КАРМЕЛІ́ТЫ,

манахі каталіцкага жабрацкага ордэна, заснаванага ў 1155 св. Бертольдам у Палесціне. Назва ад гары Кармель, дзе быў першы скіт К. Ордэн зацверджаны папам рымскім у 1247. Манахі павінны былі жыць у асобных келлях, не мець уласнасці, працаваць фізічна, строга захоўваць пасты, быць маўклівымі і г.д. У 13 ст. К. перабраліся на Кіпр, у Сіцылію, Англію і інш. краіны Зах. Еўропы. З канца 14 ст. сталі пашырацца ў Польшчы, адкуль праніклі ў ВКЛ. У 1452 зацверджаны і жаночы ордэн кармелітак. Мужчынскія кляштары К. існавалі ў Ружанах (цяпер Пружанскі р-н; з 1617), Мсціславе (з 1618), Вільні (з 1628), Глыбокім (з 1639), Гродне (з 1676), Мінску (з 1704), Пінску (з 1734), Гудагаі (Астравецкі р-н; з 1764) і інш. У 19 ст. ўсе кармеліцкія кляштары зачынены. У 1990-я г. пачала аднаўляцца дзейнасць К. у Мядзеле і Гудагаі.

т. 8, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАФТА́Н,

1) мужчынскае верхняе адзенне магнатаў і гар. знаці ў 16—17 ст. Прыйшоў з Персіі і Турцыі ў Рэч Паспалітую, адтуль трапіў у Расію. Расхінная, шырокая ў падоле вопратка з доўгімі рукавамі, якую зашпільвалі ўстык на 6—8 пятліц з гузікамі; у падоле і па баках былі разрэзы з пятліцамі. Шылі з аксаміту, парчы або дарагога сукна. У 17 ст. рабілі з багата аздобленым стаячым каўняром. Станавы К. шылі шчыльным да стану з кароткімі рукавамі. Польскі К. быў адразным па таліі; ліф шчыльна ахопліваў фігуру, ніжняе шырокае крыссе збіралі ў зборкі рукавы былі вельмі шырокімі і пышнымі каля плячэй і вузкімі ад локця да кісці.

2) Мужчынская і жаночая вопратка менш заможных слаёў насельніцтва. У 19 ст. на Беларусі найб. пашыраны К. прамога крою з адкладным каўняром, які шылі з сукна або палатна.

М.​Ф.​Раманюк.

т. 8, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЙТНЕР, Мейтнер (Meitner) Лізе (7.11.1878, Вена — 27.10.1968), аўстрыйска-шведскі фізік, адна з пачынальнікаў даследавання радыеактыўнасці. Скончыла Венскі ун-т (1905). У 1917—38 у Ін-це хіміі кайзера Вільгельма, адначасова з 1922 у Берлінскім ун-це (з 1926 праф.). З 1938 у Швецыі ў Нобелеўскім ін-це, з 1947 у Вышэйшай тэхн. школе ў Стакгольме. З 1960 жыла ў Англіі. Навук. працы па ядз. фізіцы і радыяхіміі. Адкрыла радыеактыўны элемент пратактыній (1917, разам з О.Ганам). Растлумачыла дзяленнем (тэрмін прапанаваны М.) ядраў урану вынікі доследаў Гана і Ф.​Штрасмана па бамбардзіроўцы урану нейтронамі (1939, разам з О.​Фрышам), прадказала ланцуговую ядз. рэакцыю. У яе гонар па рэкамендацыі Міжнар. саюза тэарэт. і прыкладной хіміі (1997) названы хім. элемент майтнерый. Прэмія імя Э.​Фермі 1966 (разам з Ганам, Штрасманам).

Літ.:

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 440.

Л.Майтнер.

т. 9, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАЛО́М,

вёска ў Гожаўскім с/с Гродзенскага р-на За 26 км па Пн ад Гродна і чыг. ст. Гродна. 24 ж., 10 двароў (2000).

