МАЛЬПІ́ГІЕВЫЯ САСУ́ДЫ (ад імя М.Мальпігі),

выдзяляльныя і осмарэгулявальныя органы ў павукападобных, мнаганожак і насякомых; трубчастыя сляпыя вырасты кішэчніка на мяжы сярэдняй і задняй кішак. У М.с. прадукты абмену (напр., мачавая к-та) адсарбіруюцца з поласці цела, пераводзяцца ў стрававальны тракт, дзе абязводжваюцца, і разам з неператраўленымі рэшткамі ежы выводзяцца праз анальную адтуліну.

А.​С.​Леанцюк.

т. 10, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАЦЫ́ТЫ [ад мана... + ...цыт(ы)],

адзін з тыпаў незярністых лейкацытаў. Утвараюцца ў чырв. касцявым мозгу; дыям. 10—20 мкм, шарападобныя. Афарбоўка ядра чырвона-пурпуровая, цытаплазмы — бледная блакітна-шэрая. У крыві чалавека ў норме М. складаюць 3—11% агульнай колькасці лейкацытаў. Здольныя да фагацытозу, мігрыруюць з крыві ў тканкі і пераўтвараюцца ў макрафагаў.

А.​С.​Леанцюк.

Манацыт.

т. 10, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНЕ́РКА,

1) пасудзіна з клёпак або выдзеўбаная з дрэва, пашыраная на Беларусі ў 19 — пач. 20 ст. Дыяметр у 1,5—2 разы большы за вышыню. Мела вушкі, за якія прывязвалі вяроўку або рамень і насілі цераз плячо. Бралі М. ў поле, на сенажаць, у лес.

2) Салдацкая паходная біклажка 18—19 ст.

т. 10, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНІЕЗІЁЗЫ,

інвазійныя хваробы свойскіх і дзікіх жвачных жывёл. Пашыраны ўсюды, суправаджаюцца масавым падзяжом маладняку. Пры М. расстройваецца страваванне, бываюць сутаргі, жывёлы худнеюць. Выклікаецца цэстодамі, якія паразітуюць у кішэчніку. Паразіт развіваецца ў навакольным асяроддзі з удзелам прамежкавага гаспадара — глебавых кляшчоў арыбатыд. Носьбіты хваробы — хворыя жывёлы, якія заражаюцца пры заглынанні з травой інвазіраваных кляшчоў. Гл. таксама Гельмінтозы.

т. 10, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРО́ЗАЎ (Аляксандр Кліменцьевіч) (23.1.1906, в. Якубова Полацкага р-на Віцебскай вобл. — 9.9.1984),

поўны кавалер ордэна Славы. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з 1941 на фронце, потым у партызанах, дзе пусціў пад адхон 3 варожыя эшалоны. З 1944 на фронце, разведчык, агнямётчык. Вызначыўся ў баях на тэр. Прыбалтыкі і Усх. Прусіі.

т. 10, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РЫ ((Murray) Джозеф Эдвард) (н. 1919),

амерыканскі хірург. У 1964—84 працаваў у шпіталях г. Бостан. З 1970 праф. Гарвардскай мед. школы ў г. Кембрыдж. Навук. працы па трансплантацыі органаў. Распрацаваў методыку прадухілення рэакцыі адарвання тканак. У 1954 ажыццявіў першую перасадку ныркі, узятую ад брата-блізнюка. Нобелеўская прэмія 1990 (разам з Э.Д.Томасам).

Дж.Мары.

т. 10, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКУЛА́ЕЎ Фёдар, гравёр і ювелір 2-й пал. 17 ст. «Чаканнай і чэрневай справы жалаваны майстар». Выхадзец з Беларусі. З 1663 працаваў у Сярэбранай палаце Маскоўскага Крамля. У 1669 зрабіў чаканныя абклады абразоў, посуд і інш. начынне для маскоўскіх храмаў. Сярод інш. работ: чаканныя арлы да панцыраў і посуд для царскага двара, гравіраваныя дзярж. пячаткі.

т. 10, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ ПТУШКАФА́БРЫКА імя Н.​К.​Крупскай.

У 1945 на паўн. ускраіне Мінска арганізаваны саўгас па гадоўлі птушкі. У 1950 пераўтвораны ў птушкафабрыку імя Н.​К.​Крупскай. Асн. прадукцыя (1999): свойская птушка свежая, ахалоджаная, вэнджаная, каўбасы, сасіскі, сардэлькі, кансервы з мяса свойскай птушкі, свежыя яйкі, яечны парашок, вырабы з пуху і пер’я (падушкі і коўдры).

т. 10, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ МАШЫНАБУДАЎНІ́ЧЫ ЗАВО́Д «ТЭХНО́ЛАГ».

Дзейнічаў у 1895—1915 у Мінску. У розны час выпускаў пад’ёмныя машыны, помпы, прыводы, станкі для дрэваапрацоўкі, машыны для бровараў, маслабойні, турбіны, лесапільныя і млынавыя машыны і інш. З 1990 меў паравы кацёл і паравую машыну. У 1913 г. працавала 190 рабочых. У 1915 абсталяванне з да эвакуіравана ў Маскву.

т. 10, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ПЕДАГАГІ́ЧНЫ КАЛЕ́ДЖ імя М.​Танка.

Засн. ў 1998 у Мінску на базе Мінскага пед. вучылішча № 1 (1982). З 1995 імя М.​Танка. Спецыяльнасці (1999/2000 навуч. г.): дашкольнае выхаванне; муз. выхаванне; выкладанне бел. мовы і л-ры; пазакласная і пазашкольная выхаваўчая работа. Прымаюцца асобы з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае.

т. 10, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)