Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АБРЫКО́С (Armeniaca),
род дрэў і кустоў сям. ружавых. Вядома 10 відаў, пераважна ў Азіі. На Беларусі культывуецца абрыкос звычайны (A. vulgaris), абрыкос маньчжурскі інтрадукаваны Цэнтр.бат. садам АН Беларусі як дэкар. расліна.
Дрэва выш. да 8 м. Засухаўстойлівая, цепла- і святлолюбівая расліна. Лісце эліпса- або яйцападобнае. Кветкі белыя, ружаватыя, распускаюцца раней за лісце. Меданос. Плод — мясістая касцянка, мае цукры, арган. к-ты, вітаміны; сушаныя плады — урук, курага. Ва ўмовах Беларусі пладаносіць 7—8 разоў за 10 гадоў, па 20—30 кг з дрэва, жыве да 40 гадоў, пач. плоданашэння на 4—5-ы год. Размнажаецца насеннем, сарты і формы — прышчэпкамі. Плады маюць радыепратэктарныя ўласцівасці, карысныя пры захворваннях сардэчна-сасудзістай сістэмы, печані, нырак. Сарты: Пінскі, Знаходка, Спадчына, Памяці Шаўчука. Асн. хваробы: парша костачкавых і клястэраспарыёз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІНЦЫРО́ЎКА (ад ням. pinzieren выдаляць канец), прышчыпка,
выдаленне верхавінкі парастка. У пладаводстве робяць у гадавальніках пры фарміраванні кроны ў раслін (абрыкос, груша, персік, яблыня) і ў садзе для рэгулявання росту парасткаў ці плоданашэння дрэў. Уручную або садовымі нажніцамі (секатарам) выдаляюць верхавінку і пакідаюць ч. парастка з 7—10 лістамі. За вегетац. перыяд П. праводзяць да 3 разоў. У агародніцтве П. робяць пры вырошчванні агуркоў (у цяпліцах), баклажанаў, брусельскай капусты, насенных раслін сталовага бурака і морквы (у адкрытым грунце); у паляводстве — пры доглядзе за насеннікамі цукр. буракоў (звычайна хім. сродкамі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАДО́ВЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,
расліны, якія вырошчваюць для атрымання ядомых пладоў; аб’ект пладаводства. Вядома больш за 200 відаў з 26 сямействаў. Пераважна дрэвы і кусты, таксама травяністыя расліны і ліяны. Падзяляюцца на семечкавыя (яблыня, груша, рабіна, глог, ірга, айва, мушмула), костачкавыя (вішня, чарэшня, сліва, алыча, абрыкос, персік), ягадныя (суніцы, маліны, парэчкі, агрэст), арэхаплодныя (ляшчына, грэцкі арэх, міндаль, фісташка), субтрапічныя пладовыя (лімон, мандарын, грэйпфрут, апельсін, інжыр, гранат, хурма, масліна), трапічныя пладовыя (банан, манга, ананас, папайя).
На Беларусі асн. П.к. — яблыня, сліва, груша, алыча, вішня, маліны і інш. Плады П.к. (садавіну) выкарыстоўваюць у харч., фармакалагічнай і парфумернай прам-сці. Селекцыйная работа па інтэнсіфікацыі пладаводства вядзецца ў БелНДІ пладаводства з 1925; выведзена больш за 150 сартоў, раянаваных на Беларусі і ў інш. краінах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ЖАВЫЯ, ружакветныя (Rosaceae),
сямейства двухдольных раслін. Больш за 120 родаў, каля 3,5 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмераным і субтрапічным паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі 24 роды, каля 70 відаў. Сярод Р. пладовыя (абрыкос, айва, вішня, груша, міндаль, мушмула, сліва), ягадныя (ажына, клубніцы, маліна, марошка, суніцы), дэкар. (глог, ружа, спірэя), лек. (дуброўка, крывасмок, лаўравішня, шыпшына) расліны. Інтрадукавана больш за 500 відаў. Некат. віды (напр., валжанкі двухдольная і звычайная, дуброўка скальная, кізільнік алаунскі, сліва калючая, або цёрн, марошка прысадзістая) занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Лістападныя і вечназялёныя дрэвы, кусты, травы. Лісце чаргаванае, радзей супраціўнае, простае ці складанае. Кветкі правільныя, пераважна двухполыя ў гронкавых, мяцёлчатых або шчытковых суквеццях. Плады рознага тыпу — сухія або сакаўныя, шматлістоўкі, каробачкі, арэшкі, касцянкі, яблыкі. Харч., лек., эфіраалейныя, тэхн., кармавыя, меданосныя, дэкар. расліны.
