ВО́БЛАСЦЬ у матэматыцы, абсяг, звязнае адкрытае мноства ў эўклідавай прасторы — мноства, што разам з кожным сваім пунктам змяшчае ў сабе і пэўнае яго наваколле, кожныя два пункты ў якім можна злучыць неперарыўнай лініяй; адно з асноўных паняццяў тапалогіі.

Прыклад вобласці на плоскасці — унутранасць круга (сукупнасць усіх яго пунктаў, апрача акружнасці, якая абмяжоўвае гэты круг). Сукупнасць унутр. пунктаў двух датычных кругоў — адкрытае мноства, але не з’яўляецца вобласцю (два ўнутр. пункты гэтых кругоў нельга злучыць неперарыўнай лініяй, усе пункты якой належаць гэтаму адкрытаму мноству: унутранасці кругоў не маюць агульных пунктаў). Вобласць на прамой — адкрыты інтэрвал (канечны ці бясконцы). Вобласць, дапоўненая ўсімі яе гранічнымі пунктамі, — замкнутая вобласць. Іншы раз вобласцю наз. любое адкрытае мноства ў прасторы. Паняцце вобласці можа быць без змены вызначана ва ўсялякай тапалагічнай прасторы.

т. 4, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́ЛАК Янка

(сапр. Даніловіч Антон Міхайлавіч; н. 14.11.1912, в. Лучнікі Слуцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік. Брат Алеся Змагара. Скончыў Мінскі педтэхнікум (1935). З 1935 працаваў настаўнікам у школах Бабруйскага р-на, адначасова вучыўся ў Аршанскім настаўніцкім ін-це. У пач. Айч. вайны вярнуўся ў родную вёску, выкладаў у школе, працаваў у акр. аддзеле самапомачы і ў рэдакцыі «Газэты Случчыны». У 1944 выехаў у Германію, з 1952 жыве ў ЗША. Першы верш надрукаваў у 1930. Абсяг яго паэзіі часу выгнання — вершы роздуму, суму па страчанай Беларусі і маладосці, прысвечаныя каханню, прыгажосці прыроды, гумарыстычныя. Аўтар зб-каў «За чужы грэх» (1958), «Агонь душы» (1979), аповесцей «Т.Д.Ч.» і «Ціхі Стаў».

Тв.:

Творы. Т. 1—2. [Б.м.], 1979—81;

Вятрыска з радзімай краіны: Зб. выбр. тв. Мн., 1996.

Л.С.Савік.

Літ.:

Баукова Т.В., Леменовский Д.А. Золото в химии и медицине. М., 1991.

т. 7, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)