ПЕРАНАСПО́РА (Peronospora),

род ааміцэтавых грыбоў сям. перанаспоравых. Каля 300 відаў. Пашыраны ўсюды. Паразіты травяністых раслін, выклікаюць перонаспарозы. На Беларусі найб. вядомыя П.: бураковая (P. schachtii), капусная (P. brassicae), разбуральная (P. destructor), паразітуе на цыбулі.

Міцэлій разгалінаваны, распаўсюджваецца па міжклетніках, мае гаўсторыі рознага тыпу. Канідыяносцы дыхатамічна разгалінаваныя, завостраныя на канцы, з адзіночнымі канідыямі. На адваротным баку некратычных плям утвараюць шараваты налёт. Ааспоры шарападобныя, жаўтавата-карычневыя, знаходзяцца ў тканках раслін.

С.​І.​Бельская.

т. 12, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)