Літ.:
Вульф Е.В. Малеева О.Ф. Мировые ресурсы полезных растений. Л., 1969. Жизнь растений. Т. 5 (ч. 2). М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЯНЬ-ША́НЬ (кіт.Нябесныя горы),
горная сістэма ў Цэнтр. Азіі. Зах.ч. знаходзіцца пераважна ў Кыргызстане; часткова ў Казахстане, Узбекістане, Таджыкістане, усх. — у Кітаі. Цягнецца з 3 на У амаль на 2500 км. На ПдЗ Алайскім хр. злучаецца з сістэмай Паміра-Алая, на ПнУ хрыбтом Борахара з хр. Джунгарскі Алатау. Найвыш. пункты — пік Перамогі (7439 м) і Хан-Тэнгры (6995). Паводле фізіка-геагр. раянавання вылучаюць (акрамя кіт.ч.) Ц.-Ш. Зах., Паўн., Унутр. і Цэнтральны. Асн. хрыбты і ўпадзіны, што іх падзяляюць, маюць шыротнае і субшыротнае распасціранне. Рэльеф пераважна высакагорны з ледавіковымі формамі, на схілах — восыпны, вышэй за 3200 м — шматгадовая мерзлата. Буйныя міжгорныя (Ферганская, Ісык-Кульская, Нарынская і інш.) і ўскраінныя (Чуйская, Талаская) упадзіны з рачнымі далінамі, азёрамі і балотамі.
Геал. структура Ц.-Ш. ўзнікла ў выніку альпійскіх рухаў на месцы эпіпалеазойскага пенеплена, рэшткі якога захаваліся на выш. 3000—4000 м у выглядзе сыртаў. Горныя хрыбты складзены пераважна з асадкавых, метамарфічных і магматычных парод, катлавіны — з асадкавых адкладаў. Частыя землетрасенні Радовішчы руд ртуці, сурмы, свінцу, цынку, серабра, волава, вальфраму, ва ўпадзінах — нафты, каменнага і бурага вугалю і інш. Клімат рэзка кантынентальны. У далінах ніжняга пояса гор сярэднія т-ры ліп. 20—25 °C, у сярэдневышынных далінах 15—17 °C, каля падножжаў ледавікоў 5 °C і ніжэй; т-растудз. ў нізкагорнай зоне -5-8 °C, на высакагор’ях ад -17 да -22 °C, ападкаў ад 300 мм у перадгор’ях да 800 мм за год у высакагор’ях. Снегавая лінія ў Зах. Ц.-Ш. на выш. 3600—3800 м, у Цэнтр. — на выш. 4200—4450 м. Плошча сучаснага зледзянення 7,3 тыс.км² (больш за 7700 ледавікоў, найбуйн. Паўд. і Паўн. Энгільчэк, Каінды, Мушкетава). Рэкі належаць да ўнутр. басейнаў Цэнтр. Азіі, найбуйн. Нарын, Сары-Джаз, Сырдар’я, Ілі, Чу, Тарым, Канчэдар’я. Маюць пераважна ледавіковае і снегавое (летняя паводка) жыўленне. Найбуйн. азёры: Ісык-Хуль, Сонг-Кёль, Чатыр-Кёль. У Цэнтр. Ц.-Ш. выражана вышынная пояснасць ландшафтаў. Раўніны заняты гліністымі палыннымі і салянкавымі пустынямі, якія на Пд пераходзяць у палына-эфемеравыя пустыні. На падгорных раўнінах і ў нізкіх перадгор’ях паўпустыні або пустынныя стэпы з перавагай эфемераў і эфемероідаў. Вышэй за 900—1200 м — горна-стэпавы пояс, прадстаўлены злакава-разнатраўнымі стэпамі на Пн і высакатраўнымі паўсаваннамі на Пд. Вышэй за 1200—2000 м — лутавыя стэпы, хмызняковыя зараснікі і лісцевыя лясы. Лясы грэцкага арэха (на зах. схілах Ферганскага хр., паўд. схіле Чаткальскага і ў Зах. Ц.-Ш.) да 1700 м на Пн, да 2500—3000 м на Пд, змяняюцца хвойнымі з цянь-шаньскай елкі і піхты. Субальпійскія і альпійскія лугі пашыраны пераважна на паўн. схілах (на выш. 2800—3400 м). На сыртах — ландшафты халодных пустынь. На выш. 3600—3800 м — ландшафты гляцыяльна-нівальнага пояса. Ва ўнутр. далінах і катлавінах — камяністыя пустыні, паўпустыні і сухія стэпы. Жывёльны свет перадгор’яў і нізкагор’яў: грызуны, паўзуны, антылопа джэйран; у гарах — дзік, горны баран (архар), горны казёл, цянь-шаньскі мядзведзь, снежны барс, суркі; э птушак — горны індык, горная курапатка, альпійская галка, вадаплаўныя.
Пашавая жывёлагадоўля, земляробства (пераважна ў перадгор’ях і на паліўных землях). Вырошчваюць рыс, вінаград, персікі, яблыкі, абрыкос, слівы, ячмень, пшаніцу, бульбу. Запаведнікі: Ісык-Кульскі, Алмацінскі, Аксу-Джабаглы, Сары-Чэлекскі, Чаткальскі і інш.