МЯ́ЛА (Іван Ільіч) (3.7.1918, с. Сцяпок Старадубскага р-на Бранскай вобл., Расія — 12.10.1999),

бел. пісьменнік, вучоны ў галіне протазаалогіі. Канд. вет. н. (1957). Скончыў Маскоўскі зоавет. ін-т (1947). Працаваў вет. урачом-эпізаатолагам у Старадубскім р-не, у Далёкаўсходнім НДІ. У 1962—79 у Бел. н.-д. вет. ін-це. Друкаваўся з 1947. Пісаў на рус. мове. Асн. тэмы твораў — сівая мінуўшчына («Прынада», 1982; «Аўсяны бунт», 1986), героіка грамадз. («Раскол», 1970; «Паўстанцы», 1980) і Вял. Айч. («Нізаўскія партызаны», 1962; «Вернасць», 1967) войнаў, праблемы сучаснасці («Настаччыны агледзіны», 1969; «Спакушэнне Гарпіны», 1971). Аўтар аўтабіягр. аповесці «Каранцін» (1989), п’ес, нарысаў.

Тв.:

Разбранница: Роман. М., 1992.

У.А.Жыжэнка.

т. 11, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́ЎРАЎ (Мікалай Васілевіч) (1830, Масква — 16.5.1904),

расійскі жывапісец. Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1851—56), у 1887—90 выкладаў у гэтым вучылішчы. Член т-ва перасоўных выставак (з 1881, гл. Перасоўнікі). Жанравым карцінам уласцівы пераканаўчасць сац. характарыстык і сюжэтных сітуацый, падрабязная распрацоўка фактуры: «Хатняя сялянская сцэна» (1856), «Торг» (1866), «Выхаванка» (1867), «Паніхіда на сельскіх могілках», «Пахаванне селяніна», «Протадыякан абвяшчае даўгалецце на імянінах купца», «Агледзіны» (1888) і інш. Аўтар гіст. карцін: «Князёўна П.Р.Юсупава перад пострыгам» (1866), «Раман Галіцкі прымае паслоў папы Інакенція III» (1875), «Прысяга Лжэдзмітрыя каралю Жыгімонту III» (1877) і інш. Пісаў партрэты: невядомага, М.С.Шчэпкіна, аўтапартрэт (1863), Траццяковых (1860-я г.) і інш. У канцы 19 ст. пераехаў на Беларусь. Жыў у в. Лыскоўшчына Круглянскага р-на Магілёўскай вобл., дзе напісаў творы «Эпізод з жыцця Пятра», «Чым былі моцныя шлюбныя вузы» і інш. У 1998 у Магілёве адбыўся міжнар. пленэр, прысвечаны Н.

Літ.:

Н.В.Неврев: [Альбом]. М., 1964.

В.Д.Бабровіч.

М.Неўраў. Торг. 1866.

т. 11, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎРА́МЧЫК (Мікола) (Мікалай Якаўлевіч; нарадзіўся 14.1.1920, в. Плёсы Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. паэт, празаік, перакладчык. Засл. работнік культ. Беларусі (1980). Скончыў БДУ (1949). У 1942—45 у палоне, на кам.-вуг. шахтах у Руры. Пасля вайны — на аднаўленні Данбаса. У 1953—80 рэдактар аддзела паэзіі час. «Маладосць». Друкуецца з 1937. Першы зб. вершаў «Пярэдні край» (1949). У яго паэзіі шчырасць, добразычлівасць, любоў да радзімы, драматычны ваен. лёс (зб-кі «Шляхамі дружбы», 1952; «Ключы жураўліныя», 1960; «Сустрэча былых канагонаў», 1963, Літ. прэмія імя Я.Купалы 1964; «Універсітэцкі гарадок», 1967; «Радовішча», 1976, і інш.). Раман «Падзямелле» (1983) і аповесць «Палон» (1989) пра жорсткія баі, палон, маральнае супрацьстаянне ворагу, змаганне за чалавечую годнасць. Пераклаў на бел. мову творы Дж.Байрана, А.Міцкевіча, Л.Украінкі, М.Джаліля, Г.Эміна, паэму М.Нагнібеды «Васілёк» (1961) і інш.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1980;

Агледзіны. Мн., 1969;

Анкета. Мн., 1990.

Літ.:

Арочка М. Галоўная служба паэзіі. Мн., 1974. С. 113—118;

Бугаёў Д. Адкрытая душа паэта // Бугаёў Д. Талент і праца. Мн., 1979;

Лойка А. Сустрэча з чалавекам // Лойка А. Сустрэчы з днём сённяшнім. Мн., 1968;

Лецка Я. Балючыя старонкі жыцця // Вобраз—85. Мн., 1985.

І.У. Саламевіч.

т. 2, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПРУ́ДНІК (Янка) (сапр. Вільчыцкі Сяргей Мікалаевіч; н. 9.8.1926, г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. гісторык, палітолаг, паэт, літ.-знавец, публіцыст. Д-р гіст. н. (1969). З 1944 у эміграцыі. Вучыўся ў бел. гімназіі імя Я.Купалы ў Міхельсдорфе (Германія). Скончыў Лувенскі ун-т (Бельгія, 1954). У 1947 дэбютаваў вершамі (пад псеўд. Сяргей Ясень). З 1948 працаваў шахцёрам у Англіі, браў удзел у выданні час. «Наперад» (1948—53), дзе друкаваліся і яго творы. У 1954—91 супрацоўнік бел. рэдакцыі радыё «Свабода» (у 1970—75 адначасова выкладаў гісторыю ў Куінсі-каледжы гарадскога ун-та Нью-Йорка). Публікаваўся і ўваходзіў у склад рэдкалегіі час. «Беларуская моладзь» (1959—64), рэдагаваў бюлетэнь «Навіны з Беларусі» (1964—69), быў гал. рэдактарам газ. «Беларус» (1970—80, з 1980 папераменна з З.Кілель). У 1969 абараніў доктарскую дысертацыю «Палітычная барацьба за Беларусь у царскай Дзяржаўнай Думе. 1906—1917». Аўтар кн. «Спадчына бацькоў: «Агледзіны»: (Да 100-годдзя з дня нараджэння Я.Купалы і Я.Коласа)» (Нью-Йорк, 1982). Яго манаграфія «Беларусь на гістарычных скрыжаваннях» (1993, на англ. мове) знаёміць заходняга чытача з шматвяковай гісторыяй і сучасным станам Беларусі.

