ЗАХА́РАЎ (Марк Анатолевіч) (н. 13.10.1933, Масква),

расійскі рэжысёр. Нар. арт. СССР (1991). Засл. дз. маст. Расіі (1977). З 1973 гал. рэжысёр Маскоўскага т-ра імя Ленінскага камсамола (з 1990 «Ленком»). Паставіў спектаклі: «Іваноў» А.​Чэхава (1973), «"Юнона" і "Авось"» А.​Вазнясенскага і А.​Рыбнікава (1980), «Тры дзяўчыны ў блакітным» Л.​Петрушэўскай (1985), «Памінальная малітва» паводле Шолам-Алейхема, «Мудрэц» паводле А.​Астроўскага (абодва 1989), «Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» П.​Бамаршэ (1993) і інш. Драм. творам імкнецца надаць сугучную сучасным праблемам трактоўку; спектаклі выразныя структурай, часта насычаны музыкай і танцам. Паставіў тэлефільмы: «Звычайны цуд» (1978), «Той самы Мюнхаўзен» (1979), кінафільм «Забіць дракона» (1989) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1987. Дзярж. прэмія Расіі 1992.

т. 7, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЗНЯСЕ́НСКІ (Андрэй Андрэевіч) (н. 12.5.1933, Масква),

рускі паэт. Скончыў Маскоўскі архітэктурны ін-т (1957). Першыя зб-кі вершаў — «Парабала» і «Мазаіка» (абодва 1960). Паэмы «Майстры» (1959), «Ланжумо» (1963), «Оза» (1964), «Аповесць пад ветразямі» (1971), «Авось» (1972), «Андрэй Палісадаў» (1980) вызначаліся асабістым паэт. почыркам, які вылучаўся на фоне тагачаснай уніфікаванай паэзіі. Аўтар зб. вершаў «Антысветы» (1964), «Ахілесава сэрца» (1966), «Цень гуку» (1970), «Погляд» (1972), «Дубовы ліст віяланчэльны» (1975), «Вітражных спраў майстар» (1976, Дзярж. прэмія СССР 1978), «Спакуса» (1978), «Несвядомае» (1981), «О.​Аповесць» (1982), «Прарабы духу» (1984). У паэзіі Вазнясенскага значнае месца займаюць урбаністычныя матывы, раскрываецца антыгуманізм сучаснага свету, у якім самымі ранімымі застаюцца сэрца і душа чалавека. Выдаў кнігу ўспамінаў «Мне чатырнаццаць гадоў» (1980). На бел. мову творы Вазнясенскага пераклаў Р.​Барадулін (зб. «Небам адзіным», 1980).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1983—84;

Аксиома самоиска. М., 1990.

Літ.:

Михайлов А. Андрей Вознесенский. М., 1970.

С.​Ф.​Кузьміна.

А.А.Вазнясенскі.

т. 3, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РОК-О́ПЕРА (ад англ. rock + опера),

сцэнічна-музычны жанр. Узнікла ў сярэдзіне 20 ст. ў ЗША і Вялікабрытаніі ў выніку спалучэння традыцый оперы і рок-музыкі на аснове форм, уласцівых для оперы-буф, аперэты, мюзікла, часткова джаза. Вытокамі лічаць оперу Дж.​Гершвіна «Поргі і Бес» (1935) і рэгтайм-оперы С.​Джопліна (пач. 20 ст). Далейшае развіццё набыла ў канцэптуальных альбомах некат. рок-груп 2-й пал. 1960-х г. («Муды Блюз», «Кінкс», «Бітлз)». Р.-о. папярэднічалі мюзіклы «Вестсайдская гісторыя» Л.​Бернстайна (1957), «Хэло, Долі!» Дж.​Германа (1964), «Валасы» Г.​Макдэрмата (1967), «Томі» П.​Таўшэнда (1970), «Годспел» С.​Шуарца (1971). Першы ўзор уласна Р.-о. — «Ісус Хрыстос» — суперзорка» Э.​Л.​Уэбера (паст. 1971, экранізацыя 1972), які мае ўсе прыкметы оперы, але вакальныя партыі пазначаны выразнай рокавай стылістыкай. Да твораў гэтага жанру належаць «Фантом у оперы» Уэбера і Ц.​Райса (1987), «Мурашнік» М.​Алашэўскага і М.​Скаларскага, «Naga» групы аўтараў. У СССР сярод першых Р.-о. — «Арфей і Эўрыдыка» А.​Журбіна (1975), «Зорка і смерць Хаакіна Мур’еты» (1976) і ««Юнона» і «Авось»» (1981) А.​Рыбнікава, «Стадыён» А.​Градскага (1982). На Беларусі да жанру Р.-о. можна аднесці «Курган» І.​Лучанка ў выкананні «Песняроў» (1977).

Дз.​А.​Падбярэзскі.

т. 13, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКО́ЎСКІ ТЭА́ТР «ЛЕНКО́М».

Створаны ў 1927 як Цэнтр. т-р рабочай моладзі (ТРАМ), з 1938 наз. Т-р імя Ленінскага камсамола, з 1990 сучасная назва. Маст. кіраўнік: І.​Бярсенеў (1938—51), С.​Гіяцынтава (1951—57), С.​Маёраў (1957—60), Б.​Талмазаў (1960—62), А.​Эфрас (1963—67), У.​Манахаў (1967—72), М.Захараў (з 1973). У рэпертуары т-ра пастаноўкі рус. і замежнай класікі, сучасная драматургія, рок-оперы, муз. спектаклі. Спектаклі вызначаюцца высокапрафесійнымі рэжысурай і акцёрскім ансамблем, глыбокай распрацоўкай характараў. Сярод значных пастановак: «Чайка» (1966, 1994) і «Іванаў» (1975) А.​Чэхава, «Мудрэц» (паводле п’есы А.​Астроўскага «На ўсякага мудраца хапае прастаты», 1989), «Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» П.​Бамаршэ (1992), «Хлопец з нашага горада» К.​Сіманава (1941), «У дзень вяселля» В.​Розава, «104 старонкі пра каханне» Э.​Радзінскага (абодва 1964), «Тыль» Р.​Горына (паводле Ш. дэ Кастэра. 1974), «Рэвалюцыйны эцюд» М.​Шатрова (1979), «Юнона» і «Авось» (1981, музыка А.​Рыбнікава на вершы А.​Вазнясенскага) і інш. У розныя гады ў т-ры працавалі і працуюць акцёры: А.​Абдулаў, І.​Алфёрава, Л.​Арцем’ева, Б.​Бекер, С.​Бірман, Л.​Бранявы, А.​Джыгарханян, У.​Карэцкі, Ю.​Колычаў, Т.​Краўчанка, У.​Ларыёнаў, Я.​Лявонаў, М.​Міронава, Т.​Пельтцэр, Дз.​Пяўцоў, А.​Сакалоў, А.​Фадзеева, І.​Чурыкава, А.​Янкоўскі і інш.

Маскоўскі тэатр «Ленком».

т. 10, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)