Вядома з 14 ст., калі тут быў пабудаваны драўляны замак для аховы межаў ВКЛ ад нападаў Тэўтонскага ордэна. Пазней П. — цэнтр староства Гродзенскага пав. Трокскага ваяв. З 1569 двор П. залічаны ў каралеўскія маёнткі. З 1795 у складзе Рас. імперыі, з 1801 у Гродзенскай губ. У жн. 1861 у П. адбылося выступленне сялян супраць выканання інвентарных павіннасцей, задушанае войскамі. З 1885 вёска Гожаўскай вол. Гродзенскага пав., 131 ж., 10 двароў, касцёл. У 1921—39 у складзе Польшчы, у Гожаўскай гміне Гродзенскага пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 у Плябанішкаўскім с/с Парэцкага, з 25.11.1940 — Гродзенскага р-на. З 16.7.1954 у Гожаўскім с/с.

В.​М.​Князева.

т. 12, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯРДЛО́Ў Якаў Міхайлавіч (4.6.1885, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 16.3.1919),

савецкі паліт. і дзярж. дзеяч. З сям’і рамесніка-гравёра, ураджэнца г. Полацк. Чл. РСДРП з 1901, бальшавік з 1903. З 1904 прафес. рэвалюцыянер. Удзельнік рэвалюцыі 1905—07 на Урале. За рэв. дзейнасць 14 разоў арыштаваны, 12 гадоў прабыў у турмах і ссылках. Чл. ЦК і Рус. бюро ЦК (з 1912), сакратар ЦК партыі (з 1917). Адзін з кіраўнікоў кастр. ўзбр. паўстання 1917 у Петраградзе (гл. Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917). З 8.11.1917, застаючыся сакратаром ЦК партыі, старшыня ВЦВК Саветаў. Адзін з ініцыятараў «чырвонага тэрору» і «расказачвання». На пасяджэнні ЦК КП(б)Б 1.2.1919 абвясціў пастанову ЦК РКП(б) аб неабходнасці стварэння адзінай Літ.-Бел. Сацыяліст. Рэспублікі, на 1-м Усебел. з’ездзе Саветаў (2—3.2.1919) абвясціў пастанову Прэзідыума ВЦВК аб прызнанні незалежнасці БССР. Адзін са стваральнікаў Камуністычнага Інтэрнацыянала.

т. 14, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СНЕ́ЙДЭРС (Snyders, Snijders) Франс (11.11.1579, г. Антверпен, Бельгія — 19.8.1657), фламандскі жывапісец, майстар барочнага нацюрморта. Вучыўся ў П.​Брэйгеля Малодшага і Х. ван Балена.

Ф.Снейдэрс. Нацюрморт з дзічынай і агароднінай.

Працаваў у Антверпене; з 1609, пасля наведвання Італіі, супрацоўнічаў з П.​П.​Рубенсам, пісаў у яго карцінах кветкі, садавіну, жывёл. Самаст. творчасць пачаў з невял. нацюрмортаў з некалькіх прадметаў, гал. чынам кашоў, ваз з садавінай. Пазней перайшоў да манум. палотнаў вял. фармату з выявамі размешчаных на сталах або прылаўках вял. колькасці бітай дзічыны, садавіны, гародніны, кветак, аб’яднаных у раскошныя дэкар. кампазіцыі ў стрыманай гаме. Фігуры людзей у нацюрмортах С. выконвалі пераважна інш. жывапісны, у т. л. А. ван Дэйк, Я.​Іорданс. У позні перыяд пісаў паляўнічыя сцэны. Сярод твораў: «Кош з садавінай», «Прадавец дзічыны», «Стары кірмаш у Антверпене», «Паляванне на дзікоў», «Нацюрморт з дзічынай і агароднінай».

Я.​Ф.​Шуненка.

т. 15, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАНКЕ́ВІЧ Аляксандра Аляксандраўна (н. 25.12.1946, в. Вялікія Тупалы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1997), праф. (2000). Скончыла Томскі ун-т (1968). З 1968 у Мазырскім пед. ін-це, з 1969 у Гомельскім ун-це (з 1991 заг. кафедры). Даследуе праблемы сучаснай і гіст. лексікалогіі літ. і нар.-дыялектнай мовы, пытанні стылістыкі і культуры маўлення, методыкі выкладання лінгвістычных дысцыплін у ВНУ. Аўтар манаграфіі «Лексіка іншамоўнага паходжання ў беларускіх народных гаворках» (1996), «Зборніка практыкаванняў і тэкстаў па лацінскай мове» (1978, з Н.​Старасценка), «Практыкаванняў па лексіцы і стылістыцы» (1984, з В.​Ляшчынскай), зб. крылатых выслоўяў «Набожнае слова і антычная мудрасць крочаць побач» (1997, з У.​Анічэнкам), падручніка «Лацінская мова» (1999, з С.​Лін), «Слоўніка-даведніка асабовых імёнаў» (2001, з Н.​Фраловай), адзін з аўтараў «Слоўніка мовы Янкі Купалы» (т. 1—3, 1997—2001) і інш.

