даўно мінулы час, складаная дзеяслоўная форма прошлага часу старажытных славянскіх моў. У стараж.-рус. мове ўжываўся пераважна для абазначэння даўно мінулага дзеяння, якое адбылося раней за якое-н. інш. дзеянне. Утвараўся шляхам спалучэння дапаможнага дзеяслова «быти» ў форме імперфекта і аорыста адпаведнай асобы з дзеепрыметнікам на «-л», які змяняўся па родах і ліках. Са знікненнем у жывой мове аорыста і імперфекта дапаможны дзеяслоў у складзе П. ўжываўся ў форме перфекта «есмь былъ пришелъ». Паступова была страчана звязка ў складзе перфекта і ў дзеепрыметніках мужч. роду адз. л., канцавое «л» змянілася ў «ў»: «есмъ былъ пришелъ — я быў прыйшоў». П. зрэдку выкарыстоўваецца ў сучаснай бел. мове для абазначэння мінулага дзеяння, якое толькі пачыналася, але было перапынена якім-н. іншым: «Дзве хурманкі прыехалі былі на вяселле, дык і тыя сёння рана паехалі дадому» (К.Крапіва). У літ. творах зрэдку пад уплывам рус. мовы трапляюцца формы П., дзе пры дзеепрыметніку на «-л» ужываецца нязменная часціца «было»: «Следам за ім памкнуліся было злазіць і сувязныя, але Злобіч стрымаў іх» (М.Ткачоў). Аднак такое ўжыванне — парушэнне літ. нормы.
Літ.:
Булыка А.М., Жураўскі А.І., Крамко І.І. Гістарычная марфалогія беларускай мовы. Мн., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭФАРМІ́ЗМ (ад лац. praeformo загадзя ўтвараю),
вучэнне пра наяўнасць у палавых клетках арганізмаў матэрыяльных структур, якія прадвызначаюць развіццё зародка і прыкметы арганізма, што з яго ўтвараецца. Мікраскапісты 17 ст. (А.Левенгук, М.Мальпігі і інш.) лічылі, што зародак знаходзіцца ў яйцы (авізм) або семені (анімалькулізм) у сфарміраваным стане, а ў працэсе развіцця адбываецца толькі павелічэнне ў памерах празрыстых, раней нябачных тканак (вучэнне аб прэфармацыі). У 2-й пал. 18 ст. пад уплывам даных аб парушэннях развіцця, аб спадчыннасці бацькоўскіх індывід. прыкмет, здольнасці арганізма да рэгенерацыі пачало пераважаць вучэнне аб развіцці арганізмаў як шэрагу паслядоўных новаўтварэнняў (эпігенез). У канцы 19 ст. паявілася гіпатэтычная тэорыя спадчыннасці на аснове ведаў аб індывідуальнасці храмасом і іх ролі ў працэсах апладнення і спадчыннасці, якая яшчэ мела прэфармісцкі характар. З узнікненнем генетыкі гіпотэза набыла навуковае абгрунтаванне. У сярэдзіне 20 ст. выяўленне хім. прыроды генаў, механізмаў захавання і перадачы спадчыннай інфармацыі спыніла існаванне прэфармісцкіх уяўленняў у біялогіі. Сучасная матэрыяліст. тэорыя арган. развіцця ўлічвае ролю прэфарміраваных структур (генома) і надае важнае значэнне фактарам навакольнага асяроддзя, якія спрыяюць рэалізацыі генет. інфармацыі.
