ПРАКАПЧУ́К Андрэй Якаўлевіч (16.7.1896, в. Чамяры Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. — 13.4.1970),
бел. вучоны ў галіне дэрматавенералогіі. Акад.АН Беларусі (1940, чл.-кар. 1936), д-рмед.н. (1936), праф. (1931). Засл. дз. нав. Беларусі (1944). Скончыў Маскоўскі ун-т (1923). З 1927 у клініцы скурных і венерычных хвароб БДУ, з 1931 у Мінскім мед. ін-це (заг. кафедры), адначасова ў 1932—38 і 1945—63 у Бел. скурна-венералагічным НДІ (дырэктар). Навук. працы па марфалогіі запаленчых працэсаў скуры, абмене рэчываў, прафілактыцы, дыягностыцы, ужыванні радыеактыўных ізатопаў і стэроідных гармонаў пры скурных і венерычных хваробах. Распрацаваў і ўкараніў у практыку метад лячэння чырв. ваўчанкі акрыхінам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́КТЫКА (ад грэч. prakticos актыўны, дзейны),
матэрыяльная мэтазгодная дзейнасць людзей, накіраваная на засваенне і пераўтварэнне аб’ектыўнай рэчаіснасці; працэс пераходу набытага вопыту ва ўмовы жыцця людзей. Як сукупная дзейнасць чалавецтва ў гіст. развіцці з’яўляецца асновай грамадства і пазнання. Асн. віды П. — вытв-сць матэрыяльных даброт і П., накіраваная на сац. пераўтварэнне. Структура П. ўключае патрэбнасць, мэту, матыў, мэтазгодную дзейнасць, прадмет, сродкі і вынік. Разглядаецца ў кантэксце ўзаемаўплываў зтэорыяй. У філасофіі праблема тэорыі і П. становіцца актуальнай з 19 ст. Г.Гегель разглядаў П. як «валявую дзейнасць ідэі». Суб’ектыўныя ідэалісты сцвярджалі другаснасць П. ў адносінах да тэорыі. Вял. ролю ў пазнанні адводзілі П. прыхільнікі марксізму, сцвярджаючы дыялект. адзінства тэорыі і П. Прагматысты разглядалі каштоўнасць вучэння толькі па яго практ. выніках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́НІШНІКАЎ Дзмітрый Мікалаевіч (6.11.1865, г. Кяхта Іркуцкай вобл., Расія — 30.4.1948),
расійскі вучоны ў галіне аграхіміі, фізіялогіі раслін і раслінаводства, заснавальнік расійскай школы аграхімікаў. Акад.АНСССР (1929), акад. УАСГНІЛ (1935). Герой Сац. Працы (1945). Вучань К.А.Ціміразева. Скончыў Маскоўскі ун-т (1887) і Пятроўскую земляробчую і лясную акадэмію (1889). З 1895 працаваў у ёй (заг. кафедры), адначасова ў 1891—1931 у Маскоўскім ун-це і н.-д. ін-тах. Навук. працы па жыўленні раслін і выкарыстанні мінер. угнаенняў. Заснаваў сучаснае вучэнне аб азоцістым абмене расліннага арганізма, вызначыў ролю аспарагіну ў расліне, паказаў сінтэз яго з аміяку. Прапанаваў спосабы вывучэння жыўлення раслін, спосабы і прыёмы аналізу глеб і раслін. Прэмія імя У.І.Леніна 1926. Дзярж. прэмія СССР 1941.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТАКТЫ́НІЙ (лац. Protactinium),
Pa, радыеактыўны хім. элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 91, ат. м. 231,0359, адносіцца да актыноідаў. Вядома 20 ізатопаў з масавымі лікамі 216—218, 222—238; найб. устойлівы 231Pa (перыяд паўраспаду 3,28∙104 гадоў) уваходзіць у радыеактыўны рад урану. У зямной кары 10−10% па масе. Адкрыты ў 1917 О.Ганам і Л.Майтнер і незалежна ад іх — Ф.Содзі і Дж.Кранстанам. Назва ад грэч. prōton — першы і актыній (пры α-распадзе 231Pa утвараецца актыній-227).
