на Пд Кітая, у бас.р. Сіцзян. На З мяжуе з В’етнамам. Пл. 220,4 тыс.км². Нас. 42,2 млн.чал. (1994), пераважна кітайцы (60%), чжуаны (35%), яа, мяа, тун і інш.Адм. ц. — г. Наньнін. Большая ч.тэр. — моцна парэзаныя нізкагор’і выш. каля 500—1000 м, найб.выш.. 2185 м. На Пн — карставыя формы рэльефу. Сярэдняя т-растудз. ад 6 °C на Пн да 14 °C на Пд, ліп. — 24—28 °C. Вечназялёныя горныя лясы. Радовішчы марганцу, волава, каменнага вугалю і інш. Развіта сельская гаспадарка. Апрацоўваецца каля 15% тэрыторыі. На працягу года збіраюць 2—3 ураджаі. Асн.с.-г. культура — рыс (каля 65% плошчы). Вырошчваюць таксама батат, цукр. трыснёг, арахіс, рамі, кунжут, рапс, тытунь, фрукты. Жывёлагадоўля (цяглавая буйн. раг. жывёла, свінні). Птушкагадоўля. Вытв-сць вострых прыпраў (карыца, аніс). Лесараспрацоўкі. Рысаачышчальная, алейная, дрэваапр., папяровая, тэкст., цукр.прам-сць. Здабыча і перапрацоўка волава, марганцу, свінцу, цынку. Здабыча каменнага вугалю, металургічныя і маш.-буд. прадпрыемствы. Саматужныя промыслы (фарфор). Рачное суднаходства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ВІХ,
зрушэнне сустаўных канцоў касцей, што выклікае парушэнне функцыі сустава. Бывае поўнае ссоўванне сустаўных паверхняў (поўныя вывіхі) і частковае (няпоўныя вывіхі, падвывіхі). Адрозніваюць вывіхі траўматычныя, звычайныя, прыроджаныя і паталагічныя. Траўматычныя вывіхі бываюць ад ускосных або прамых мех. траўмаў з пашкоджаннем капсулы сустава і звязкі. Падзяляюцца на свежыя (да 3 дзён), нясвежыя (да 3—4 тыдняў) і застарэлыя (больш за месяц), у залежнасці ад стану скуры — на адкрытыя і закрытыя. Прыкметы: рэзкія болі ў пашкоджаным суставе, парушэнне яго функцыі і формы, канечнасць прымае змушанае становішча, мяняецца яе даўжыня. Лячэнне: тэрміновае ўпраўлянне вывіху, застарэлыя лечаць хірургічна. Звычайныя вывіхі найчасцей бываюць у плечавым суставе пасля няправільнага лячэння траўматычнага. Лячэнне хірургічнае. Прыроджаныя вывіхі — вынік няправільнага ўнутрычэраўнага развіцця плода (найчасцей адна- або двухбаковы вывіх сцягна). Вынік лячэння залежыць ад часу выяўлення такіх вывіхаў; позняе выяўленне патрабуе хірург. лячэння. Паталагічныя вывіхі ўзнікаюць ад развіцця ў поласці сустава ці ў сустаўных канцах касцей запаленчага працэсу, пры вялых паралічах канечнасцей ці артрапатыях. Лячэнне залежыць ад прычыны хваробы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫДА́ТКІ АБАРАЧЭ́ННЯ,
сукупнасць затрат жывой і арэчаўленай працы, выражаных у грашовай форме, на давядзенне тавару ад вытв-сці да непасрэднага спажыўца. Падзяляюцца на чыстыя і дадатковыя. Чыстыя звязаны з актам куплі-продажу, г.зн. ператварэннем таварнай формы прадукту ў грашовую. Яны не дадаюць да тавару ніякай вартасці і з’яўляюцца непрадукц. затратамі. Кампенсаванне гэтых выдаткаў абарачэння ажыццяўляецца за кошт прыбавачнага прадукту, створанага ў сферы вытв-сці. Дадатковыя выдаткі абарачэння абумоўлены працягам працэсу вытв-сці ў сферы абарачэння. Яны адносяцца да катэгорыі прадукцыйнай, паколькі дадаюць да вартасці тавару новую вартасць (дастаўка, дапрацоўка, фасоўка тавару). Крыніцай кампенсавання дадатковых выдаткаў абарачэння з’яўляецца вартасць, створаная ў самім таварным абарачэнні. Чыстыя выдаткі абарачэння складаюць прыблізна 35—40%, дадатковыя — 60—65% іх агульнай масы. З павелічэннем вытв-сці тавараў і давядзеннем іх да непасрэднага спажыўца доля чыстых выдаткаў абарачэння павялічваецца. Гэта звязана з ростам затрат на ўтрыманне прадаўцоў і гандлёвых агентаў, збытавых падраздзяленняў, транспартна-экспедытарскіх аддзелаў, маркетынгавых даследаванняў, рахункаводства, бухгалтэрыі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЧЭ́РНЯЯ (ЗМЕ́ННАЯ) АГУЛЬНААДУКАЦЫ́ЙНАЯ ШКО́ЛА,
