Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АДЧУВА́ННЕ,
псіхічны працэс адлюстравання асобных уласцівасцяў і з’яў аб’ектыўнага свету пры іх непасрэдным уздзеянні на органы пачуццяў. Узнікаюць ад таго, што раздражняльнікі дзейнічаюць на ўспрымальныя часткі аналізатараў—рэцэптары; нервовыя імпульсы дасягаюць галаўнога мозга і выклікаюць адчуванне. Спецыфіка адчування чалавека, іх дасканаласць абумоўлены сац.-гіст. прычынамі, працоўнай дзейнасцю. Адчуванні з’яўляюцца крыніцай непасрэднай інфармацыі аб навакольным свеце. Як адлюстраванне аб’ектыўных уласцівасцяў рэчаў адчуванне з’яўляецца сродкам пазнання рэчаіснасці. У чалавека найб. развіты зрокавыя адчуванні. Потым ідуць адчуванні слыху, смаку, нюху, дотыку. Працэсы, што адбываюцца ў арганізме, выклікаюць арганічныя адчуванні (голад, смагу, боль). Існуюць таксама адчуванні вібрацыйныя, руху і становішча органаў цела, раўнавагі і інш.
У працэсе пазнання адчування выконваюць функцыі: як субстрат успрымання даюць апошняму магчымасць адлюстраваць структуру вонкавых прадметаў; выступаюць у ролі прыкмет аб’ектыўных уласцівасцяў вонкавых прадметаў пры ўмове, што ўзаемасувязь паміж якасцю адчування і ўласцівасцю прадмета раней вядомая; з’яўляюцца асновай для фарміравання элементарных уяўленняў. Праблематыка адчування распрацоўваецца ў псіхафізіцы сенсорных працэсаў і розных раздзелах фізіялогіі. Разнастайнасць адчування адлюстроўвае якасную разнастайнасць навакольнага свету. Адчуванні дапамагаюць чалавеку прыстасоўвацца да асяроддзя і ўздзейнічаюць на яго.
Літ.:
Ковалгин В.М. Рефлекторная теория ощущений. Мн., 1963;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Тактыльнае адчуванне, гл. Дотык
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ФАНТО́МНЫ БОЛЬ,
адчуванне болю ў частках цела (звычайна канечнасцях), якія адсутнічаюць. Бывае ў 50% хворых з ампутацыяй канечнасцей, можа дасягаць значнай інтэнсіўнасці. Адрозніваюць Ф.б. лакалізаваны (палец, пята, далонь і інш.), кінестэтычны (адчуванне балючага руху, сціскання, выкручвання часткі цела, якая адсутнічае), нявызначанага і змешанага характару. Лічыцца, што Ф.б. узнікае ад устойлівых ачагоў болевага ўзбуджэння ў ц. н. с. ў выніку працяглай імпульсацыі ад пашкоджаных нерваў з тканак куксы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ТАШНАСЦЬ,
своеасаблівае цяжкае адчуванне набліжэння рвоты. Часцей бывае пры хваробах страўніка, нырак, таксікозе цяжарных, парушэнні мазгавога кровазвароту, атручэннях алкаголем, чадным газам і інш.; зрэдку ў здаровых людзей пры непрыемных эмоцыях. Гл. таксама Ірвота.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СФУМА́ТА (ад італьян. sfumato затуманены, дымчаты),
у жывапісе і графіцы італьян.Адраджэння жывапісны прыём выкарыстання багацця і тонкасці градацый святлаценю, якому ўласцівы мяккасць мадэліроўкі, няўлоўнасць прадметных абрысаў, адчуванне паветранага асяроддзя. Распрацаваны Леанарда да Вінчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАЕ СВЯТЛО́,
электрамагнітнае выпрамяненне складанага спектральнага саставу, якое выклікае ў людзей з нармальным зрокам нейтральнае ў каляровых адносінах адчуванне. Белае святло дае рассеянае выпрамяненне Сонца, выпрамяненне непразрыстых цвёрдых і вадкіх целаў, нагрэтых да высокай тэмпературы. Гл. таксама Колер, Колераметрыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАКТ (франц. tact ад лац. tactus дотык, адчуванне),
пачуццё меры, якое падказвае найб. правільны падыход, найб. далікатную лінію паводзін у адносінах да каго-н., чаго-н.; уменне трымаць сябе належным чынам. Т. наз. таксама рытм якога-н. руху, дзеяння.