Літ.:
История биологии с древнейших времен до начала XX в. М., 1972. Воронцов Н.Н. Развитие эволюционных идей в биологии. М., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ТШЫЛЬДЫ (Rothschild),
сямейная фінансавая група яўр. паходжання, якая дзейнічае ў некат. краінах Зах. Еўропы і ЗША. Яе заснавальнік — Маер Амшэль Р. (1744—1812), які ўзбагаціўся на ваен. пастаўках, фін. спекуляцыях і ў 1766 стварыў у г. Франкфурт-на-Майне (Германія) уласны банк. Яго справу пераняў старэйшы сын Амшэль Маер Р. (1733—1855), іншыя 4 сыны стварылі самаст. банкі ў Лондане, Парыжы, Вене і Неапалі (апошнія 2 пазней спынілі існаванне). З часоў Венскага кангрэса 1814—15 сям’я Р. давала пазыкі дзяржавам Еўропы, фінансавала буд-ва першых еўрап. чыгунак, асабліва ў Аўстрыі і Францыі, Суэцкага канала. У 1901 спыніў дзейнасць франкфурцкі банк Р. У пач. 20 ст. дзейнасць Р. канцэнтравалася ў Парыжы (Гі дэ Р.) і Лондане; іх фін. актыўнасць пашырылася на Азію. У 2-ю сусв. вайну некалькі прадстаўнікоў Р. пакінулі Еўропу і перанеслі сваю дзейнасць пераважна ў ЗША. У 1960-я г. група пранікла ў нафтавую прам-сць і каляровую металургію. Пасля нацыяналізацыі ў 1982 «Банк дэ Ротшыльд» у Парыжы [засн. ў 1817 Якавам Р. (1792—1868)], працягваюць дзейнічаць толькі іх банкі ў Лондане [«Н.М.Ротшыльд энд санс», засн. Натанам Р. (1777—1836)] і Швейцарыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫФО́РМІНГ (англ. reforming ад reform перарабляць, паляпшаць),
перапрацоўка бензінавых і ліграінавых фракцый нафты для атрымання высокаактанавага кампанента аўтамаб. бензіну, араматычных вуглевадародаў. Адрозніваюць Р. тэрмічны і каталітычны — адзін з найважн. працэсаў нафтаперапрацоўчай прамысловасці і нафтахімічнай прамысловасці.
Р. каталітычны ажыццяўляюць пры т-ры 450—540 °C пад ціскам вадароду 0,8—3,5 МПа у прысутнасці каталізатара. Выкарыстоўваюць пераважна плацінавы ці плацінава-рэніевы каталізатары — металы (плаціна, плаціна і рэній, 0,2—0,6%), нанесеныя на паверхню аксіду алюмінію Al2O3. У якасці сыравіны выкарыстоўваюць бензінавыя фракцыі, што выкіпаюць пры т-ры 60—180 °C. Асн. рэакцыі (дэгідрыраванне 6-членных і дэгідраізамерызацыя алкіліраваных 5-членных нафтэнавых вуглевадародаў; дэгідрацыклізацыя, гідракрэкінг, ізамерызацыя парафінавых вуглевадародаў) прыводзяць да ўтварэння араматычных (гл. Араматызацыя) і ізапарафінавых вуглевадародаў. Першыя прамысл. ўстаноўкі каталітычнага Р. (1940-я г., ЗША) з алюмама-лібдэнавым каталізатарам наз. ўстаноўкамі гідраформінгу, пры пераходзе на плацінавыя каталізатары яны заменены т.зв. ўстаноўкамі платформінгу. Р. тэрмічны ажыццяўляюць пры т-ры каля 550 °C і ціску 5—7 МПа. Выкарыстоўваўся толькі для вытв-сці бензіну.
Літ.:
Катализаторы риформинга. Мн., 1976;
Промышленные установки каталитического риформинга. Л., 1984;
Маслянский Г.Н., Шапиро Р.Н. Каталитический риформинг бензинов: Химия и технология. Л., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВІ́ЦКІ (Алесь) (Аляксандр Ануфрыевіч; н. 8.1.1924, г. Полацк Віцебскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага (1958). Працаваў у полацкай газ. «Бальшавіцкі сцяг» («Сцяг камунізму»), Літ. музеі Я.