АДЧУВА́ННЕ,

псіхічны працэс адлюстравання асобных уласцівасцяў і з’яў аб’ектыўнага свету пры іх непасрэдным уздзеянні на органы пачуццяў. Узнікаюць ад таго, што раздражняльнікі дзейнічаюць на ўспрымальныя часткі аналізатараў—рэцэптары; нервовыя імпульсы дасягаюць галаўнога мозга і выклікаюць адчуванне. Спецыфіка адчування чалавека, іх дасканаласць абумоўлены сац.-гіст. прычынамі, працоўнай дзейнасцю. Адчуванні з’яўляюцца крыніцай непасрэднай інфармацыі аб навакольным свеце. Як адлюстраванне аб’ектыўных уласцівасцяў рэчаў адчуванне з’яўляецца сродкам пазнання рэчаіснасці. У чалавека найб. развіты зрокавыя адчуванні. Потым ідуць адчуванні слыху, смаку, нюху, дотыку. Працэсы, што адбываюцца ў арганізме, выклікаюць арганічныя адчуванні (голад, смагу, боль). Існуюць таксама адчуванні вібрацыйныя, руху і становішча органаў цела, раўнавагі і інш.

У працэсе пазнання адчування выконваюць функцыі: як субстрат успрымання даюць апошняму магчымасць адлюстраваць структуру вонкавых прадметаў; выступаюць у ролі прыкмет аб’ектыўных уласцівасцяў вонкавых прадметаў пры ўмове, што ўзаемасувязь паміж якасцю адчування і ўласцівасцю прадмета раней вядомая; з’яўляюцца асновай для фарміравання элементарных уяўленняў. Праблематыка адчування распрацоўваецца ў псіхафізіцы сенсорных працэсаў і розных раздзелах фізіялогіі. Разнастайнасць адчування адлюстроўвае якасную разнастайнасць навакольнага свету. Адчуванні дапамагаюць чалавеку прыстасоўвацца да асяроддзя і ўздзейнічаюць на яго.

Літ.:

Ковалгин В.М. Рефлекторная теория ощущений. Мн., 1963;

Ананьев Б.Г. Теория ощущений. Л., 1961.

т. 1, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)