чал., у 1970—939 тыс. чал., у 1979—1134 тыс. чал., у 1989—1342 тыс. чал.). Перапіс 1999 выявіў, што пры захаванні абсалютнай большасцю Р. сваёй мовы ў якасці роднай, назіраюцца і адаптацыйныя працэсы сярод Р. да бел. мовы і культуры (9,1% назвалі бел. мову роднай). Р. ў Рэспубліцы Беларусь маюць мажлівасці для захавання сваёй мовы, культуры, гіст. спадчыны, падтрымліваюць сувязі з гіст. радзімаю. У 1995 рус. мова набыла роўны статус з беларускай. На Беларусі дзейнічаюць Бел. грамадскае рэсп. аб’яднанне «Русь» (аддзяленні ў Віцебску, Гомелі, Гродне, Кобрыне, Мінску), Мінскае гар. т-ва рус. культуры «Русь». Асн. мэта іх дзейнасці — захаванне, вывучэнне, прапаганда рус. культуры, мовы, аб’яднанне людзей рус. нацыянальнасці, умацаванне дружбы рус. і бел. народаў. Пра гісторыю, гаспадарку і культуру Р. гл. ў арт. Расійская Федэрацыя.

Літ.:

Русские: Ист.-этногр. очерки. М., 1997;

Терешкович П. Русские в Беларуси // Нёман. 1992. №6;

Каспяровіч Г.І. Рускія на Беларусі (дэмагр. аспект) // Нацыянальная палітыка і міжнацыянальныя адносіны на Беларусі ў XX ст. Мн., 1997.

Г.​І.​Каспяровіч, П.​У.​Церашковіч.