Светла-шэры метал, tпл1572 °C, шчыльн. 15370 кг/м³. Вылучаюць з прыроднай сыравіны (ва уранавых рудах на 1 частку урану прыпадае ⁓3∙10−7 частак П.). Выкарыстоўваюць 231Pa як зыходны нуклід для атрымання урану-232, 233Pa (γ-выпрамяняльнік) у навук. доследах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́СТЫ СКАЗ,
сінтаксічная адзінка, што ўтворана па пэўным граматычным узоры, валодае значэннем прэдыкатыўнасці, мае ўласную семантычную структуру, выконвае акрэсленую камунікатыўную задачу, на якую ўказвае інтанацыя і пэўны парадак слоў. Напр., «З краю лесу стаіць адзінокая хатка палясоўшчыка» (Я.Колас). П.с. з’яўляецца тыповым няўскладненым увасабленнем сказа. Проціпастаўляецца складанаму сказу, ад якога адрозніваецца тым, што ў якасці грамат. асновы мае толькі адно прэдыкатыўнае спалучэнне (напр., «Бацька прыехаў на заходзе сонца» і «Бацька прыехаў, калі заходзіла сонца»), Мае складаную ўнутр. будову, таму можа аналізавацца з розных пазіцый: колькасці і якасці членаў сказа, яго структурнай схемы, рэалізаванай семантыка-сінтакс. мадэлі, камунікатыўнага задання, мадальнасці, грамат. правільнасці, лагічных і грамат. асаблівасцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫГАВО́РНЫ РУХ 1905—07,
сялянскі рух у выглядзе складання зваротаў (прыгавораў) да цара за паляпшэнне свайго становішча і перадачу яму зямлі ва ўласнасць. Стаў пашыраным пасля царскага Маніфеста ад 18.4.1905. У прыгаворах выкладаліся наспелыя патрабаванні жыхароў вёскі. Бел. сяляне выступалі з патрабаваннямі перадачы ўсіх зямель у рукі прац. люду, неадкладнай перадачы беззямельным і малазямельным сялянам казённых, удзельных і манастырскіх зямель, ліквідацыі розных перажыткаў прыгонніцтва, скасавання саслоўных інстытутаў па кіраванні сялянамі, выказваліся таксама патрабаванні роўнасці ўсіх грамадзян перад законам, увядзення ўсеаг. абавязковага бясплатнага навучання дзяцей школьнага ўзросту. П.р. сведчыў у пэўнай ступені пра царысцкія ілюзіі сялян, хоць у працэсе складання, абмеркавання і прыняцця прыгавораў сяляне арганізоўваліся і непазбежна ўступалі ў канфрантацыю з уладамі. У ідэалаг. адносінах П.р. сведчыў пра рэвалюцыянізацыю вёскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭЦЭДЭ́Т [ад лац. praecedens (precedentis) папярэдні)] судовы, вынесенае судом па канкрэтнай справе рашэнне, абгрунтаванне якога становіцца правілам, абавязковым для ўсіх судоў той жа або ніжэйшай інстанцыі пры вырашэнні аналагічнай справы. П. адыгрываў важную ролю ўжо ў рымскай юстыцыі. У некат. краінах (напр., у Вялікабрытаніі, большасці штатаў ЗША, Канадзе, Аўстраліі) П. прызнаецца крыніцай права і ляжыць у аснове прававой сістэмы. У адпаведнасці з дактрынай, што пануе ў гэтых краінах, суддзя не стварае прававой нормы, а на падставе П. фармулюе толькі тое, што вынікае з агульных пачаткаў права. У інш. краінах П. мае значэнне для рашэння пытанняў прымянення права, для папаўнення прагалаў у законе, прызнання звычаю. На аснове П. ўносяцца асобныя дапаўненні ў дзеючае заканадаўства, даецца тлумачэнне закона.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПТЭРАЗА́ЎРЫ, лятаючыя яшчары (Pterosauria),
атрад вымерлых паўзуноў падкласа архазаўраў. 2 падатр.: рамфарынхі і птэрадактылі, каля 35 родаў, 110 відаў. Вядомы з адкладаў позняга трыясу (Італія), юрскага і мелавога перыядаў на ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды і Аўстраліі. Паходзяць ад псеўдазухій. Прыстасаваныя да палёту. Насялялі прыбярэжную зону мораў і дэльты рэк (некат., магчыма, маглі і плаваць).
Цела пакрывалі густыя воласападобныя прыдаткі («поўсць»). Крылы ўтвораны скурнай складкай-перапонкай паміж пярэднімі канечнасцямі і целам (па тыпе лятучых мышэй), у размаху ад 7 см да 15 м. Шкілет лёгкі. моцны, пнеўматычны. Чэрап звял. вачніцамі і падоўжанымі сківіцамі. Мелі зубы (у некат. рагавая дзюба). Шыя падоўжаная і гнуткая. Карміліся рыбай, воднымі беспазваночнымі. паветранымі насякомымі. Магчыма, былі яйцароднымі і гамаятэрмнымі жывёламі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́РКІНЕ, Пуркінье (Purkyně) Ян Эвангеліста (17.12.1787, Лібахвіцы, Чэхія — 28.7.1869), чэшскі вучоны-біёлаг і грамадскі дзеяч. Ганаровы чл.Пецярб. медыка-хірург. акадэміі. Бацька К.Пуркіне. Скончыў Пражскі ун-т (1818). З 1823 праф. ун-та ў г. Брэслаў, у 1839 заснаваў тут першы ў свеце фізіял.ін-т: З 1850 праф. Пражскага ун-та; у 1851 заснаваў фізіял.ін-т пры гэтым ун-це. Навук. працы па фізіялогіі, цыталогіі, анатоміі, эмбрыялогіі. Адкрыў ядро яйцаклеткі, рух раснічак мігальнага эпітэлію, апісаў нейроны ц. н. с. пазваночных, шэраг гісталагічных структур, названых яго імем (клеткі і валокны П.), прапанаваў тэрмін «пратаплазма». Сканструяваў мікратом, удасканаліў мікраскапічную тэхніку. Падышоў да фармулявання клетачнай тэорыі. Змагаўся за ўвядзенне чэшскай мовы ў ВНУ, за стварэнне Нац.АН, нац.т-ра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́Ў Васіль Іванавіч (н. 15.1.1917, с. Чарналескае Будзёнаўскага р-на Стаўрапольскага краю, Расія),
савецкі военачальнік. Маршал Сав. Саюза (1983), Герой Сав. Саюза (1982). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1948) і Вышэйшыя акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1969). У арміі з 1939. У Вял.Айч. вайну на Паўд., Крымскім, Паўн.-Каўк., Закаўк., Сцяпным, Варонежскім, 1-м і 2-м Укр. франтах. Пасля вайны на штабных і камандных пасадах. У 1972—76 каманд. войскамі Далёкаўсх. ваен. акругі, у 1976—80 1-ы нам. галоўнакаманд., у 1980—85 галоўнакаманд. Сухапутнымі войскамі — нам. міністра абароны СССР. У 1977—78 адначасова ўзначальваў сав.ваен. місію па аказанні дапамогі ўраду Эфіопіі ў адбіцці агрэсіі з боку Самалі. У 1985—86 1-ы нам. міністра абароны СССР.