ПЕРАНАСПО́РА (Peronospora),
род ааміцэтавых грыбоў сям. перанаспоравых. Каля 300 відаў. Пашыраны ўсюды. Паразіты травяністых раслін, выклікаюць перонаспарозы. На Беларусі найб. вядомыя П.: бураковая (P. schachtii), капусная (P. brassicae), разбуральная (P. destructor), паразітуе на цыбулі.
Міцэлій разгалінаваны, распаўсюджваецца па міжклетніках, мае гаўсторыі рознага тыпу. Канідыяносцы дыхатамічна разгалінаваныя, завостраныя на канцы, з адзіночнымі канідыямі. На адваротным баку некратычных плям утвараюць шараваты налёт. Ааспоры шарападобныя, жаўтавата-карычневыя, знаходзяцца ў тканках раслін.
С.І.Бельская.
т. 12, с. 283
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́ТЫЙ (Pythium),
род ааміцэтавых грыбоў сям. пітыевых. Каля 140 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. вядомы П.Дэбарыяна (P. debaryanum). Развіваецца на ўсходах цукр. буракоў, агуркоў, капусты, радысу радыскі*, сеянцах елкі і хвоі. Узбуджальнік караняеду буракоў і чорнай ножкі.
Міцэлій аднаклетачны, разгалінаваны, тонкі, павуціністы. Зааспоры пры прарастанні ўтвараюць парастак. Аагоніі шарападобныя, антэрыдыі булавападобныя. Ааспоры адзіночныя, празрыстыя або карычняватыя. Паразітуюць на водных і наземных раслінах, шкоднікі с.-г. культур.
т. 12, с. 391
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРОНАСПАРА́ЛЬНЫЯ (Peronosporales),
парадак грыбоў класа ааміцэтаў. 3 сям. (перанаспоравыя, пітыевыя, цыстопавыя), больш за 500 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі больш за 70 відаў з родаў перанаспора, пітый, фітафтора, брэмія, плазмапара, склераспора і інш. Сапратрофы, паразіты і паўпаразіты. Выклікаюць некроз у раслін, перонаспарозы, гнілі.
Міцэлій не падзелены на септы, галінасты, распаўсюджваецца ўнутры- і міжклетачна, утварае гаўсторыі. Канідыяносцы разгалінаваныя, канідыі звычайна акруглыя. Некат. віды з сям. пітыевых размнажаюцца зааспорамі. Наземныя грыбы здольны ўтвараць хламідаспоры. Ааспоры ўзнікаюць у выніку палавога працэсу.
С.І.Бельская.
т. 12, с. 297
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)