т. 13, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭФО́РМЫ МО́ЎНЫЯ,

змены ў графіцы, правапісе і марфалогіі, якія абумоўлены развіццём мовы ў яе вусным і пісьмовым варыянтах, адлюстроўваюць пэўныя сацыяльныя запатрабаванні, неабходнасць якіх вызначаецца спецыялістамі-мовазнаўцамі і потым узаконьваюцца органамі ўлады. Фарміраванне бел. азбукі, норм і правіл правапісу і марфалогіі звязана са станаўленнем літаратурнай мовы. Выпрацоўка грамат. асаблівасцей і моўна-выяўленчых сродкаў новай бел. літ. мовы ў 19 ст. адбывалася ў неспрыяльных грамадска-паліт. умовах. Разам з развіццём лексікі, грамат. ладу ішла і стыхійная выпрацоўка норм і правіл пісьма; спец. Р.м. не праводзіліся. Літ.-маст., публіцыстычныя і фальклорныя творы запісваліся на роднай гаворцы аўтара. У кнігадрукаванні на бел. мове на працягу ўсяго 19 ст. выкарыстоўваліся 2 графічныя сістэмы — грамадзянскі шрыфт і лацінка (гл. Лацінскае пісьмо), што стрымлівала выпрацоўку і замацаванне правапісных норм. Дзвюма графічнымі сістэмамі друкаваліся і першыя бел. легальныя газеты «Наша доля» і «Наша ніва», прычым экзэмпляры з грамадз. шрыфтам распаўсюджваліся пераважна сярод правасл. беларусаў, а на лацініцы — сярод каталіцкага бел. насельніцтва. Аднак значныя матэрыяльныя затраты прымусілі рэдакцыю «Нашай нівы» звярнуцца да чытачоў з прапановай выказаць меркаванне пра тое, якім шрыфтам друкаваць газету ў далейшым. Разнастайныя меркаванні па гэтым пытанні змяшчаліся ў газеце ў 1912, большасць падпісчыкаў выказалася за грамадзянскі шрыфт, які і быў прыняты з канца 1912. Праведзеная рэдакцыяй дыскусія была па сутнасці першым у гісторыі бел. мовазнаўства мерапрыемствам, у якім прынялі ўдзел шырокія колы грамадскасці. Аднак выкарыстанне лацінкі ў некат. выданнях працягвалася і пазней, а ў.Зах. Беларусі ёю карысталіся да 1939. У 1917—18 пачалі з’яўляцца спец. даведнікі па бел. арфаграфіі (А.​Луцкевіча, Я.​Лёсіка, Б.​Пачопкі, Р.​Абіхта і Я.​Станкевіча), у якіх нярэдка выказваліся супярэчлівыя погляды. Найб. значнай мовазнаўчай працай таго часу была «Беларуская граматыка для школ» Б.​Тарашкевіча, выдадзеная ў Вільні ў 1918. Правапіс Тарашкевіча ўзаконіў асн. арфаграфічныя прыёмы, выпрацаваныя ў бел. друку перыяду «Нашай нівы»: галосныя перадаюцца па фанетычным прынцыпе, зычныя — па марфалагічным. У Сав. Беларусі правапіс Тарашкевіча папулярызаваў Лёсік у сваіх падручніках. Аднак у сувязі з беларусізацыяй і павелічэннем колькасці людзей, якія карысталіся бел. пісьмовай мовай, з сярэдзіны 1920-х г. выявіліся недахопы правапісу Тарашкевіча. Таму Навук. рада Інбелкульта прыняла рашэнне правесці навук. канферэнцыю па рэформе бел. правапісу. Канферэнцыі папярэднічала выданне 9 брашур па спрэчных пытаннях правапісу, у якіх шырокія колы грамадскасці мелі магчымасць пазнаёміцца з тагачаснымі правапіснымі праблемамі і шляхамі іх вырашэння. Канферэнцыя адбылася ў Мінску 14—21.11.1926. Па сваіх маштабах і праграме яна выйшла далёка за межы тагачасных навук. канферэнцый і за ёю замацавалася назва акадэмічнай У ёй прынялі ўдзел 69 прадстаўнікоў бел. навукі і культуры, дэлегаты з мовазнаўчых устаноў Масквы, Ленінграда, Кіева і 10 замежных мовазнаўцаў і дзеячаў культуры. Работа канферэнцыі вялася ў 3 камісіях: графічнай, правапіснай і літаратурнай. У правапісную камісію ўваходзіла 30 удзельнікаў канферэнцыі. Па спрэчных пытаннях правапісу выказваліся самыя разнастайныя прапановы і рэкамендацыі, якія, аднак, не лічыліся абавязковымі, паколькі іх рэалізацыю трэба было ўзаконіць. На канферэнцыі прынята рашэнне працягваць работу ў правапіснай камісіі Інбелкульта, якая на працягу 1927—29 падрыхтавала праект новага правапісу, апублікаваны ў 1930 для шырокага абмеркавання. На аснове гэтага праекта СНК БССР 26.8.1933 зацвердзіў пастанову «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу». У адпаведнасці з пастановай у бел. правапіс унесены наступныя змены: чаргаванне гукаў «о»—«а» (аканне) пашыралася на ўсю лексіку («прафесар», «сакратар»), за выключэннем некат. т.зв. інтэрнац. слоў тыпу «совет», «большэвік»; рэкамендавалася не перадаваць на пісьме асіміляцыйнай мяккасці зычных («снег», «ляснік» замест «сьнег», «лясьнік»); скасоўвалася перадача мяккага «л» у запазычанай лексіцы («план», «клас» замест «плян», «кляс»); уводзілася правіла, у адпаведнасці з якім перад галоснымі пярэдняга рада зычныя вымаўляюцца мякка («сістэма», «метад» замест «сыстэма», «мэтад»); чаргаванне гукаў «э»—«а» (яканне) абмяжоўвалася толькі 1-м пераднаціскным складам («землі—зямля», «несці—нясу»); прыназоўнік «без» і адмоўе «не» прапанавана пісаць з літарай «е» («без цябе», «не было»). У галіне марфалогіі праводзілася пашырэнне канчатка «-а» ў родным склоне назоўнікаў мужчынскага роду («завода», «цэха», «правапіса»), адмяняліся паралельныя формы на «-ом», «-ох» у назоўніках мужчынскага і ніякага роду ў давальным і месным склонах мн.л. («братам», «аб братах», «гарадам», «аб гарадах»), выключаліся паралельныя формы дзеясловаў на «-яце», «-іце» 1-га спражэння цяперашняга часу 2-й асобы мн.л. («працуеце», «ідзеце», «нясеце»), уводзіліся дзеепрыметнікі незалежнага стану, асабліва калі яны азначаюць сац. сэнс («пануючы клас» замест «класа, якая пануе»). На аснове пастановы 1933 АН Беларусі ў 1934 выдадзены звод важнейшых арфаграфічных і грамат. правіл «Правапіс беларускай мовы», на якім грунтаваліся падручнікі і дапаможнікі на працягу наступных дзесяцігоддзяў.

У пасляваенны час Арфаграфічная камісія на чале з Я.​Коласам, К.​Крапівой і П.​Глебкам падрыхтавала чарговы праект змен і ўдакладненняў бел. правапісу. У 1950 і 1952 гэты праект абмяркоўваўся ў АН Беларусі і быў зацверджаны 11.5.1957 пастановай СМ БССР «Аб удакладненні і частковых зменах існуючага беларускага правапісу». У новым праекце ўдакладняўся правапіс ненаціскных «о» і «е», правапіс «д», «т» і «дз», «ц», раздзяляльных апострафа і мяккага знака, падоўжаных зычных, складаных слоў, а таксама канчаткаў некат. назоўнікаў, дзеясловаў і лічэбнікаў. На аснове гэтай пастановы складзены і выдадзены «Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (1959), якія фармальна захоўваюць сваю сілу і ў наш час. Новы этап рэфармавання бел. літ. мовы пачаўся ў 2-й пал. 1980-х г. У 1993 была створана Дзярж. камісія па ўдакладненні правапісу бел. літ. мовы, якую ўзначаліў Н.​Гілевіч. У 1994 камісія рэкамендавала Нац. АН Беларусі і Мін-ву адукацыі падрыхтаваць новую рэдакцыю «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі». У 1999 часовым навук. калектывам з членаў ранейшай Дзярж. камісіі выдадзены «Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі: (Праект новай рэдакцыі)*.

Літ.:

Камароўскі Я.М. Беларускі правапіс Мн., 1965.

А.​І.​Жураўскі, Я.​М.​Камароўскі.

т. 14, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)