ХІ́НІ (Heaney) Шэймас Джастын (н. 13.4.1939, Мосбан, Вялікабрытанія),

ірландскі пісьменнік. Вывучаў філалогію ў Ландандэры і Белфасце. Працаваў у Гарвардскім і Оксфардскім ун-тах. Піша на англ. мове. У паэт. зб-ках «Адзінаццаць вершаў» (1965), «Смерць натураліста» (1966), «Дзверы ў цемру» (1969), «Зіма на зыходзе» (1972), «Поўнач» (1975), «Праца ў полі» (1979) вобразы роднай прыроды, побыт сялян, асэнсаванне паліт. падзей у Паўн. Ірландыі. У вершах і паэмах зб-каў «Станцыя Востраў» (1984), «Глогавая ліхтарня» (1987), «Бачанне рэчаў» (1991), «Працяг: новыя вершы, 1991—1996» (1996) і інш. імкненне да універсалізацыі тэматыкі, філас. асэнсаванне ірл. міфалогіі, ускладненая метафарычная мова. Аўтар кніг эсэ «Заклапочанасць» (1980), «Уладаранне мовы» (1988). Нобелеўская прэмія 1995.

Л.​П.​Баршчэўскі.

т. 17, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРО́ЗКА Анатоль (сапр. Смаршчок Мацвей; н. 19.2.1915, в. Падлессе Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. паэт. Засл. д-р медыцыны. Скончыў гімназію і ліцэй у Баранавічах, у 1939 мед. ф-т Віленскага ун-та. У 1929—39 публікаваў свае вершы ў віленскіх перыяд. выданнях (часопісы «Заранка», «Шлях моладзі», «Калоссе», газ. «Крыніца»), Рэдагаваў часопісы «Шлях моладзі», «Калоссе», рукапісны гумарыст. час. «З-за плоту» (выйшла 3 нумары). Пасля вер. 1939 пераехаў у Івацэвічы. Працаваў лекарам на Брэст-Літоўскай чыгунцы, у Вял. Айч. вайну — у Баранавіцкім шпіталі. У 1944 выехаў у Познань, дзе быў арыштаваны і адпраўлены ў канцэнтрацыйны лагер Нардгаўзен. Пасля вайны жыў у Германіі, потым — у ЗША. Першая публікацыя Б. за мяжой — верш «Ліст да маці: (Пераклад з забытага)» (1955). Аўтар зб. «Адзінаццаць вершаў» (1989; на бел. і англ. мовах). У вершах Бярозкі матывы і вобразы адраджэнскай бел. паэзіі, імкненне эстэтызаваць, упрыгожыць, ускладніць фактуру верша тонкай лексічнай арнаментыкай.

Літ.:

Кіпель В. Беларусы ў ЗША Мн., 1993. С. 301—304.

А.​Я.​Белы.

т. 3, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЧЭ́БНІК,

часціна мовы, якая абазначае абстрактны лік, пэўную і няпэўную колькасць прадметаў або парадак пры іх лічэнні. Паводле значэння Л. падзяляюцца на колькасныя, зборныя і парадкавыя. Да колькасных адносяцца пэўнаколькасныя — указваюць на дакладную колькасць прадметаў («два вучні») ці на пэўны лік безадносна да прадметаў («два і сем — дзевяць»), няпэўнаколькасныя — маюць недакладнае лікавае значэнне («многа»), дробавыя — называюць пэўную частку цэлага прадмета («трэць чалавецтва»). Зборныя абазначаюць колькасць прадметаў як адно цэлае («чацвёра сутак»). Парадкавыя ўказваюць на парадкавы нумар прадметаў пры пералічэнні («трэці дом»), Паводле граматычных адзнак Л. неаднародныя: адны з іх змяняюцца па родах, ліках і склонах («адзін», «тысяча», «мільён»), другія — па родах і склонах («два», «абодва») ці толькі па склонах («тры», «чатыры» і інш.). Паводле марфал. складу падзяляюцца на простыя («адзін»), складаныя («адзінаццаць») і састаўныя («дваццаць пяць»). Л. не ўтвараюць адзінага тыпу скланенняў і могуць нагадваць па канчатках скланенне розных іменных часцін мовы. Спалучаюцца толькі з назоўнікамі.

Літ.:

Вярхоў П.В. Лічэбнік у беларускай мове [параўнальна з рускай і ўкраінскай мовамі]. Мн., 1961;

Чабярук А.І. Лічэбнік у беларускіх гаворках. Мн., 1977;

Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;

Сямешка Л.І., Шкраба І.Р., Бадзевіч З.І. Курс беларускай мовы Мн., 1996.

А.​І.​Наркевіч.

т. 9, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

У́НСЕТ (Undset) Сігрыд (20.5.1882, г. Калунбарг, Данія — 10.6.1949),

нарвежская пісьменніца. Дэбютавала аповесцю «Спадарыня Марта Оўлі» (1907), якой вызначыла гал. праблему далейшай творчасці — эмансіпацыя жанчыны. У раманах «Шчаслівы ўзрост» (1908), «Ені» (1911), «Вясна» (1914), аповесці «Віга-Льёт і Вігдыс» (1909), зб. апавяд. «Абяздоленыя лёсы» (1912) і інш. перапляценне рэаліст. і рамант. тэндэнцый, праблемы сям’і, пачуццёвасці, грамадскай маралі. У 1920-я г. паступова эвалюцыяніравала да каталіцтва, што наклала адбітак на ўсю далейшую творчасць. Гал. яе творы — гіст. трылогія з эпохі вікінгаў і сярэдневякоўя «Крыстын, дачка Лаўранса» (1920—22) і гіст. раман «Улаў, сын Аўдуна з Хествікена» (т. 1—4, 1925—27), у якіх рамантызм у раскрыцці вобразаў і падзей накладваецца на пэўны кансерватызм светапогляду У. У раманах «Гімнадэнія» (1929), «Куст у агні» (1930), «Іда-Элісабет» (1932), «Верная жонка» (1936), кн. эсэ «Этапы» (1929) маральна-рэліг. праблематыка. Аўтар зб. вершаў «Маладосць» (1910), аўтабіягр. рамана «Адзінаццаць год» (1934), шматлікіх эсэ-ўспамінаў, перакладаў стараж.-ісл. саг, апрацовак сярэдневяковага кельцкага эпасу, аповесці для дзяцей «Сігурд і яго адважныя сябры» (выд. 1955) і інш. Нобелеўская прэмія 1928.

Тв.:

Рус. пер. — Улав, сын Аудуна из Хествикена. М., 1984;

Кристин, дочь Лавранса. Т. 1—2. М., 1994;

Йенни. Мн., 1994.

Літ.:

Неустроев В.П. Литература скандинавских стран (1870—1970). М., 1980.

Л.​П.​Баршчэўскі.

С.Унсет.

т. 16, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)