аўтатрофныя арганізмы (аўтатрофы), якія валодаюць здольнасцю да фотасінтэзу, маюць шчыльныя клетачныя абалонкі з цэлюлозы, запасное рэчыва, звычайна крухмал; царства жывых арганізмаў. Царства Р. уключае 3 падцарствы: багранкі, ці чырвоныя водарасці, сапраўдныя водарасці і зародкавыя, або вышэйшыя Р. (каля 350 тыс. відаў). Большасць Р. характарызуецца чляненнем цела, што прыводзіць да павелічэння паверхні. Неабходнасць гэтага абумоўлена спосабам жыўлення — паглынанне з навакольнага асяроддзя газападобнага (фотасінтэз) і вадкага (вада і раствораныя ў ёй мінер. солі) кампанентаў. Для вышэйшых Р. таксама характэрна наяўнасць вял. колькасці спецыялізаваных структур (гл.Вегетатыўныя органы, Тканка і інш.). Многія важныя асаблівасці будовы Р. вызначаюцца характарам іх росту, размнажэння, спосабам рассялення. Паходжанне Р. звязана з першымі этапамі станаўлення жыцця на Зямлі, а вянец іх эвалюцыі — кветкавыя (пакрытанасенныя), якія ўзніклі ў раннюю мелавую эпоху і цяпер займаюць дамінуючае становішча ў флоры планеты. На Беларусі 1638 відаў сасудзістых Р., 430 мохападобных, каля 7 тыс. грыбоў, 2232 водарасцей, 477 лішайнікаў. Інтрадукавана 1,5 тыс. відаў і форм драўнінных, кустовых і больш за 5 тыс. травяністых Р. (гл. таксама Расліннасць). Без Р. немагчыма існаванне жывёл і чалавека. Зялёныя Р., якія маюць у сабе хларафіл, здольныя акумуляваць энергію Сонца, утвараюць арган. рэчывы з неарган., падтрымліваюць пастаянны састаў атмасферы (паглынаюць вуглякіслы газ і выдзяляюць кісларод). Як першасныя прадуцэнтыарган. рэчываў Р. — вызначальнае звяно ў складаных ланцугах жыўлення ўсіх гетэратрофных арганізмаў (гетэратрофаў) Зямлі. Утвараюць розныя расл. згуртаванні (фітацэнозы), абумоўліваюць ландшафтную разнастайнасць планеты і неабмежаваную разнастайнасць экалагічных умоў для інш. арганізмаў. Пры непасрэдным удзеле Р. утвараюцца глеба, торф, з выкапнёвых Р. — буры і каменны вугаль. Для чалавека найб. значэнне маюць насенныя, пераважна кветкавыя Р., якія даюць ежу, вопратку, паліва, буд. матэрыялы і інш. Інтэнсіўная і не заўсёды рацыянальная дзейнасць чалавека прывяла да знішчэння натуральнай расліннасці на вял. плошчах, многія віды паставіла пад пагрозу знікнення. Таму спец. заканадаўчымі актамі, прынятымі ў большасці краін, у т. л. на Беларусі, свет Р. знаходзіцца пад аховай (гл.Ахова прыроды, Ахова раслін). Вывучае Р. батаніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРА́ЛКІН (Генадзь Васілевіч) (н. 12.2.1942, г. Ленінагорск, Казахстан),
бел. скульптар. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1976). Старшыня Саюза мастакоў Беларусі з 1990. Працуе ў галіне манум. і станковай скульптуры. Асн. тэмы ўзятыя з нар. жыцця, знітаваныя з памяццю гісторыі, нац. паданнямі. Творы вызначаюцца манументальнасцю, філасафічнасцю вобразаў, вытанчанасцю формаў: манумент шахцёрскай славы ў Салігорску (1976), мемарыяльны знак у гонар 850-годдзя Гродна (1978), станковыя кампазіцыі «Песня пратэсту» (1977), «Вясна Перамогі» (1978), «Уз’яднанне Усходняй і Заходняй Беларусі» (1979), «Яблынька» (1981), шэраг жаночых партрэтаў (1980-я г.), «Памяці В.Хары» (1987), «Музыка» (1990), «Двое», «Сын зямлі» (абодва 1991), «Лясное возера» (1992), «Кастусь Каліноўскі», «Белая Ганча», «Сумненне» (усе 1993), «Вяртанне белага анёла», «Сымон-музыка», «Адам і Ева» (усе 1994), «Скок» (1995), серыя «Прысвячэнне П.Пікаса» (1996). Афармленне інтэр’ераў драм. тэатра (у сааўт.) і Дома грамадз. абрадаў у Гродне (1970-я г).