навучальная ўстанова для прац. моладзі і дарослых; састаўная частка сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі Беларусі. Створаны ў 1943 для гар. маладзі, у 1944 — для сельскай. Да 1958 наз. школа рабочай моладзі і школа сельскай моладзі. Прымаюцца асобы ва ўзросце ад 15 гадоў. Як правіла, мае 10—12-ы класы — старэйшая ступень з 3-гадовым тэрмінам навучання (у дзённай школе 2-гадовы), аднак могуць стварацца і 9-я класы для асоб, якія заканчваюць базавую адукацыю. Асобныя вячэрнія класы адкрываюцца і пры дзённых агульнаадук. школах. Вячэрняя школа мае вочную, завочную і сесійную (для сельскай мясцовасці) формы навучання. На час экзаменаў даецца аплатны водпуск. У 1995/96 навуч.г. на Беларусі працавалі 82 вячэрнія агульнаадук. школы (20,9 тыс. навучэнцаў), у т. л. 1 для асоб з недахопамі слыху. Пры 127 дзённых школах створаны класы вячэрняга вочнага навучання; працавала група завочнага навучання (гл. таксама Вячэрняе навучанне).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМА́ЗАВЫЯ КЛЯШЧЫ́ (Gamasoidea),
група кляшчоў атр. паразітыформных. 30 сям., 3—4 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Свабоднажывучыя і паразітычныя формы. Жывуць у глебе, лясным подсціле, гнаі, норах і гнёздах млекакормячых і птушак, мурашніках, жыллі чалавека, на раслінах і інш. Многія віды паразітуюць на целе або ў органах і поласцях наземных пазваночных жывёл, чалавека. Некаторыя — пераносчыкі ўзбуджальнікаў інфекцый кляшчовага энцэфаліту, кляшчовага сыпнога тыфу, ліхаманкі Ку, тулярэміі і інш. На Беларусі каля 100 відаў. Найб. Пашыраныя гамазавыя кляшчы: курыны (Dermanyssus gallinae), пацуковы (Ornithonyssus bacoti), грызуноў (Haemogamasus nidi), андралелапс (Androlaelaps hermaphrodita).
Даўж. 0,2—4 мм. Цела прадаўгавага-круглаватае, пляскатае, укрытае хіцінавымі шчыткамі. Ногі шасцічленікавыя. На целе і канечнасцях шматлікія шчацінкі. Ротавы апарат грызуча- або колюча-сысучы. Адкладваюць яйцы або жывародныя. Развіццё непрацяглае, поўнае. За сезон могуць даваць дзесяткі пакаленняў. Пераважна драпежнікі, кормяцца дробнымі членістаногімі, нематодамі, крывёй і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРТЭ́НЗІЯ, гідрангія (Hydrangea),
род кветкавых раслін сям. гартэнзіевых. 35 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі, Гімалаях, Амерыцы. На Беларусі ў культуры адкрытага грунту 3 віды: гартэнзія дрэвападобная (H. arborescens; яе стэрыльная садовая форма — f. sterilis вызначаецца пышным і працяглым цвіценнем), гартэнзія мяцёлчатая (H. paniculata) і рознашарсцістая (H. heteromala); у бат. садах і парках трапляецца таксама гартэнзія попельная (H. cinerea); у пакаёвай культуры вырошчваюць гартэнзію буйналістую, або садовую (H. macrophylla).
Кусты, невял. дрэвы выш. 3—10 м, ліяны даўж. да 25 м. Лісце яйцападобнае або эліпсоіднае, даўж. 5—10 см, на чаранках, зубчастае або пілаватае. Кветкі двухполыя, звычайна белыя, зеленавата-, ружова- ці блакітна-белыя (у садовых і пакаёвых формах бываюць блакітныя, малінавыя, ружовыя) у буйных шчыткападобных або мяцёлчатых суквеццях. Плод — каробачка. Дэкар. расліны, выкарыстоўваюцца для адзіночных і групавых пасадак на газонах, пры афармленні ўзлескаў, у стварэнні кампазіцый. Вільгацялюбныя расліны. Абмярзаюць у паўн. раёнах інтрадукцыі. Размнажаюць насеннем, садовыя формы — адводкамі, зялёнымі чаранкамі, атожылкамі, дзяленнем куста.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖАМІ́ (Абдурахман Нураддзін ібн Ахмад) (7.11.1414, с. Джам, каля г. Нішапур, Іран — 9.11.1492),
персідскі і таджыкскі пісьменнік і вучоны. Настаўнік і сябар Алішэра Наваі. Вучыўся ў Самаркандзе і Гераце, дзе пражыў усё жыццё. Кананізаваны. Завяршыў перыяд развіцця паэзіі ўсх. краін на мове фарсі. Майстар віртуознай паэт.формы. Выступаў у шматлікіх паэт. жанрах (газель, рубаі, касыды, месняві і інш.). Раннія творы Дж. — празаічныя суфійскія і свецкія трактаты, дапаможнік па складанні рэбусаў, шарад. Аўтар прац па філасофіі, тэалогіі, л-ры, гісторыі, рыторыцы, музыцы, цыкла з 7 паэм (семярыца) «Сем карон», або «Сузор’е Вялікай Мядзведзіцы» (1480—87), зб-каў газелей «Пачатак юнацтва» (1479), «Сярэдзіна жыццёвай ніці» (1479), «Завяршэнне жыцця» (1491), зб. прытчаў «Бахірыстан» (1487) і інш. Ад ідэй рэліг. нецярпімасці і абскурантызму Дж. ўзняўся да пратэсту супраць дэспатызму і сац. несправядлівасці, ад містычнай абмежаванасці да філас. абагульненняў і пропаведзі гуманіст. ідэй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВЫ́ДАЎ (Валянцін Канстанцінавіч) (н. 22.7.1934, в. Уласава Валагодскай вобл., Расія),
