БЕ́ЛЫЯ КУРАПА́ТКІ
(Lagopus),
род птушак сям. цецеруковых атр. курападобных. 2 віды — белая курапатка (L. lagopus) і тундравая курапатка (L.mutus). Пашыраны ў тундрах, лесастэпах і гарах Паўн. Еўразіі і Паўн. Амерыкі да Паўн. Казахстана, Паўн. Манголіі і Канады. На Беларусі белая курапатка спарадычна трапляецца ў паўн. ч. на вярховых балотах; занесена ў Чырв. кнігу.
Даўж. цела да 46 см, маса 400—900 г. Тундравая курапатка драбнейшая. Апярэнне зімой белае з чорным хвастом, летам рыжа-бурае, у самцоў тундравай курапаткі зімой чорная аброць, летам менш рыжых тонаў; у самак мяняецца 3, у самцоў 4 разы на год. Гнёзды на мохавых купінах з нізкарослай расліннасцю. Кормяцца пупышкамі дрэў, лісцем, ягадамі. На поўначы белыя курапаткі — важны аб’ект промыслу.
т. 3, с. 84
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУ́ПРАЖ,
збруя, прыстасаванне для запрагання коней і інш. запражных жывёл (вала, вярблюда, сабакі і інш.) у мэтах перавозкі грузаў, верхавой язды. Вупраж для коней бывае аднаконная і параконная, дугавая і бездугавая. У склад аднаконнай дугавой вупражы ўваходзяць хамут з гужамі і супонню, дуга, падсядзёлак, церассядзёлак, падбрушнік, шляя, аброць з цуглямі і лейцы. У аднаконнай бездугавой вупражы гужы заменены раменнымі гортамі, якія змацоўваюць хамут з аглоблямі. Параконная вупраж для дышлевага запрагання ўключае хамуты, нагрудныя рамяні, пастронкі, шлеі, аброці з цуглямі і парныя лейцы. Галоўная частка збруі верхавога і ўючнага каня — сядло, вярблюджай вупражы — аброць, лейцы і шлейкі, для аленяў і сабак у нартах — шлейкі з адным пастронкам. Валовая парная вупраж уяўляе сабой драўлянае ярмо, якое надзяваюць на шыю і прымацоўваюць да дышля.
Вупраж ярэмнага тыпу самая старажытная, вядомая з часоў неаліту. На Беларусі была пашырана ў сял. гаспадарках на ПдЗ, дзе асн. рабочай жывёлай былі валы; амаль да сярэдзіны 20 ст. рабілі ярэмную вупраж на пару валоў, якія хадзілі ў дышлевай запрэжцы. Ярмо на аднаго вала (баўкун) выкарыстоўвалася ў аглабельнай або дышлевай запрэжцы. Вынаходства шляі (прататып хамута) дало пачатак выкарыстанню каня як цяглавай жывёлы. Першыя формы коннай вупражы праніклі ў Еўропу з У праз вандроўных гунаў, авараў, венграў. На Беларусі вядомы з 11 ст. Вупраж хамутовага тыпу была пашырана па ўсёй тэрыторыі, але найб. — на Паазер’і і Падняпроўі, дзе здаўна асн. цяглавай сілай быў конь. Вупраж, пераважна выязную, упрыгожвалі (выкарыстоўвалі колер, узорыстае шытво, цісненне, дадатковыя дэкар. дэталі — бліскучыя метал. накладкі, махры і кутасы). У час урачыстых выездаў на шыю каня надзявалі шархуны з бразготкамі. Вытв-сць вупражы была цесна звязана з рымарскім, шавецкім і дрэваапрацоўчымі рамёствамі.
В.С.Цітоў.
т. 4, с. 295
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)