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЛО́Ў (Уладзімір Аляксеевіч) (н. 25.8.1953, г. Полацк),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1975). З 1988 у выд-ве «Мастацкая літаратура». З 1989 віцэ-прэзідэнт Бел. ПЭН-клуба. Друкуецца з 1976. Дэбютаваў вершамі. У прозе распрацоўвае гіст. тэматыку: «Добры дзень, мая Шыпшына» (1986, Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1986), «Дзень, калі ўпала страла» (1988), «Асветніца з роду Усяслава: Ефрасіння Полацкая» (1989), «Рандэву на манеўрах», «Ефрасіння Полацкая», «Прысуд выканаў невядомы: Ігнат Грынявіцкі» (усе 1992), «Міласць князя Гераніма» (1993), «Пяць мужчын у леснічоўцы», «Таямніцы полацкай гісторыі» (абедзве 1994). Героі яго твораў — патрыёты роднай зямлі, славутыя людзі Беларусі, якія памнажалі яе славу і гонар, не шкадавалі свайго жыцця дзеля шчасця Бацькаўшчыны. Аўтар зб. вершаў у прозе «Там, за дзвярыма» (1991), кн.літ.-публіцыст. артыкулаў і эсэ «Совершенно секретно», або Адзін у трох іпастасях» (1992), «Мой радавод да пятага калена» (1993). Перакладае з рус., укр., фінскай моў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРО́ДСКІ (Іосіф Аляксандравіч) (24.5.1940, г. С.-Пецярбург — 28.1.1996),
рускі паэт. Пісаць пачаў у 16 гадоў. Да 1960 быў вядомы як паэт сярод моладзі і ў неафіц. колах. У 1963 арыштаваны, у 1964 за «дармаедства» прыгавораны да 5 гадоў ссылкі з абавязковым прыцягненнем да працы. Датэрмінова вызвалены (1965) дзякуючы заступніцтву А.Ахматавай, С.Маршака, Дз.Шастаковіча і інш. У 1972 Бродскі пакінуў радзіму. Жыў у ЗША. Выкладаў рус. л-ру ва універсітэтах і каледжах. Пісаў на рус. і англ. мовах. Аўтар кніг «Перапынак у пустыні» (1967), «Канец цудоўнай эпохі» (1972), «Уранія» (1987) і інш., у якіх паказаў складаны творчы і духоўны свет паэта. Яго паэзія — у своеасаблівым творчым вымярэнні і ў той жа час яна цвёрда стаіць на рэальнай зямлі. Нобелеўская прэмія 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛЬНЫЯ ХЛЕБАРО́БЫ, свабодныя хлебаробы,
былыя прыватнаўласніцкія сяляне ў Расіі, вызваленыя ад прыгоннай залежнасці паводле ўказа цара Аляксандра I ад 20.2.1803. Памешчыкам дазвалялася адпускаць прыгонных паасобку або цэлымі вёскамі з абавязковым надзяленнем іх зямлёй за выкуп ці за выкананне павіннасцей. Калі абавязацельствы парушаліся, сялян вярталі назад. Паводле 9-й рэвізіі (1851) у вольныя хлебаробы пераведзены 137 034 душы мужчынскага полу (1 % прыгонных) з надзелам 6,9 дзес. на рэвізскую душу, да сярэдзіны 19 ст. — 151 тыс. На Беларусі вядомы толькі адзіны выпадак выкарыстання ўказа: у 1819 дзяржава выкупіла ў памешчыка 57 рэвізскіх душ з в. Жарцы Полацкага пав., «зважаючы на выдатныя паслугі, зробленыя імі ў вайне 1812 года». Да вольных хлебаробаў часта адносілі ўсіх сялян, якія сталі ўласнікамі зямлі, таму паводле 8-й рэвізіі (1834) іх налічвалася ў Віцебскай губ. 305, у Магілёўскай — 364 душы мужчынскага полу. У 1848 вольныя хлебаробы ўключаны ў склад дзяржаўных сялян на ўласных землях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЮ́РЫ (франц. allure літар. хада),
віды руху каня. Адрозніваюць алюры натуральныя і штучныя. Натуральныя алюры: хада (павольныя алюры) — конь паслядоўна падымае і ставіць на зямлю адну за адной усе 4 нагі; змена ног па дыяганалі; рысь — паскораныя алюры ў 2 тэмпы: конь перастаўляе адначасова 2 нагі па дыяганалі; інахадзь — алюры ў 2 тэмпы: конь падымае і апускае то 2 левыя, то 2 правыя нагі; інахадзь шпарчэй за рысь; галоп — скачкападобныя алюры ў 3 тэмпы з безапорнай фазай; скачок — адштурхоўванне ад зямлі наперад адначасова 2 заднімі канечнасцямі. Штучныя алюры (у конным спорце і цыркавым мастацтве): парадная хада — конь ідзе рыссю, высока падымаючы і выцягваючы ногі; пасаж — скарочаная рысь; п’яфэ — пасаж на месцы; піруэт — заднія ногі на месцы, пярэднія апісваюць поўны круг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЛЫ́ (Aquila),