бел. артыст балета. Нар.арт. Беларусі (1964). Скончыўшы студыю класічнага танца пры Ленінградскім Палацы культуры імя Горкага (1954), працаваў у т-рах Алматы і Пермі. У 1956—72 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, адначасова ў 1956—67 педагог Бел. харэаграфічнага вучылішча. Адзін з вядучых выканаўцаў гал. партый класічнага рэпертуару. Творчай манеры Давыдава былі ўласцівы высакароднасць і чысціня пластычнай формы, пачуццё стылю, эмацыянальная насычанасць танца. Сярод партый: Мікалай («Мара» Я.Глебава), Андрэй, Алесь («Падстаўная нявеста», «Святло і цені» Г.Вагнера), Зігфрыд, Дэзірэ, Прынц («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня», «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага), Альберт («Жызэль» А.Адана), Франц («Блакітны Дунай» на муз. І.Штрауса), Юнак («Шапэніяна» на муз. Ф.Шапэна), Феб («Эсмеральда» Ц.Пуні), Вацлаў («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Прынц, Рамэо («Папялушка», «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Спартак, Гармодый («Спартак» А.Хачатурана), Лені («Сцежкаю грому» К.Караева).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАДЫШКІЛІЯ́НІ (Атар Міхайлавіч) (н. 21.8.1923, г. Новачаркаск, Расія),
балетмайстар і оперны рэжысёр. Засл. арт. Расіі (1961). Засл. дз. маст. Беларусі (1970). Скончыў Дзярж.ін-ттэатр. мастацтва ў Маскве (1955). З 1955 балетмайстар у розных т-рах Расіі. З 1965 гал. балетмайстар, у 1972—76 гал. рэжысёр Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. З 1976 гал. рэжысёр Ніжагародскага т-ра оперы і балета. Д.-балетмайстру ўласцівы сцвярджэнне рэаліст. вобразнасці, пошукі ў галіне сцэн.формы. Актыўна супрацоўнічаў з бел. кампазітарамі. Першы пастаноўшчык балетаў «Альпійская балада» (1967), «Выбранніца» (1969), «Тыль Уленшпігель» (1974) Я.Глебава, «Пасля балю» Г.Вагнера (1971). Сярод інш. пастановак на бел. сцэне: балеты «Спартак» А.Хачатурана (1964), «Пер Гюнт» на муз. Э.Грыга (1966), «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева (1968), оперы «Хаваншчына» М.Мусаргскага (1970), «Пікавая дама» (1972) і «Іаланта» (1975) П.Чайкоўскага, «Дон Жуан» В.А.Моцарта (1973), «Русалка» А.Даргамыжскага (1974). У Ніжагародскім т-ры паставіў балет «Маленькі прынц» Глебава (1982).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАТЭХНІ́ЧНЫ ТУНЭ́ЛЬ,
гарызантальны або нахілены падземны вадавод замкнёнага папярочнага сячэння з напорным ці безнапорным рухам вады, які пракладваецца без раскрыцця грунту. Паводле воднагасп. прызначэння адрозніваюць гідратэхнічныя тунэлі энергетычныя (падводзяць ваду да ГЭС або адводзяць яе), ірыгацыйныя, вадаскідныя (для скіду лішкаў вады з вадасховішчаў), будаўнічыя (для часовага пропуску вады пры буд-ве гідравузла), камунальныя (водаправодныя і каналізацыйныя; у Мінску іх каля 40 км), камбінаваныя.
Будуюцца горным спосабам (з плоскімі падэшвай і сценамі, скляпеністым перакрыццем) або праходкай механізаванымі і немеханізаванымі шчытамі (круглай формы, з абдзелкай са зборнага ці маналітнапрасаванага бетону). Для бяспечнага правядзення горнабуд. работ перад пастаяннай абдзелкай робяць мацаванне — метал. арачнае, анкернае, напырск-бетоннае, камбінаванае. Абдзелка бетонная або жалезабетонная, камбінаваная (з вонкавым маналітным бетонным кальцом, унутры — стальная ці таркрэт-абалонка з проціфільтрацыйнай пракладкай або без яе). Пад тунэлем часам робяць дрэнаж, на ўваходзе і выхадзе — агалоўкі (парталы) з смеццезатрымальнымі рашоткамі і затворамі, на выхадзе — вадабойны калодзеж і інш.