Коласа, ЦККПБ. Друкуецца з 1943. Аповесць «Кедры глядзяць на мора» (1960) пра будаўнікоў Брацкай ГЭС, раман «Жанчына» (1963) пра побыт і работу працаўнікоў полацкага з-да шкловалакна. У рамане «Палын — зелле горкае» (1967) малюнкі пасляваен. калгаснай вёскі. Гал. героі аповесці «Самы высокі паверх» (1965—67, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1972) — маладыя рабочыя. Вобразы сучаснікаў у аповесці «І нічога ўзамен» (1971) і рамане «Толькі аднойчы» (1979). Трылогія «Верай і праўдай» («Верай і праўдай», 1976; «Літасці не чакай», 1982; «Памерці заўсёды паспееш», 1983) пра партызанскі рух на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Для дзяцей і юнацтва кн. «Шкляная нітка» (1970), «Радасці і нягоды залацістага карасіка Бубліка» (1993), «Прыгоды Муркі» (1997), «Дзівосы Лысай гары...» (1999), аповесці «Скажы мне праўду» (1978), «Белая знічка» (1984).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЮ́З АРХІТЭ́КТАРАЎ МІЖНАРО́ДНЫ, Міжнародны саюз архітэктараў (МСА),
міжнародная няўрадавая арганізацыя. Створаны ў 1948 у г. Лазана (Швейцарыя), сталае месцазнаходжанне штаб-кватэры — Парыж. Асн. задачы саюза: аб’яднанне на дэмакр. аснове архітэктараў усяго свету, абмен вопытам, павышэнне кваліфікацыі, умацаванне маст., навук. і прафес. сувязей паміж імі. Вышэйшы орган МСА — Асамблея (склікаецца раз у 3 гады), у час якой выбіраюцца Бюро і Савет. Быць членам саюза і прадстаўляць краіну можа толькі адна карпарацыйная арг-цыя (творчы саюз, асацыяцыя, ін-т і інш. арг-цыі архітэктараў). МСА аб’ядноўвае больш за 100 нац. секцый і рэгіянальных груп (Скандынаўскія краіны, краіны Балтыі і інш.). Нац. секцыі ўваходзяць паводле тэрытарыяльнай прыкметы ў адпаведныя рэгіёны, кожны з якіх узначальвае віцэ-прэзідэнт (Зах. Еўропа, Усх. Еўропа і Сярэдні Усход, краіны Амерыкі, Азія і Аўстралія, Афрыка). У рамках дзейнасці МСА функцыянуюць больш за 10 рабочых груп і праграм, працуюць камісія па міжнар. конкурсах (засн. Залаты медаль за выдатныя творчыя дасягненні, прызы за лепшы праект), праграма па прафес. практыцы і інш. Саюз мае кансультатыўны статус пры ЮНЕСКА, Эканам. і сац. савеце ААН. Выдаецца Бюлетэнь МСА (выходзіць раз у 2 месяцы). У 1990-я г. ў МСА уваходзіў Саюз архітэктараў Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІ́РАН,
традыцыйная гасп. пабудова для захоўвання збожжа, прадуктаў, адзення, хатняга начыння. Здаўна вядомы на Беларусі, у Літве, асобных раёнах Польшчы. Ад клецяў адрозніваецца большымі памерамі, дыферэнцыраванасцю функцыян. прызначэння, дэкар. аздабленнем. Будавалі іх пераважна з дрэва, з 18 ст. вядомы мураваныя або ў тэхніцы «прускага муру». Некат. С. набліжаліся сваім выглядам да лямусаў і скарбніц. С. былі 1-ярусныя франтальнай кампазіцыі і 2-ярусныя франтальна-яруснай і цэнтрычна-яруснай кампазіцыі. У 17 ст. ўзнік тып шматкамернага С. франтальнай кампазіцыі — падоўжаны будынак, падзелены сценамі на самаст. памяшканні, кожнае з якіх мела ўваход з галерэі, утворанай падчэнямі. Часам галерэі мелі аркады, аздаблялі іх гіркамі і інш.дэкар. элементамі. Дахі ўпрыгожвалі метал. флюгерамі. У верхнім ярусе 2-яруснага С. рабілі галерэйку, на якую вяла з ганка адкрытая лесвіца. С. цэнтрычна-яруснай кампазіцыі мелі кругавыя галерэі ў абодвух ярусах. У некат. С. пад збожжа выкарыстоўвалі толькі ніжнія ярусы, а верхнія служылі скарбніцай. На Беларусі С. былі пашыраны да сярэдзіны 20 ст.
Ю.А.Якімовіч.
Свіран у вёсцы Мяжаны Браслаўскага раёна Віцебскай вобл. Здымак пач. 20 ст.Свіран у вёсцы Чамброва Навагрудскага раёна Гродзенскай вобл. Здымак пач. 20 ст.Свіран у г. Клецк Мінскай вобл. Здымак пач. 20 ст.