род птушак атр. сокалападобных. 9 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы і Паўн. Амерыцы. Насяляюць гарыстыя, стэпавыя, пустынныя і лясныя мясцовасці. Ёсць рэдкія арлы, напр. стэпавы (арол чарах) і вельмі рэдкія, напр. іспанскі падвід арла-магільніка (A. heliaca adalberti), які ўключаны ў Чырв. кнігу МСАП. На Беларусі 5 відаў: падворлікі (вялікі і малы), беркут, арол-карлік, арол-магільнік. Найб. пашыраны малы падворлік. Іншыя трапляюцца абмежавана і ў невял. колькасці. Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. цела да 1 м, размах крылаў да 2,4 м. Апярэнне звычайна бурае. Хвост даволі кароткі. Ногі апераны да пальцаў. Гняздуюцца на зямлі, скалах ці дрэвах. Нясуць 1—3 яйцы. Кормяцца звярамі малой і сярэдняй велічыні, птушкамі, рэптыліямі, амфібіямі, зрэдку мярцвячынай. Здабычу высочваюць у палёце або падпільноўваюць, седзячы на ўзвышаным месцы. Знішчаюць шкоднікаў лясной і сельскай гаспадаркі. Арламі часам наз. і прадстаўнікоў інш. родаў драпежных птушак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАВАНІ́ЎСКІ (Сава Яўсеевіч) (29.5.1910, г. Кіраваград, Украіна — 2.5.1989),
украінскі пісьменнік. У 1927—30 вучыўся ў Адэскім і Харкаўскім с.-г. ін-тах. Друкаваўся з 1927. У паэт. зб-ках (больш за 30) «Рапартую!» (1931), «Блізкае і далёкае» (1948), «Сіняя птушка» (1980), «Вечны агонь» (1986) і інш. рамантычна-ўзнёсла апаэтызаваў рэчаіснасць, хараство бацькоўскай зямлі, лёс свайго пакалення. Аўтар п’ес «Лёс паэта» (1939), «Далёкае рэха» (1961), раманаў «Таполя на тым беразе» (1965), «Корсунь» (1972; пра героіку Вял.Айч. вайны) і інш. Уражанні ад паездак па Італіі, Германіі, Польшчы і Турцыі ў вершах і нарысах. Нарысы, артыкулы Галаваніўскага ў кн. «Паядынак» (1941), «Часопіс» (1968), «Мемарыял» (1987) і інш. На бел. мову творы Галаваніўскага перакладалі П.Глебка, А.Звонак, М.Танк, М.Калачынскі, Л.Салавей, К.Цітоў.
Тв.:
Твори. Т. 1—3. Київ, 1980—81;
Рус.пер. — Мост к людям: Размышления, воспоминания, рассказы. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖА́ВАРАНКІ,
птушкі сям. жаваранкавых атр. вераб’інападобных. 15 родаў, 78 відаў. Пашыраны пераважна ў Еўразіі, Афрыцы, Паўд. Амерыцы, Аўстраліі. Жывуць на адкрытых прасторах: палях, стэпах, горных лугах, радзей лясных палянах і інш. Ж. разуанскі (Calandrella razae) занесены ў Чырв. кнігу МСАП. На Беларусі 4 віды: Ж. лясны (Lullula arborea), Ж. палявы (Alauda arvensis) — звычайныя пералётныя птушкі: Ж. чубаты (Galerida cristata), нар. назвы смяцюх, сметнік — аселы, найб. шматлікі на Пд; Ж. рагаты (Eremophila alpestris) — пралётны.
Даўж. цела 11—25 см, маса 15—70 г. Целасклад моцны. Ногі кароткія, на заднім пальцы шпорападобны кіпцюр. Крылы доўгія. Афарбоўка апярэння зямлістая, валляка і грудзей — часта плямістая. Гнёзды на зямлі, нясуць 2—6 яец (некат. двойчы на год). Самцы многіх відаў у трапяткім палёце пяюць над гнездавой тэрыторыяй. Ж. чубаты можа імітаваць галасы інш. птушак. Кормяцца насякомымі, насеннем раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫВО́Е РЭ́ЧЫВА 1) сукупнасць жывых арганізмаў біясферы, колькасна выражаная ў элементарным хім. саставе, масе і энергіі. Тэрмін увёў рус. вучоны У.І.Вярнадскі (1926). Ж.р. звязана з біясферай матэрыяльна і энергетычна праз біягенную міграцыю атамаў у выніку дыхання, харчавання, росту і размнажэння арганізмаў. Прадстаўлена Ж.р. аўтатрофамі, гетэратрофамі, міксатрофамі. Выконвае ў біясферы вял. работу і з’яўляецца магутнай геал. сілай планетарнага характару, што вызначае выгляд Зямлі. Удзельнічае ў стварэнні арганагенных асадкавых парод (каменны вугаль, бітумы, вапняк, нафта і інш.), названых Вярнадскім біягенным рэчывам біясферы. Пры ўздзеянні Ж.р. ўтвараюцца і біякосныя рэчывы: амаль уся вада біясферы, глеба, кара выветрывання і інш. Мае спецыфічны хім. састаў (пераважаюць вадарод, вуглярод, азот, кісларод, натрый, магній, алюміній, крэмній, фосфар) і вял. сухую масу — 2,4—3,6∙1012т. Геахім. функцыі вызначаюць газавы састаў атмасферы (N2, O2, CO2).
2) Тэрмін, прапанаваны сав. біёлагам В.Б.Лепяшынскай (1950-я г.) для вызначэння пазаклетачнай субстанцыі (не выкарыстоўваецца).