т. 15, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУПРУНЧУ́К Віктар Пятровіч (н. 7.12.1949, в. Сялец Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1976). З 1977 працаваў у «Сельской газете», з 1981 на Бел. тэлебачанні, з 1983 у час. «Полымя». У 1990—98 нам. старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі. З 1998 нам. гал. рэдактара час. «Всемирная литература», з 1999 гал. рэдактар час. «Корвет». З 2001 нач. упраўлення інфармацыі Беларусбанка. Друкуецца з 1977. Аўтар апавяданняў, аповесцей «Трэці сын» (1983), «Сяргей Сяргеевіч» (1985) на тэмы сучаснага жыцця. Раман «Жывеш толькі раз» (1988) пра вясковыя праблемы. Аповесць «Банальны дэтэктыў» (1989), раман «З крыві і плоці» (1990) пра няпростую працу міліцыі. Распрацоўвае маральна-этычныя і сац. праблемы.

Тв.:

Страсці. Мн., 1983;

Недзе баліць ля сэрца. Мн., 1986;

З плоці і крыві: Аповесць, раман, апавяданні. Мн., 1991;

Баю-бай, мой генерал. Мн., 1997.

І.​У.​Саламевіч.

т. 15, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАЛСТО́Й Дзмітрый Андрэевіч (13.3.1823, Масква — 7.5.1889),

граф, рас. дзярж. дзеяч, гісторык. Скончыў Царскасельскі ліцэй (1843). З 1848 служыў у дэпартаменце духоўных спраў Мін-ва ўнутр. спраў, з 1853 — у Марскім мін-ве. З 1861 сенатар, з 1866 чл. Дзярж. савета. У 1865—80 обер-пракурор Сінода, з 1866 міністр нар. асветы. Правёў рэформы сярэдняй адукацыі (1871), гар. вучылішчаў (1874), духоўных навуч. устаноў пры Сінодзе (1867, 1869). У 1882—89 міністр унутр. спраў Расіі і шэф корпуса жандараў, Прыхільнік «моцнай» улады, адзін з лідэраў паліт. рэакцыі 1880-х г. З дапамогай А.​Дз.​Пазухіна распрацаваў праекты «контррэформ»: «Закон аб земскіх участковых начальніках» (1889), «Палажэнне аб земскіх установах» (1896). З 1882 прэзідэнт Акадэміі навук. Аўтар прац «Гісторыя фінансавых устаноў Расіі з часоў заснавання дзяржавы да смерці імп. Кацярыны II» (1848), «Рымскі каталіцызм у Расіі» (1876).

Дз.​У.​Караў.

т. 15, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІ́ГЕР (Heeger) Алан Джэй (н. 22.1.1936, г. Сіу-Сіці, ЗША),

амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША (2001), Нац. інж. акадэміі ЗША (2002). Бацька нарадзіўся ў Віцебску. Скончыў ун-т штата Небраска ў г. Омаха (1957) і Каліфарнійскі ун-т у г. Берклі (1961). З 1962 у Пенсільванскім ун-це (з 1967 праф.), з 1982 у Каліфарнійскім ун-це ў г. Санта-Барбара. Адначасова з 1990 у карпарацыі «Юнякс» (прэзідэнт, з 1994 навук. кіраўнік і старшыня савета дырэктараў). Навук. працы па фізіцы цвёрдага цела, фізіцы металаў, фізіцы і хіміі палімераў. Разам з А.Мак-Дыярмідам (гл. Дадатак) і Х.Шыракавай адкрыў новы тып матэрыялаў — электраправодныя палімеры з высокай удзельнай праводнасцю (1977), што прывяло да стварэння і практычнага выкарыстання палімераў з эл. і аптычнымі ўласцівасцямі паўправаднікоў і металаў. Нобелеўская прэмія 2000 (з Мак-Дыярмідам і Шыракавай).

М.​М.​Касцюковіч.

А.​Дж.Хігер.

т. 17, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)