Тв.:

Бел. пер. — Беларусь на гістарычных скрыжаваннях. Мн., 1996.

т. 6, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯСЕ́ЛЛЕ,

комплекс абрадаў і звычаяў, якія суправаджаюць заключэнне шлюбу і з’яўляюцца своеасаблівым актам зацвярджэння новай сям’і. Вяселле як абрадавае афармленне шлюбу ўзнікла ў перыяд патрыярхату з усталяваннем аднашлюбнасці (гл. Манагамія). Для кожнага народа на пэўнай ступені яго развіцця характэрны традыц. ўстойлівы комплекс вясельных абрадаў, які спалучаецца з усімі відамі нар. мастацтва (тэатралізаваныя дзеянні, музыка, спевы, танцы і да т.п.). Асн. момант вясельнай абраднасці ўсіх народаў свету — пераезд нявесты з дому бацькоў у дом жаніха.

Багацце і разнастайнасць абраднасці бел. вяселля вынікаюць з прававой сілы яго працэдур, якія павінны былі абавязкова выконвацца пры сведках (родзе, суседзях), што ў сваю чаргу ўзаконьвала маёмасныя, этычныя правы, адносіны і абавязкі будучай сям’і. Толькі з моманту вяселля маладыя прызнаваліся самаст. членамі абшчыны. Згодна з паслядоўнасцю абрадавых дзеянняў традыц. бел. вяселле падзяляецца на 3 асн. часткі: давясельную, або падрыхтоўчую (выглядзіны, даведкі, сватанне, запоіны, агледзіны, заручыны); уласна вясельную (суборная субота, каравай, пасад, прыезд дружыны маладога да маладой, шлюб, пераезд да маладога, камора, пасаг, завіванне, выпрабаванне здольнасцей і характару маладой, дзяльба каравая, абдорванне маладых); паслявясельную (пярэзвы). У агульным цыкле абраднасці значэнне гэтых частак неаднолькавае. Давясельная з’яўляецца пераважна фармальна-бытавой — у час яе адбываецца пагадненне паміж бацькамі маладых пра заключэнне шлюбу. Уласна вяселле займае гал. месца ў традыц. вясельнай абраднасці і характарызуецца багаццем цырымоній, гал. сярод якіх абрад звядзення маладых, які замацоўвае іх шлюб і злучае на ўсё жыццё. Заключная частка вясельнага цыкла мае пераважна гульнёвы характар. У кожнай мясцовасці была свая ўсталяваная вясельная пара: у адных жаніліся пасля Вялікадня, у другіх — пасля Пятра і Паўла, ў трэціх — зімой, але найчасцей жаніліся ўвосень ад Пакроваў да каляднага посту, пасля заканчэння асн. палявых работ. Вяселле было важнай падзеяй у жыцці маладых і ўсёй грамады. Гэтым у першую чаргу тлумачыцца дакладная распрацаванасць усіх эпізодаў вясельнага абраду, кожнаму з якіх адпавядаў свой рытуал. Багатымі і разнастайнымі былі вясельныя песні, прыгаворкі, прыказкі, абрадавыя танцы, якія суправаджалі і тлумачылі кожны з гэтых эпізодаў. Удзельнікі вяселля (маладая, або княгіня, малады, або князь, сват і свацця, дружкі нявесты і дружына жаніха) выконвалі адведзеную ім ролю паводле нар. светапогляду, традыцый і этыкету.

Характэрная рыса бел. вяселля — наяўнасць стараж. рэлігійна-абрадавых і сац.-быт. элементаў, якія ўзыходзяць да эпохі матрыярхату і захоўваюць перажыткі і водгукі татэмістычных вераванняў і культаў (культ расліннасці, жывёл, нябесных свяціл). Ад эпохі родаплемяннога побыту ў выглядзе гульні дайшлі абрады выкрадання і куплі-продажу нявесты. У правасл. перыяд абрад вяселля складаўся з адносна невял. колькасці магічных дзеянняў, сэнс якіх раскрывалі кароткія песні заклікальнага і эратычнага зместу. Пазней вяселле ператварылася ў шматсастаўны абрад з элементамі стараж. магіі, складанае драматычнае дзеянне з мноствам дзейных асоб. У 19 ст. з развіццём капіталіст. спосабу вытв-сці і распадам патрыярхальнай сям’і ў бел. вяселлі паявіліся новыя матывы: павышаная ўвага да пасагу, нязгода маладых з існуючым сямейным укладам і г.д. Абавязковым стаў абрад вянчання ў царкве (касцёле). У наш час многія элементы традыц. вяселля зніклі або змяніліся, а само яно ператварылася ва ўрачыстую цырымонію пасля афіц. рэгістрацыі шлюбу.

Літ.:

Вяселле: Абрад. Мн., 1978;

Никольский Н.М. Происхождение и история белорусской свадебной обрядности. Мн., 1956.

Л.А.Малаш.

т. 4, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)