чэшскі паэт.Нар. пісьменнік Чэхаславакіі (1966). Першы паэт.зб. — «Горад у слязах» (1921). Удзельнік стварэння гуртка пралет. мастацтва «Дзівасіл». У творчасці імкнуўся да паэтызацыі прозы жыцця, абапіраючыся на рэаліст. дэталі і рэліг. сімволіку. У паэт. зб-ках «Толькі каханне» (1923), «На хвалях ТСФ» (1925) апяваў радасць жыцця, экзотыку падарожжаў. Зб. «Салавей спявае дрэнна» (1926) прасякнуты трагічным светаадчуваннем. У зб-ках «Яблык з каленяў» (1933), «Рукі Венеры» (1936) звярнуўся да традыцый класічнай чэш. паэзіі — напеўнасці, меладычнасці, арганічнасці сітуацый. Асн. тэмы зб-каў «Патушыце агні» (1938), «Веер Бажэны Немцавай» (1940), «Ішоў бедны мастак па свеце» (1949) — каханне, паэзія, радзіма, прыгажосць Прагі, гісторыя чэш. культуры; зб. «Мамачка» (1954) — успаміны пра дзяцінства. У зб-ках «Канцэрт на востраве» (1965), «Адліванне званоў» (1967), «Парасон з Пікадылі» (1979) пераважае верлібр, які стаў дамінантай яго паэтыкі. Аўтар зб-каў «Моравы слуп» (1981), «Быць паэтам» (1983) і інш. На бел. мову яго асобныя вершы пераклалі А.Разанаў, М.Танк. Дзярж. прэмія Чэхаславакіі 1936, 1955. Нобелеўская прэмія 1984.
Тв.:
Бел.пер. — у кн.: Высокае неба. Мн., 1980;
У кн.: На зорных шляхах. Мн., 1991;
Рус.пер. — Прощание с весной: Избр. лирика. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЛАГІ́ЗМ (ад грэч. syllogismos разлічваю, заключаю),
від дэдуктыўнага розумазаключэння, у якім з 2 суджэнняў (пасылак), звязаных паміж сабою адным агульным сярэднім тэрмінам, атрымліваюць трэцяе суджэнне. У залежнасці ад пасылак адрозніваюць катэгарычны, раздзяляльна-катэгарычны і ўмоўна-катэгарычны С. У катэгарычным С. вывад атрымліваецца з 2 пасылак, якія з’яўляюцца катэгарычнымі суджэннямі: A ёсць B, B ёсць C, значыць A ёсць C. У раздзяляльна-катэгарычным С. ў большай пасылцы пералічваецца некалькі магчымых рашэнняў, у меншай адмаўляюцца ўсе, акрамя аднаго: A ёсць або B, або C, або D, але A не ёсць ні B, ні D, значыць A ёсць С. Ва ўмоўна-катэгарычным С. хаця б адна з 2 пасылак з’яўляецца ўмоўным суджэннем: Калі A ёсць B, то C ёсць D; A ёсць B, значыць C ёсць D. У залежнасці ад становішча сярэдняга тэрміна адрозніваюць 4 фігуры С. Кожная з іх мае па некалькі модусаў (С., якія адрозніваюцца адзін ад аднаго колькасцю і якасцю суджэнняў). Усяго існуе 256 модусаў; правільнымі, якія даюць ісціннае заключэнне, лічацца толькі 24 (гл.Сілагістыка). Вывад аднаго С. можа быць пасылкай наступнага. Такім чынам ствараецца складаны С., або полісілагізм. Гл. таксама Сілагізма аксіёма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАЧКІ́ Ў ВАДУ́,
спаборніцтвы сярод мужчын і жанчын па скачках з вышкі і трампліна ў ваду. Складаюцца з серый абавязковых і адвольных скачкоў з трампліна (выш. 1 і 3 м) і вышкі (5, 7,5 і 10 м). Існуюць 6 афіц. катэгорый скачкоў: з пярэдняй стойкі ўперад і назад, з задняй стойкі ўперад і назад, з вінтамі і са стойкі на руках (толькі з вышак). Скачкі ацэньваюцца па 10-бальнай шкале.
Як від спорту ўзніклі ў сярэдзіне 19 ст. ў Германіі. У праграме Алімп. гульняў з 1904 (мужчыны) і 1912 (жанчыны). 1-ы чэмпіянат Еўропы праведзены ў 1926, 1-ы чэмпіянат свету — у 1973. Найб. пашыраны ў Германіі, ЗША, Італіі, Кітаі, Мексіцы, Расіі, Францыі, Швецыі і інш.
На Беларусі першыя афіц. спаборніцтвы праведзены ў 1935. Зборная каманда Беларусі — бронз. прызёр чэмпіянату СССР (1977); мужчынская зборная — сярэбраны прызёр Кубка Еўропы (1995). Сярод бел. спартсменаў найб. вызначыліся У.Алейнік, А.Партноў, С.Аляксеева — бронз. прызёр чэмпіянатаў Еўропы (1989, 1995); А.Касянкоў — бронз. прызёр XXI Алімп. гульняў (1976) і чэмпіянату Еўропы (1977); М.Міхайлін — сярэбраны прызёр чэмпіянату свету (1975); А.Семянюк — чэмпіён Еўропы (1991).